Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўнічыя працы ля Курапатаў аднавілі, нягледзячы на пратэсты


Будаўнікі ў Курапатах, фота 20 лютага 2017 году
Будаўнікі ў Курапатах, фота 20 лютага 2017 году

Нягледзячы на пратэсты, скаргі і парады ўладаў, работы на будоўлі офіснага цэнтру ля мэмарыяльнага комплексу «Курапаты» працягнуліся 24 лютага. Актывісты спрабавалі спыніць грузавік з будаўнічымі матэрыяламі, ды будаўнікі прадугледзелі «контразахады».

«Будаўніцтва ідзе: машына заехала, разгрузілася, паехала, — кажа Свабодзе прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі зь месца падзеяў. — Цяпер побач з будаўнічай пляцоўкай будаўнікі яшчэ нешта будуюць, за межамі тэрыторыі. Працуе экскаватар усярэдзіне.

Перад уездам на будаўнічую пляцоўку яны паставілі дадатковую агароджу, сетку такую, каб актывісты не перашкаджалі заезду машын. Раней, калі першы „МАЗ“ прыехаў, хлопец спрабаваў перашкаджаць, яго адкінулі рабочыя і паставілі сетку».

***

«Варта» ў Курапатах трывае пяты дзень. Увечары 23 лютага жыхары і актывісты правялі масавы сход, дзе распачаўся збор подпісаў супраць будаўніцтва. Таварыства аховы помнікаў накіравала звароты ў КДБ і Галоўбудэкспэртызу наконт сумневаў у законнасьці будоўлі ў Курапатах.

У ноч на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напала група зь 15 невядомых у масках і з драўлянымі бітамі. З крыкамі «Белая раса!» і «Слава Расеі!» тыя разбурылі лягер актывістаў і паранілі аднаго зь іх, Алеся Кіркевіча, — ударылі драўлянай бітай па скроні. Раней на саміх актывістаў склалі сумарна 6 адміністрацыйных пратаколаў. Актывісты зьвярнуліся ў міліцыю — і міліцыя заадно склала пратаколы на іх саміх.

Дырэктар забудоўніка сьцьвярджае, што магчымасьць пахаваньняў рэпрэсаваных на пляцоўцы — гэта падман, а актывісты «зь сякерамі ў колькасьці 30 чалавек накідваюцца на будаўнікоў, крышаць усё сякерамі пры міліцыі». Інвэстар заяўляе, што ня мае канфлікту з пратэстоўцамі: са свайго боку ён дзейнічаў законна, легальна купіў участак, прапанаваны на аўкцыёне дзяржавай.

Дзяржаўныя чыноўнікі тым часам даказваюць, што будаўніцтва законнае. «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць безвыніковыя суды і зьбіраюцца зьвяртацца ў міжнародныя структуры, а ў храналёгіі падзеяў беларусы знаходзяць неадпаведнасьці.

Ці законная будоўля ў Курапатах? Чыноўнікі даказваюць, што так, архітэктар дэманструе, што не

Гэта ня першы раз, калі Курапаты бароняць ад будаўнікоў. Больш за пятнаццаць гадоў таму моладзевыя актывісты выступілі супраць пабудовы кальцавой дарогі праз урочышча Курапаты. Кругласутачнае дзяжурства ва ўрочышчы доўжылася больш за восем месяцаў — ад 24 верасьня 2001 году да 2 чэрвеня 2002 году. Кругласутачная вахта памяці доўжылася 250 дзён. Усе гэтыя дні Радыё Свабода штодня асьвятляла падзеі ва ўрочышчы. Вынікам гэтага стала кніга аднаго рэпартажу «Дарога праз Курапаты» (PDF).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG