Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жонка Статкевіча: «Мікола мяркуе, што суд адбудзецца цягам месяца»


Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Як мяркуе Мікалай Статкевіч, суду над ім паводле абвінавачаньняў у парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня варта чакаць цягам месяца, а вынікам можа быць зьмяшчэньне ў крытую турму. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміла жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

«Як бы ні было прыкра і мярзотна, але гэтыя зьвесткі — абсалютна чаканыя. Даўно казала, што ад гэтай калёніі ў мяне ўражаньне дэжавю — што гэта ўсё ўжо было. Няма ніякіх ілюзіяў, што яны самі бяруць на сябе такія рашэньні. Тое, што Міколу паўторна накіравалі менавіта ў гэтую калёнію, таксама не выпадковасьць. Нагадаю, што ўжо ў першыя два дні Міколу былі вынесеныя спагнаньні. Цяпер ён у памяшканьні камэрнага тыпу, дзе, як паведамляе, нічога не зьмянілася з былых часоў. Магчыма, яны там маюць іншае памяшканьне, каб паказаць грамадзкасьці, але тое, дзе знаходзіцца Мікола, — гэта памяшканьне бяз вокнаў, зь цёмна-сінімі сьценамі, там толькі электрычнае сьвятло, прагулкі ён мае толькі паўгадзіны на дзень. Ён ужо мае на ўчорашні дзень 13 спагнаньняў. Адміністрацыя вырашыла накіраваць ягоную справу ў суд, каб да канца тэрміну вярнуць яго ў турму. Мікола мяркуе, што ўсё гэта адбудзецца цягам месяца, а куды яго накіруюць, яму невядома».

Мікалая Статкевіча ўжо пазбавілі спатканьняў і перадач. Марына Адамовіч кажа, што з канца сакавіка ад мужа не даходзяць лісты, даўно не было і тэлефанаваньняў. Тым часам палітвязьня рэгулярна наведвае адвакат.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году, калі ў Беларусі праходзілі апошнія прэзыдэнцкія выбары. Пасьля суду ў 2011 годзе цягам паўгода Мікалая Статкевіча трымалі ў шклоўскай калёніі, дзе яго прызналі злосным парушальнікам рэжыму і асудзілі да адбыцьця пакараньня цягам 3 год ва ўмовах крытай турмы. Калі гэты тэрмін скончыўся, Мікалая Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калёнію. Там палітвязень пагаджаўся працаваць на дрэваапрацоўцы, але яго накіравалі на гэтак званае самаабслугоўваньне — прыбіраць тэрыторыю. Пэўны час выконваў гэтыя працы, але потым, калі яму павялічылі плошчу, якую ён мусіў прыбіраць, адмовіўся. Пазьней стала вядома, што на Мікалая Статкевіча наклалі некалькі спагнаньняў і зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу.

Як ацэньваюць сытуацыю зь Мікалаем Статкевічам праваабаронцы? Ці можна меркаваць, што новы ціск на Статкевіча зьвязаны з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі? Праваабаронца зь «Вясны» Валянцін Стэфановіч кажа пра сыстэму ў абыходжаньні з палітвязьнямі.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Выглядае на тое, што ўлады не зьбіраюцца выконваць гэтыя патрабаваньні і беларускай грамадзянскай супольнасьці, і міжнароднай супольнасьці. А ў кантэксьце ўсіх апошніх падзеяў спраўджваецца прагноз пра павелічэньне рэпрэсіяў. Бо чым бліжэй да выбараў, тым больш мы бачым рознага кшталту рэпрэсіяў. Можна нагадаць справу Дзядка, справу Рубцова, вось цяпер, магчыма, новы суд чакае Статкевіча. Калі шчыра, вельмі апасаюся, што да яго могуць ужыць і 411 артыкул, як да Дзядка, бо тут ва ўладаў заўсёды рукі разьвязаныя. І калі ўзяць усё гэта ў сукупнасьці, то гэта яўная дэманстрацыя ўладаў, што яны не жадаюць вызваленьня палітвязьняў.

Гэта мы бачым і па падзеях у рэгіёнах — нагадаю пра ціск на нашага калегу з Гомеля Леаніда Судаленку, пра ціск на праваабаронцаў у Магілёве. Таму, калі казаць пра дыялёг беларукіх уладаў з Захадам, дык беларускі бок проста імітуе спробы размаўляць з Эўразьвязам, а насамрэч ідзе захаваньне статус-кво і адсутнасьць якіх-колечы саступак. Справа Мікалая Статкевіча гэта толькі падкрэсьлівае».

Датэлефанавацца да шклоўскай калёніі не ўдалося — ніводзін з нумароў не адказаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG