Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША заўважылі ў Беларусі прагрэс у дэмакратычных працэсах і спадзяюцца на ўмацаваньне двухбаковага супрацоўніцтва


Майкл Карпэнтэр

Майкл Карпэнтэр

28–30 сакавіка ў Менску з афіцыйным візытам знаходзіцца намесьнік памочніка міністра абароны ЗША доктар Майкл Карпэнтэр. У Пэнтагоне Майкл Карпэнтэр адказвае за Расею, Украіну і Эўразію. У сьнежні 2015 году дэлегацыі міністэрстваў абароны Беларусі і ЗША правялі кансультацыі, а цяпер Беларусь наведвае Карпэнтэр. У аўторак высокапастаўлены амэрыканскі чыноўнік правёў сустрэчу зь міністрам абароны Рэспублікі Беларусь генэрал-лейтэнантам Андрэем Раўковым і правёў прэс-канфэрэнцыю для журналістаў. 30 сакавіка Майкл Карпэнтэр сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Я падкрэсьліваю, што вельмі важна абмяркоўваць пытаньні эўрапейскай бясьпекі ў тым ліку і зь Беларусьсю. Паколькі на ўсходзе Ўкраіны, зусім побач з поўднем Беларусі, працягваецца канфлікт, гэта яшчэ адна прычына, чаму мы павінны весьці дыялёг, працягваць кансультацыі. Мы высока цэнім тую нэўтральную ролю, якую прымае Беларусь, арганізаваўшы ў сябе сустрэчы па вырашэньні ўкраінскага канфлікту. Ёсьць і іншыя шляхі — праз АБСЭ, міжнародныя структуры. Але нішто не заменіць двухбаковага дыялёгу», — такім чынам спадар Карпэнтэр абгрунтаваў важнасьць свайго візыту ў Беларусь.

У апошнія 6 месяцаў ЗША заўважылі ў Беларусі прагрэс

Палітыка ЗША ў адносінах да Беларусі заўсёды палягала ў безумоўнай падтрымцы незалежнасьці, сувэрэнітэту Беларусі, тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама ў яе імкненьні забясьпечыць у сябе большую дэмакратыю і росквіт, падкрэсьліў намесьнік памочніка міністра абароны ЗША доктар Майкл Карпэнтэр:

«І мы разьлічваем на тое, што зможам умацоўваць наша супрацоўніцтва ў двухбаковым аспэкце, на міжнароднай арэне, маючы на ўвазе тое, што цягам апошніх шсьці месяцаў заўважаны пэўны прагрэс у намаганьнях дзеля дэмакратызацыі з боку ўраду».

На ўдакладняльнае пытаньне, у чым канкрэтна за апошнія 6 месяцаў ЗША заўважылі ў Беларусі прагрэс, бо са значных падзеяў былі толькі вызваленьне палітвязьняў у жніўні 2015 году і прэзыдэнцкія выбары, спадар Карпэнтэр адказаў, што менавіта гэтыя чыньнікі яны і разглядаюць як прагрэс на шляху да дэмакратызацыі:

«У прыватнасьці, гэта вызваленьне палітычных вязьняў і негвалтоўны характар выбараў, якія адбыліся ў кастрычніку. Мы разьлічваем убачыць і іншыя крокі з боку ўраду Беларусі ў пляне таго, каб былі забясьпечаныя і пашыраныя свабода сходаў, свабода выказваньня сваёй думкі. Але гэта той фундамэнт, на якім штосьці далейшае можа базавацца, што прывядзе да паляпшэньня двухбаковых адносін у далейшым».

ЗША прапануюць Беларусі акрэдытаваць вайсковых аташэ пры амбасадах

Падчас сустрэчы зь міністрам абароны генэрал-лейтэнантам Андрэем Раўковым абмяркоўваліся пытаньні эўрапейскай і рэгіянальнай бясьпекі, а таксама магчымасьць акрэдытацыі вайсковых аташэ пры амбасадах.

«Нейкіх канкрэтных тэрмінаў і графіку пакуль няма. Пакуль была толькі прапанова. Але беларускі бок вельмі спрыяльна паставіўся да гэтай прапановы. Спадзяёмся, што гэта будзе рэалізавана бліжэйшым часам», — паведаміў Майкл Карпэнтэр.

Прадстаўнік Пэнтагона таксама спадзяецца на большую празрыстасьць і адкрытасьць у вайсковай сфэры.

Прадстаўнік Пэнтагона спадзяецца пагаварыць з Лукашэнкам пра правы чалавека, дэмакратыю

30 сакавіка намесьнік памочніка міністра абароны ЗША доктар Майкл Карпэнтэр сустрэнецца з кіраўніком Беларусі. Прадстаўнік Пэнтагона кажа, што будуць абмяркоўвацца пытаньні эўрапейскай і рэгіянальнай бясьпекі, канфлікт ва Ўкраіне, акрэдытацыя вайсковых аташэ, а таксама пытаньні большай празрыстасьці ў вайсковай сфэры. Што да іншых пытаньняў, якія ня тычацца вайсковай сфэры, спадар Карпэнтэр не выключае, што яны таксама будуць закранутыя:

«Паколькі неадʼемнай часткай нашых двухбаковых адносінаў зьяўляюцца пытаньні правоў чалавека, дэмакратыі, я думаю, яны будуць узьнятыя. Год таму адбыўся апошні візыт у Беларусь майго калегі па Дзяржаўным дэпартамэнце Эрыка Рубіна, які таксама сустракаўся з Лукашэнкам і абмяркоўваў шырокае кола пытаньняў, якія тычыліся менавіта гэтай сфэры».

«Разьмяшчэньне вайсковай базы разглядалася б як дэстабілізуючае і не неабходнае мерапрыемства»

На пытаньне журналістаў, ці існуе пагроза для Беларусі з боку Захаду, прадстаўнік Пэнтагона Майкл Карпэнтэр адказаў так:

«У цяперашні час пагрозы з боку Захаду для Беларусі не існуе, у прыватнасьці з боку НАТО і ягоных структур. Тыя дзеяньні, якія ажыцьцяўляў Захад, НАТО, носяць толькі абарончы і прапарцыйны характар у адносінах да тых агрэсіўных дзеяньняў Расеі, якія яна прадпрымае ў рэгіёне».

Што да магчымасьці разьмяшчэньня расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі, Карпэнтэр адказаў, што Беларусь — гэта сувэрэнная дзяржава, і яна мае права вырашаць, ці самой будаваць на сваёй тэрыторыі ўласныя базы, ці разьмяшчаць нечыя іншыя базы. Але, нягледзячы на тое, што гэта сувэрэннае права краіны і рашэньне застаецца за ўрадам, тым ня менш «гэта разглядалася б як дэстабілізуючае і не неабходнае мерапрыемства. Так бы яго разглядалі ня толькі мы, але і нашы хаўрусьнікі», — заявіў прадстаўнік Пэнтагона.

Пра паводзіны Расеі ва Ўкраіне і анэксію Крыму

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагона Майкл Карпэнтэр займае жорсткую антырасейскую пазыцыю і ня раз падкрэсьліваў гэта ў сваіх апошніх інтэрвію. У прыватнасьці, ён заяўляў, што ЗША ніколі не прызнаюць анэксію Крыму, і называў Расею «галоўным дэстабілізуючым фактарам у Эўропе». Сёньня на сустрэчы зь беларускімі журналістамі ён зноў казаў пра гэта:

«Цягам апошніх двух гадоў пэўную заклапочанасьць у нас выклікалі агрэсіўныя паводзіны Расеі ва ўкраінскім канфлікце, пачынаючы з анэксіі Крыму. Нам вядома пра тое, што расейскія спэцыялісты праводзілі падрыхтоўку сэпаратыстаў у Данбасе, і нам вядома пра разьмяшчэньне ўзбраеньняў і вайсковых фармаваньняў. Так што ў нас была вельмі сурʼёзная заклапочанасьць, і мы віталі менскія дамоўленасьці верасьня 2014 і лютага 2015 году, якія павінны былі прывесьці да ўрэгуляваньня канфлікту. І менавіта ў сілу такіх агрэсіўных дзеяньняў Расеі мы вельмі сурʼёзна ставімся да пытаньня бясьпекі сваіх хаўрусьнікаў па НАТО. Вельмі сурʼёзнае, адказнае для нас і нават сьвятое — гэта артыкул пяты Дамовы НАТО. Я ня бачу цяпер канкрэтнай пэўнай пагрозы, але мы робім захады дзеля ўмацаваньня бясьпекі нашых хаўрусьнікаў па НАТО на Ўсходзе.

Пра ролю ЗША ў вырашэньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны

Злучаныя Штаты Амэрыкі ўцягнутыя па дыпляматычных каналах у абмеркаваньне шляхоў урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Але плянаў па зьмене фармату «нармандзкай чацьвёркі» няма, кажа прадстаўнік Пэнтагона:

«Гэта адбываецца на розных узроўнях — у тым ліку на самым высокім узроўні прэзыдэнт Абама абмяркоўваў гэтыя пытаньні і з расейскім прэзыдэнтам, і з канцлерам ФРГ, і з прэзыдэнтамі Францыі і Ўкраіны. Так што ЗША і адыгрывалі, і працягваюць адыгрываць, і імкнуцца граць актыўную ролю ў гэтым працэсе, хоць мы і не зьяўляемся часткай „нармандзкага фармату“. Няма ніякіх канкрэтных плянаў па зьмене фармату „нармандзкай чацьвёркі“.

Мы чакалі, што да канца 2015 году будуць рэалізаваныя менскія дамоўленасьці, але, на жаль, у сакавіку 2016 году мы бачым, што гэтага не адбылося. Няма заўважнай тэндэнцыі па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны. Працягваюцца парушэньні па рэжыме спыненьня агню, назіральнікаў АБСЭ не дапускаюць у канфліктныя рэгіёны, сэпаратысты не дазваляюць рэалізаваць умовы для правядзеньня ў рэгіёне нармальных выбараў. Усё гэта — прадмет нашай заклапочанасьці, і мы будзем імкнуцца да таго, каб працягваць адыгрываць пазытыўную ролю ў працэсе ўрэгуляваньня сытуацыі па дыпляматычных каналах».

XS
SM
MD
LG