Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў загаварылі пра саюз — гэтым разам валютны


Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у Казахстане

Нурсултан Назарбаеў, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін у Казахстане

У Астане 20 сакавіка прайшлі перамовы кіраўнікоў Беларусі, Казахстану і Расеі, якія адкладаліся зь мінулага тыдня. У заяве для прэсы па выніках трохбаковай сустрэчы Ўладзімер Пуцін адзначыў, што перамовы не былі працяглымі, але падчас іх быў абмеркаваны «ўвесь комплекс узаемаадносін паміж Расеяй, Беларусьсю і Казахстанам». Аглядальнікі зьвяртаюць увагу на тое, што расейскі прэзыдэнт правёў двухбаковую сустрэчу з Нурсултанам Назарбаевым, а вось асабістай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна не адбылося.

Аналітыкі, якія непасрэдна з Астаны асьвятлялі сустрэчу трох кіраўнікоў, найперш зьвяртаюць увагу на тое, што Ўладзімер Пуцін узьняў пытаньне пра валютны саюз трох краін:

«Дамовіліся з партнэрамі працягнуць каардынацыю манэтарнай палітыкі. Думаем, прыйшоў час пагаварыць і пра магчымасьць фармаваньня ў пэрспэктыве валютнага саюзу. Працуючы плячо ў плячо, прасьцей рэагаваць на зьнешнія фінансава-эканамічныя пагрозы, абараняць наш сумесны рынак».

«Валютны саюз не адносіцца да першых этапаў эканамічнай інтэграцыі чатырох краін Эўразійскага эканамічнага саюзу. Яшчэ ня пройдзеныя першыя фазы інтэграцыі, а расейскі прэзыдэнт ужо ўздымае валютнае пытаньне», — адзначае экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка:

«Чаму Пуцін пачаў пра гэта гаварыць? Мне падаецца, што гэта яго спроба ўмацаваць дачыненьні ўнутры гэтага саюзу яшчэ больш. Валютны саюз дазваляе адабраць яшчэ болей эканамічнай незалежнасьці ў краін саюзу. І адабраць іх на карысьць Расеі. Бо калі валютны саюз будзе стварацца, то ён будзе збудаваны на правілах Расейскай Фэдэрацыі, паколькі гэта самая моцная эканоміка сярод усіх чатырох. Эмісійны цэнтар і цэнтар кіраваньня манэтарнай палітыкай будзе ў Маскве. А гэта фактычна адразае ўсе магчымасьці нашых уладаў кіраваць асобнымі працэсамі ў эканоміцы Беларусі. І гэта яўна ўжо праглядаецца».

Валютны саюз дазваляе адабраць яшчэ болей эканамічнай незалежнасьці ў краін саюзу. І адабраць іх на карысьць Расеі

Калі задаць пытаньне: каму больш сёньня патрэбная сустрэча сам-насам з Пуціным — Назарбаеву ці Лукашэнку — то, я думаю, усё ж прэзыдэнту Казахстану, — кажа Свабодзе аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:

«Бо празь месяц ён мае прэзыдэнцкія выбары. І гэтая сустрэча была знакам для казахстанскіх выбарцаў, каго падтрымлівае Расея.

Я думаю, што Лукашэнка, вядома, хацеў бы правесьці двухбаковую сустрэчу, але асноўныя пытаньні былі абмеркаваныя ў трохбаковым фармаце. Гэта — агульнаэканамічныя: таваразварот паміж краінамі ЭАЭС падае. Гэта — пытаньне Ўкраіны і лёсу менскіх дамоўленасьцяў. Напэўна, Беларусь і Казахстан хацелі даведацца ў Пуціна пра ягоныя памкненьні. Яны б не хацелі, каб сытуацыя абвастрылася. Гэта — мажлівае пашырэньне санкцыяў з боку Захаду. А яно ўдарыць па фінансавым рынку ня толькі Расеі, але і Беларусі, і Казахстану».

Дарэчы, Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым таксама пажадаў кіраўніку Казахстану перамогі на пазачарговых выбарах:

«Мы за вас перажываем і жадаем вам перамогі».

Пазачарговыя выбары прэзыдэнта Казахстану ўказам кіраўніка дзяржавы прызначаныя на 26 красавіка сёлета. Назарбаеў — нязьменны лідэр незалежнага Казахстану ад 1991 году. Наступны тэрмін прэзыдэнцтва можа стаць для яго пятым.

«Постсавецкімі краінамі кіруюць прадстаўнікі пакаленьня, якое вырасла ў Савецкім Саюзе», — адзначае сябра Палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

«А ў гэтых людзей такое паняцьце, як сьціпласьць, адсутнічае цалкам. Павінна ўсё ж быць нейкае пачуцьцё меры. А яго няма.

Мне здаецца, што гэтыя людзі ўспрымаюць сваю ўладу як нешта больш важнае, чым усё астатняе і ў іх жыцьці, і ў жыцьці іхніх краін. А насамрэч гэта ня так. Толькі вось бяда ў тым, што звычайныя людзі ўжо нічога ня могуць з гэтым зрабіць. Вось што і характарызуе сытуацыю».

Паведамляецца, што Пуцін, Назарбаеў і Лукашэнка зноў сустрэнуцца 8 траўня ў Маскве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG