Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры памылкі і адна праўда Карбалевіча


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Паважаны мною аналітык Валер Карбалевіч адрыкашэціў па маім артыкуле «Наш і ваш кандыдат». Дазволю сабе і я адрыкашэціць па тэксьце вельмішаноўнага сп. Карбалевіча.

На маё меркаваньне аб тым, што апазыцыя раз за разам прайграе выбары з прычыны нерашучасьці, сп. Карбалевіч піша: «У 2010 годзе апазыцыя дзейнічала рашуча, разьбілі дзьверы ў Доме ўраду».

Паважаю пачуцьцё гумару і тонкую іронію, але ёсьць «але»: ня дзейнічала апазыцыя рашуча ў 2010 годзе, як і ў 2001 ці 2006. А тое, што пайшлі тое шкло шкрабаць, дык гэта хутчэй ужо ад безвыходнасьці. Як у 2006 ад той жа безвыходнасьці засталіся на Плошчы, разумеючы, што гэта ні на што каардынальна не паўплывае. Такім чынам, гэта была памылка першая.
Паважаю пачуцьцё гумару і тонкую іронію, але ёсьць «але»: ня дзейнічала апазыцыя рашуча ў 2010 годзе, як і ў 2001 ці 2006.

Далей Валер Карбалевіч выказвае наступнае абгрунтаваньне адзінаму: «...каб атрымаць большую, чым Лукашэнка, падтрымку насельніцтва, апазыцыйны кандыдат павінен забраць галасы ўсяго пратэстнага электарату. А гэта магчыма пры ўмове, што ён будзе адзін. Калі апазыцыйных кандыдатаў шмат, то галасы распыляюцца». Дадзеная думка Карбалевіча даволі распаўсюджаная сярод палітолягаў, але і тут ёсьць другі бок мэдаля. Я, да прыкладу, ніколі не прагаласую за такога адзінага, як Ганчарык, і ўсім сваім знаёмым буду раіць за яго не галасаваць. Я ніколі не прагаласую за такога адзінага, як нэабальшавік Калякін, і нават буду выступаць супраць такога. Такіх «я ніколі не прагаласую...», на жаль, можна назьбіраць шмат, але ня будзем. Я спадзяюся, што думка мая ясная: не адзіны кандыдат можа мабілізаваць больш галасоў пратэстнага патэнцыялу, а спэктар кандыдатаў, кожны зь якіх мабілізуе сваю каманду аднадумцаў, і кожны зь якіх зьбярэ галасы менавіта свайго электаральнага поля. Такім чынам, мы паглядзелі на памылку другую.

Цяпер памылка трэцяя. Яна самая заскарузлая ў нашых галовах. Сп. Карбалевіч даводзіць: «Плошча можа адыграць вырашальную ролю толькі пры ўмове, калі апазыцыйны кандыдат атрымаў рэальную электаральную перамогу, а Лідзія Ярмошына яе не прызнае. Вось тады ад рашучасьці „Майдану“ ў першыя гадзіны і дні пасьля выбараў залежыць лёс краіны. І, дарэчы, менавіта ў гэтым выпадку для абывацеля зразумела, навошта выходзіць на вуліцу, дзеля чаго рызыкаваць». Пра глыбінную памылковасьць такога меркаваньня даводзілася выказвацца яшчэ напярэдадні «выбараў-2010» у артыкуле «Мы гатовыя заплаціць кошт». Паўтараць усё ня буду, але кароценька нагадаю, што «Аксамітныя рэвалюцыі», якія скінулі з Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі і іншых краін камуністычнае ярмо, адбываліся безь перамогі адзінага кандыдата на выбарах.
Давайце ня вешаць адно на аднаго ярлыкі, няма патрэбы і ў сварках: адзіны кандыдат ці некалькі іх, ці нават дыскусія "выбары vs байкот" — гэта ўсё тактычныя разыходжаньні паміж намі

Але ж нават ня ў гэтым асноўная памылка, а ў тым, што мы выходзім на Плошчу перадусім не перамогу нейкага кандыдата абвяшчаць (хаця можа быць і гэта!), а патрабаваць сумленных выбараў. Людзі, вы разумееце розьніцу? Чаму народ ня мае маральнага права выйсьці на Плошчу і выкінуць Саню з трону, калі самазванец піша сабе па 90/80 адсоткаў галасоў? Калі ты набіраеш 30 адсоткаў, дык і напішы сабе гэтыя 30, а потым перамагай сумленна ў 2-ім туры — і ніхто ня будзе мець маральнага права заклікаць да зрынаньня дыктатара, калі гэтага дыктатара дэмакратычна абірае народ.

Ну і нарэшце, праўда Карбалевіча палягае ў тым, што ня можа ідэя Плошчы ісьці ў адрыве ад усёй кампаніі. Плошча — гэта завяршальны акорд у гімне народнага пратэсту. І клясна, што мы актыўна гаворым аб гэтым ужо цяпер, за два гады да «выбараў», а не за пару месяцаў, як гэта было папярэднімі разамі.

Давайце ня вешаць адно на аднаго ярлыкі, няма патрэбы і ў сварках: адзіны кандыдат ці некалькі іх, ці нават дыскусія "выбары vs байкот" — гэта ўсё тактычныя разыходжаньні паміж намі, якія нявартыя спрэчак на пацеху ГБэшнай навалачы і самазванца. Няхай кожны працуе на перамогу так, як яму падаецца правільным, але такім чынам, каб у дзень «выбараў» мы ўсе разам адыгралі апошні акорд падману і бясчынству ў Беларусі.


Зьміцер Дашкевіч,
mfront.net

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG