Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін будуе VIP-шпіталь для сябе і блізкіх паплечнікаў


Крэмль плянуе будаўніцтва эксклюзіўнай клінікі, дзе будуць абслугоўвацца асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін і яго бліжэйшыя паплечнікі. Пра гэта Reuters паведамілі некалькі крыніц, знаёмых з праектам.

Клініка ў тры паверхі плошчай 12 тысяч квадратных мэтраў будзе разьмяшчацца на тэрыторыі цяперашняга «крамлёўскага» шпіталя ў Падмаскоўі (Цэнтральнага клінічнага шпіталя). Яна будзе разьлічаная на знаходжаньне ўсяго толькі 10 пацыентаў адначасова і месцы ў ёй будуць зарэзэрваваныя для прэзыдэнта, прэм’ера і некалькіх іншых важных асобаў.

Кошт праекту складзе каля 2,9 мільярда рублёў (48 мільёнаў даляраў). Акрамя VIP-палатаў, якія будуць абсталяваныя ўсім неабходным, у будынку таксама будзе басэйн, канфэрэнц-заля на 50 чалавек, некалькі пакояў для нарадаў і памяшканьні для аховы. Дзьве палаты будуць мець плошчу крыху меншую за 200 квадратных мэтраў кожная. Будынак будзе абсталявана прэзыдэнцкай і ўрадавай сувязьзю.

Прэс-сакратар Упраўленьня справамі прэзыдэнта Алена Крылова пацьвердзіла пляны ўзьвядзеньня клініка-паліклінічнага аддзяленьня. Рашэньне аб яго будаўніцтве і праектаваньні было прынятае Ўпраўленьнем справамі прэзыдэнта ў ліпені 2015 году ў адпаведнасьці з канцэпцыяй разьвіцьця Цэнтральнага клінічнага шпіталя.

Пуцін ніколі ня скардзіўся на здароўе, аднак прэзыдэнту Расеі ўжо 64 гады, нагадвае Reuters. Калі ён пераможа на наступных выбарах, то застанецца ў Крамлі да 2024 года, калі яму споўніцца 71 год. Сярэдні ўзрост яго асяродзьдзя таксама каля 63 гадоў.

Цэнтральны клінічны шпіталь — мэдычная ўстанова Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Ён быў створаны распараджэньнем Савета міністраў СССР у 1947 годзе для лячэньня кіраўніцтва краіны і знаходзіцца на Рублёўскай шашы. На ўчастку памерам 180 гектараў на тэрыторыі парку «Маскварэцкі» разьмешчаны 12 шпітальных карпусоў на 1200 ложкаў, паліклініка і аптэка. У шпіталі 50 клінічных і 20 дыягнастычных аддзяленьняў, а таксама 5 лябараторый і паліклініка на 600 наведваньняў у зьмену. Штогод у стацыянары атрымліваюць мэдычную дапамогу больш як 50 тысяч хворых.

У савецкія часы ў Цэнтральным клінічным шпіталі не было «выпадковых» людзей, але цяпер са шпіталем працуюць некалькі страхавых кампаній, якія накіроўваюць у яго сваіх хворых, акрамя дзяржаўных чыноўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG