Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перш за ўсё гэта ўдарыць па кішэні», — журналіст з Бранску пра ўвядзеньне памежных зонаў


Дзяніс Пятрэнка
Дзяніс Пятрэнка

ЛБранскі журналіст Дзяніс Пятрэнка расказаў Свабодзе, як успрымаецца ў Бранскай вобласьці Расеі рашэньне ФСБ аб увядзеньні памежных зонаў зь Беларусьсю і якія наступствы яно можа мець.

Журналіст Дзяніс Пятрэнка вядомы беларускай аўдыторыі тым, што восеньню 2014 году правёў апытаньне сярод чытачоў сайта бранскага выданьня «ГородБ» наконт таго, які варыянт дзяржаўнай прыналежнасьці гораду Бранску яны б абралі. Каля 70 працэнтаў удзельнікаў апытаньня прагаласавалі тады за тое, каб Бранск стаў беларускім.

Цяпер Свабода зьвярнулася да Дзяніса Пятрэнкі па камэнтар з нагоды рашэньня расейскіх уладаў увесьці памежныя зоны на межах Смаленскай, Пскоўскай і Бранскай абласьцей зь Беларусьсю

— Вас зьдзівіла рашэньне ФСБ аб стварэньні памежных зонаў на беларуска-расейскай мяжы?

— Спачатку я зьдзівіўся, а потым падумаў — усё ж лягічна. Трэба проста разумець, як выглядае цяпер наша мяжа.

Я пэрыядычна езджу паміж Бранскам і Гомелем. Да гісторыі з Крымам і санкцыямі (дакладней — антысанкцыямі) беларуска-расейская мяжа была зусім празрыстая, як унутрыэўрапейская. Едзеш, бачыш шыльду «Беларусь» і праяжджаеш далей. Потым, калі ў Расею пайшлі фуры зь беларускімі крэвэткамі, адбыліся зьмены. На мяжы зьявіліся людзі ў форме, якія аглядалі толькі грузавікі — на звычайны пасажырскі транспарт яны ўвагі не зьвярталі. Потым сталі глядзець пашпарты ў пасажыраў на легкавых машынах, хоць рабілася гэта неяк вочы заплюшчыўшы.

Але раней мяжа была абсалютна празрыстая. Літаральна ўвосень мы здымалі відэа ў бранскай зонае адчужэньня — гэта якраз расейска-беларуская мяжа. І тады на мяне вялікае ўражаньне зрабіла колькасьць фур зь беларускімі нумарамі, якія па прасёлкавых дарогах каталіся туды-сюды. Мяркую, што беларускія крэвэткі як костка ў горле былі ў нашых уладаў. Здавалася б, нічога з гэтым ня зробіш, а тут зьявілася нагода.

— Вы маеце на ўвазе рашэньне Менску ўвесьці 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзян 80 краінаў?

Вядома, мне асабіста было б больш прыемна, калі б расейскія ўлады ўвялі аналягічны бязьвізавы рэжым і ўсіх упускалі на 5 ці 10 дзён. Але, відаць, ня ў гэтым жыцьці

— Так. Нагода сапраўды добрая. Бо гэта калізія юрыдычная, калі ў нас быццам бы празрыстая мяжа, быццам бы Саюзная дзяржава, а Беларусь уводзіць бязьвізавы рэжым з краінамі, зь якімі ў нас бязьвізавага рэжыму няма. Я яшчэ тады падумаў: а што ж зробяць нашы? Цяпер стала зразумела.

Мяне цяжка западозрыць у любові да расейскіх уладаў, але думаю, што цяпер у іх і іншага выйсьця не было. Ім трэба было неяк рэагаваць. Вядома, мне асабіста было б больш прыемна, калі б яны адрэагавалі супрацьлеглым чынам — калі б расейскія ўлады ўвялі аналягічны бязьвізавы рэжым і ўсіх упускалі на 5 ці 10 дзён. Але, відаць, ня ў гэтым жыцьці.

— А людзі ў Расеі наогул добра ведаюць пра бязьвізавы рэжым, уведзены Беларусьсю з заходнімі краінамі? Як гэта адлюстравана ў расейскай інфармацыйнай прасторы?

— Я не скажу, што гэтая тэма неяк гучна была прадстаўлена — прынамсі, мне гэта ў вочы ня кінулася. Калі я толькі пачуў пра гэтае рашэньне, я думаў, што будзе скандал. Але не — прынамсі, у мэдыях скандалу няма. Вельмі ціха прайшло.

— А што кажуць людзі ў Бранску наконт рашэньня ФСБ аб памежных зонах?

— Я прабег сёньня рэакцыі людзей на бранскіх форумах, паглядзеў, што пішуць... Радасьці я з гэтай нагоды не пабачыў. Гэта ж Беларусь, здаецца, саюзьнік.

Ну, па-першае, не зусім зразумела, што гэта значыць. Калі цяпер трэба будзе проста паказваць на мяжы пашпарт — ну фіг зь ім. А калі з афармленьнем, аглядам — гэта ўжо іншая рэч. Вось у такім ключы людзі і рэагуюць. Калі каротка: паглядзім, што будзе.

Цікава, канечне, было б яшчэ паглядзець каштарыс: у колькі абыдзецца кожнаму расейцу ўладкаваньне дзяржаўнай мяжы ўнутры Саюзнай дзяржавы. Але гэтага каштарысу мы, безумоўна, не пабачым.

— Калі ўсё ж дойдзе да паўнавартаснага памежнага кантролю, усталяваньня паўнавартаснай мяжы — наколькі гэта будзе адчувальна для жыхароў Бранскай вобласьці?

— Я думаю, гэта будзе адчувальна, безумоўна. Перш за ўсё гэта ўдарыць па кішэні. У нас досыць актыўна прадаюцца беларускія тавары, хтосьці проста з багажніка цыгарэты прадае. Рамантаваць машыны таксама часта ў Беларусь езьдзяць. То бок мурашынае варушэньне каля мяжы заўсёды адчуваецца, заўсёды нехта нешта возіць. Калі гэтыя нітачкі на нізавым узроўні абсякуцца, то гэта будзе адчувальна.

— Апошнім часам назіраецца пэўная напружанасьць у беларуска-расейскіх адносінах. А ці мяняецца праз гэта стаўленьне расейцаў да Беларусі? І ці мяняецца вобраз Беларусі ў расейскіх СМІ?

— Ведаеце... Неяк тыдзень таму, праходзячы міма тэлевізара, я са зьдзіўленьнем зьвярнуў увагу, што там «мачылі» Аляксандра Рыгоравіча (ужо ня памятаю, зь якой нагоды). Звычайна ён недатыкальны, нібыта «сьвятая карова». Пра яго рэдка кепска кажуць па расейскім тэлебачаньні. А тут неяк вельмі жорстка. Хаця, можа, гэта быў і нейкі адзінкавы выпадак.

А вось на чалавечым узроўні я дакладна ня бачу ніякіх зьменаў.

— Як лічыце, ці дойдзе да ўсталяваньня паўнавартаснай мяжы паміж Беларусьсю і Расеяй?

— Ня ведаю. Вельмі б не хацелася новых межаў. У прынцыпе, цяпер выключаць нічога нельга. Паглядзіце, як усё мяняецца — той жа Эрдаган на працягу некалькіх месяцаў быў у нас і сабакам, і найлепшым сябрам. Таму паглядзім, як будуць разьвівацца падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG