Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па 10 з паловай мільёнаў штрафу за пікет салідарнасьці са Зьмітром Паліенкам


Пікет у падтрымку Зьмітра Паліенкі. Максім Вінярскі, Вольга Мікалайчык і Леанід Кулакоў.
Пікет у падтрымку Зьмітра Паліенкі. Максім Вінярскі, Вольга Мікалайчык і Леанід Кулакоў.

Маскоўскі суд Менску завочна аштрафаваў рэжысэра дакумэнтальнага кіно Вольгу Мікалайчык на 10 з паловай мільёнаў рублёў за ўдзел у пікеце салідарнасьці з актывістам Зьмітром Паліенкам, якога трымаюць ў СІЗА на Валадарскага пасьля акцыі «Крытычная маса». Зьміцер Паліенка абвінавачваецца ў гвалтоўным нападзе на супрацоўніка ДАІ падчас акцыі.

«На суд не хадзіла, бо ўжо ня бачу сэнсу — ўсё роўна засудзяць, як ім трэба. Штраф у 10 мільёнаў 500 тысяч. Чаму такі вялікі? Магу патлумачаць тым, што трымала ў руках вялікі плякат і сьцяг, дый ва ўвесь голас крычала „Свабоду Зьмітру Паліенку!“ Але не шкадую, бо трэба хлопцаў падтрымліваць», — сказала Вольга Мікалайчык карэспандэнту Свабоды.

20 чэрвеня ў Маскоўскім судзе Менску таксама аштрафавалі за пікет каля «Валадаркі» актывіста Леаніда Кулакова. Як і Вольга Мікалайчык, ён мусіць сплаціць штраф у 10.5 мільёнаў. Леаніда Кулікова судзіла судзьдзя Тацяна Пірожнікава.

Актывісты апазыцыі Зьміцер Дашкевіч і Максім Вінярскі ў суд не зьявіліся. Дні, калі будуць разглядаць адміністрацыйныя справы іншых удзельнікаў пікету, пакуль не названыя.

Пікет з патрабаваньнем спыніць крымінальны перасьлед Зьмітра Паліенкі адбыўся 26 траўня каля «Валадаркі». У гэты дзень актывісту споўнілася 22 гады.

Зьміцер Паліенка быў затрыманы падчас акцыі раварыстаў «Крытычная маса» 29 красавіка. Супрацоўнікі ДАІ спынілі акцыю амаль у самым пачатку. Усяго было затрымана 6 чалавек, якіх моцна зьбілі і адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней чацьвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэньні правілаў дарожнага руху і аб аказаньні супраціву супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх — Зьмітра Паліенкі і Станіслава Канавалава — былі распачатыя крымінальныя справы паводле 364 артыкулу Крымінальнага кодэксу — «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Станіслава Канавалава сьледчыя выпусьцілі пад падпіску, Зьмітра Паліенку дагэтуль трымаюць за кратамі.

У адным зь лістоў з «Валадаркі» Зьміцер Паліенку паведаміў бацьку, што суд над ім плянуецца на жнівень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG