Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інжынэр выдае зомбі-хорар пра Агінскага. «Кніга выйдзе ўвосень, калі паўстануць мерцьвякі»


Міхал Клеафас Агінскі прыяжджае ў Маладэчна пасьля вайны 1812 году і змагаецца тут зь мерцьвякамі, якія паажывалі — забітымі францускімі жаўнерамі.

Псэўдагістарычны зомбі-хорар «1813» выдае Ўладзімер Садоўскі. Грошы на выданьне электроннай кнігі ён сабраў на краўдфандынг-пляцоўцы Ulej.

Па белліту і белмове ў атэстаце ў мяне 4 з 10 балаў

29-гадовы Ўладзімер Садоўскі больш за ўсё вядомы па сваім блогу пра «карчы» — старыя аўтамабілі, якія ён фатаграфуе на вуліцы. Яшчэ ён піша гістарычныя артыкулы, водзіць экскурсіі па родным Маладэчне, цікавіцца міжваеннай архітэктурай і піша фантастычныя апавяданьні, якія публікаваліся ў «Маладосьці» і «Дзеяслове».

Уладзімер Садоўскі працуе інжынэрам, але пасьпявае яшчэ шмат чым займацца. У тым ліку літаратурай
Уладзімер Садоўскі працуе інжынэрам, але пасьпявае яшчэ шмат чым займацца. У тым ліку літаратурай

Пры гэтым асноўная праца Садоўскага — інжынэрная. Ён скончыў энэргафак БНТУ і працуе праектыроўшчыкам у галіне электраэнэргетыкі. Проста ў школе ён больш дбаў пра тэхнарскія прадметы — матэматыку і фізыку. А па беларускай мове і літаратуры мае 4 з 10 балаў у атэстаце.

«Адзнакі ў школе — не паказчык. Часта ўрокі белмовы не прышчапляюць любові да яе. Да гэтага я прыйшоў ужо самастойна і пасьля школы»
Уладзімер Садоўскі

Але і свой блог, і свае апавяданьні, і аповесьць пра Агінскага Садоўскі піша прынцыпова па-беларуску.

«Гэта маё эгаістычнае жаданьне „ўзбагаціць“ беларускую літаратуру творам пра зомбі».

Яшчэ адна прынцыповая рэч — маладэчанскі кантэкст. У «1813» Садоўскі аднавіў маладэчанскі замак, вакол якога разгортваецца змаганьне Агінскага з французамі, якія паўсталі зь мёртвых.

У сваім блогу Садоўскі выкладвае невядомыя фота Маладэчна
У сваім блогу Садоўскі выкладвае невядомыя фота Маладэчна

«Я даўно хацеў увесьці ў літаратурны кантэкст маю радзіму — Маладэчна. Калі я пісаў гэты тэкст, я ўяўляў гэтую зямлю тых часоў, гэта вельмі спрыяла напісаньню»
Уладзімер Садоўскі

Падзеі ў аповесьці выдуманыя, але гістарычныя дэталі сапраўдныя. Будучы краязнаўцам, Садоўскі падрабязна апісаў будынкі Маладэчна, якіх цяпер ужо няма.

«Калі пісаў тэкст, я больш даведаўся пра Маладэчна. Вось трэба ўвесьці нейкую новую лякацыю, і ты пачынаеш шукаць, што б пасавала для аповесьці. Як той жа кляштар трынітарыяў, які тады існаваў. Я падняў гісторыю, дзе ён знаходзіўся, як ён выглядаў, і ўсё гэта ўвайшло ў аповесьць».

Оды Агінскаму не зьбіраўся пісаць

Займацца літаратурай Садоўскі пачаў пасьля ўнівэрсытэту. Калі наведваў літаратурны гурток пры маладэчанскім Палацы культуры, зьверху «спусьцілі прапанову» напісаць пра ўнёсак Міхала Клеафаса Агінскага ў культурнае разьвіцьцё Маладэчанскага рэгіёну.

Садоўскі не зьбіраўся пісаць оды Агінскаму. Яшчэ тады ён вырашыў, што калі і напіша пра кампазытара, дык гэта будзе нешта ў стылі зомбі.

«Зомбі-хорар мне гэтаксама цікавы, як і гісторыя. Усе гэтыя фільмы пра зомбі і кампутарныя гульні... Хацелася спалучэньня клясыкі, ад якой нудзіць у школе, і такой мэйнстрымавай тэмы, як зомбі»
Уладзімер Садоўскі

Сапраўднага хорару ў беларускай літаратуры ён не чытаў. Ёсьць фантастыка яшчэ з XIX стагодзьдзя ад Яна Баршчэўскага, ёсьць жахлівыя сцэны ў гістарычных раманах Караткевіча. Але чыстым хорарам Садоўскі натхняўся з заходніх твораў.

«Ня ў курсе, ці ў нас нешта такое ёсьць, бо я па-за літаратурнай супольнасьцю, — кажа Садоўскі. — У мяне ёсьць некалькі знаёмых пісьменьнікаў і паэтаў, а так я асоба не ў тусоўцы».

У кнізе будуць ілюстрацыі Рамана Пятрашкі
У кнізе будуць ілюстрацыі Рамана Пятрашкі

«У сьпісе спонсараў шмат незнаёмых імёнаў — гэта прыемна»

Свой зомбі-хорар Садоўскі напісаў яшчэ ў 2012 годзе. Цягам двух месяцаў аддаваў яму па некалькі гадзін пасьля працы. Калі кніга была гатовая, даў яе пачытаць сваім сябрам. Менавіта яны выступілі ў ролі рэдактараў. Па сяброўскіх заўвагах Садоўскі ўнёс праўкі ў кнігу.

«Мае сябры ўсе ў тэме. Яны любяць хорар, зомбі, фантастыку, і ім вельмі спадабалася кніга. Але ня ведаю, як больш шырокая аўдыторыя ўспрыме гэты тэкст. Можа, пачытаюць людзі і скажуць: „Пфф, лухту нейкую напісаў“»
Уладзімер Садоўскі

Выдаць кнігу Садоўскі хацеў яшчэ раней. Дасылаў тэкст у адно выдавецтва, але яму прапанавалі сьпярша дапрацаваць яго.

Сёлета ж адкрылася kniharnia. by, якая выдае электронныя кнігі. Такі варыянт Садоўскага зацікавіў больш, чым папяровае выданьне.

«Мне такая ідэя больш блізкая, таму што я сам гады тры не купляю папяровых кніг, а чытаю ўсё ў электронным выглядзе. Думаю, шмат хто так робіць».

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Прэзэнтацыя будзе ўвосень, калі ападзе лісьце і паўстануць мерцьвякі

Хоць кніга і электронная, але падрыхтоўка да выданьня такая самая, як і ў выпадку з папяровай. Адпаведна, кошты на выданьне таксама вялікія. З улікам карэктуры, вёрсткі, прысваеньня нумару ISBN набегла 850 рублёў.

Здабыць грошы Садоўскі вырашыў праз краўдфандынгавую пляцоўку Ulej. Думаў, праўда, што зьбярэцца ня больш як 40%.

«Тут падключылася kniharnia. by і праз свае крыніцы распаўсюдзіла інфармацыю. Сябры мяне парадавалі, і ў сьпісе спонсараў шмат знаёмых імёнаў. Але шмат і незнаёмых — гэта прыемна».

На сёньня ўжо сабраная ўся сума. Але да 9-й раніцы суботы яшчэ можна пералічыць 3 рублі за перадзамову кнігі. Прыкладна такі кошт кнігі будзе потым на kniharnia.by.

Таксама Садоўскі мае прапанову надрукаваць комікс па матывах «1813». Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Кнігу прэзэнтуюць увосень
Кнігу прэзэнтуюць увосень

Цяпер кнігу рыхтуюць да выданьня. Акрам аповесьці ў яе ўвойдуць яшчэ шэсьць кароткіх апавяданьняў Садоўскага. Прэзэнтаваць мяркуюць у кастрычніку: «акурат калі ападзе лісьце і паўстануць мерцьвякі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG