Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Вайцюшкевіч падзяліўся песьнямі чэскага барда Яраміра Ногавіцы


WZ-orkiestra зноў будуе міжнародныя масты, але ўсё яшчэ сумняецца, ці дазволяць беларускія ўлады маштабны канцэрт.

Беларускі сьпявак Зьміцер Вайцюшкевіч выклаў у вольны доступ альбом «Камэта», на якім ён і ягоны WZ-Orkiestra выконваюць песьні чэскага паэта і барда Яраміра Ногавіцы. Бясплатна праслухаць альбом можна на канале «Мова нанова» на Soundcloud.

Як распавёў Свабодзе Вайцюшкевіч, выкананьне песень славутага чэха ён лічыць будаваньнем міжнародных мастоў, а самога Ногавіцу параўноўвае з Акуджавам:

«Ярамір Ногавіца — гэта ікона чэскай аўтарскай песьні, які шалёна вядомы — баюся слова папулярны — але вядомы і паважаны ў Чэхіі і ў Славакіі. У вузкім коле ён вядомы ў расейскім коле аўтарскай песьні, у беларускім. Мая задача была — і, спадзяюся, так і адбудзецца — пазнаёміць беларускую аўдыторыю з творчасьцю і асобай Ногавіцы.

Для мяне ён стаіць нароўні з постацьцю Булата Акуджавы і па тэкстах, і па голасе нават. Голас у яго таксама ня вельмі моцны, але тэксты і мэлёдыі глыбокія, пранікнёныя, на сотні гадоў наперад. Усё гэта тычыцца сьмерці, жыцьця, каханьня, іроніі... На дыску, акрамя такіх духоўных, важных рэчаў пра жыцьцё і сьмерць, ёсьць камічныя моманты, безь якіх, тых самых прыпевак чэскіх, не да канца лагодных, з гастрынёй, бяз гэтага чэскага гумару наша карціна ўяўленьня пра Чэхію не была б такая.

Мы мысьлім штампамі пра іх, ведаем, што піва, Прага, Вацлаў Гавэл. Але пра музыку, пра аўтарскую песьню ня ведаем нічога. І чэхі пра нас практычна нічога ня ведаюць. Таму гэты праект мае адукацыйнае значэньне. Наш аркестар чарговы раз займаецца будаваньнем мастоў. Раней былі масты швэдзкія, расейскія, японскія — зараз чэскі. Для беларускай справы важна мець такія кантакты, думаць пра іншыя краіны, будаваць сваё шчасьце на міжнародным досьведзе».

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Альбом ужо прэзэнтаваўся ў Менску, але прэзэнтацыя была немаштабная, закрытая. Да таго ж сьпявак выкладвае песьні з «Камэты» задарма, а не прадае іх праз сэрвісы кшталту iTunes, дый дыскаў Вайцюшкевіча амаль не знайсьці ў беларускіх крамах. Чаму Вайцюшкевіч не прадае музыку онлайн і офлайн?

«Я, шчыра кажучы, проста не валодаю тэхналёгіяй, не хапае часу займацца такім відам бізнэсу. І па-другое, я ня маю права аж так прадаваць Ногавіцу за грошы ў інтэрнэце, гэта ягоная творчасьць, таму не лічу гэта карэктным. А што да дыскаў у крамах, то крамаў няма. На ўвесь Менск дзьве ці там тры крамы! Інтэрнэт-крамы, Управа БНФ, Галерэя „Ў“... Астатнія баяцца браць мае дыскі.

Вялікая прэзэнтацыя ў Беларусі плянуецца, але ў якім яны будзе выглядзе, я не магу сказаць, таму што, зноў-такі, гэта зьвязана з забаронамі. Ці будзе дазвол, ці ня будзе... Калі ня будзе, прыдумаем нешта падпольнае, а калі будзе, значыць, больш прыстойна, прадстаўніча. Можа, дай бог, прыедзе сам Ногавіца, бо ён хацеў прыехаць яшчэ ў мінулым годзе».

XS
SM
MD
LG