Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваная база 40 тысяч супрацоўнікаў НКВД часоў Вялікага тэрору


Генэральны камісар дзяржбясьпекі Мікалай Яжоў гутарыць зь Ёсіфам Сталіным
Генэральны камісар дзяржбясьпекі Мікалай Яжоў гутарыць зь Ёсіфам Сталіным

Міжнароднае таварыства «Мэмарыял», які называе сваёй мэтай захаваньне памяці пра палітычныя рэпрэсіі ў Савецкім саюзе, апублікавала даведнік «Кадровый состав органов государственной безопасности СССР. 1935-1939» — базу кароткіх зьвестак пра 39 950 супрацоўнікаў Народнага камісарыяту ўнутраных справаў СССР (НКВД).

На момант публікацыі сайт працуе нестабільна.

Як сьцьвярджае «Мэмарыял», у даведнік увайшлі практычна ўсе, каму было нададзенае адмысловые званьне з восені 1935 па сярэдзіну 1939 году. Галоўнай крыніцай зьвестак для даведніка сталі загады НКВД па асабістым складзе. У даведніку прыведзеныя нумары і даты загадаў аб прысваеньні адмысловых званьняў і аб звальненьні з НКВД, зьвесткі аб займаемай на момант звальненьня пасадзе, а таксама інфармацыя аб атрыманых дзяржаўных узнагародах і аб узнагароджаньні знакамі «Ганаровы работнік ВЧК-ГПУ». Гэтая інфармацыя дапоўненая зьвесткамі зь іншых крыніцаў, у тым ліку пра загінулых у час Другой усясьветнай вайны і рэпрэсаваных.

Асобна можна шукаць супрацоўнікаў НКВД, якія служылі ў БССР.​

Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў каля будынка КДБ у Менску, 29 кастрычніка 2015 году
Акцыя памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў каля будынка КДБ у Менску, 29 кастрычніка 2015 году

«Вялікім тэрорам» называюць пэрыяд найбольш масавых палітычных рэпрэсіяў у СССР. Пік рэпрэсіяў прыйшоўся на 1937-38 гады, калі з палітычных матываў былі расстраляныя бяз малага 700 тысяч чалавек. За адну «Чорную ноч» 29-30 кастрычніка 1937 году ў сутарэньнях унутранай турмы НКУС у Менску, так званай «амэрыканкі», было расстраляна больш за 100 дзеячоў беларускай культуры.

Агулам за савецкі пэрыяд у розных крыніцах называюць ад 11 да 39 млн ахвяраў, у тым ліку расстраляных, вязьняў ГУЛАГ, дэпартаваных, пазбаўленых правоў, памерлых з голаду і гэтак далей. Дакладную лічбу рэпрэсаваных сёньня высьветліць немагчыма: архівы КДБ дагэтуль закрытыя для дасьледнікаў.

У сабранай Радыё Свабода «Картатэцы Сталіна» пералічаныя больш за 60 тысяч ахвяраў бальшавікоў у Беларусі — ды гэта хіба дзясятая частка ахвяраў. Нядаўна на сайце Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру запрацаваў пошук рэпрэсаваных, што ахоплівае больш як 50 спэцыялізаваных сайтаў (у тым ліку «Картатэку Сталіна»), на якіх знаходзяцца сьпісы, базы зьвестак, кнігі памяці або ёсьць любая іншая інфармацыя пра пацярпелых ад камуністычнага рэжыму.

Урочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў пад Менскам
Урочышча Курапаты — месца масавых расстрэлаў пад Менскам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG