Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Бандарэнка: «Няма жаданьня вяртацца. Немагчыма ствараць незалежныя мэдыі, апазыцыйныя штабы на акупаванай тэрыторыі»


Дзьмітры Бандарэнка неўзабаве па вызваленьні ў красавіку 2012 году
Дзьмітры Бандарэнка неўзабаве па вызваленьні ў красавіку 2012 году

Актывіст штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Зьміцер Бандарэнка, які пасьля адседкі за Плошчу эміграваў у Польшчу, у інтэрвію Радыё Свабода даў сваю ацэнку рашэньню Алеся Міхалевіча вярнуцца на радзіму і распавёў, чаму ў яго няма такога жаданьня.

— Гэта выбар самога Алеся. Я ведаю, што ён зьбіраўся вярнуцца яшчэ год таму, але падзеі ва Ўкраіне падзейнічалі на яго так, што ён вымушаны быў зрабіць паўзу, ну, а цяпер вярнуўся. За апошні год я ня чуў, каб ён рабіў нейкія заявы з крытыкай уладаў Беларусі, таму, думаю, рыхтаваўся чалавек да вяртаньня даўно. Да таго ж у яго сям’я тут. Гэта яго выбар.

— А на вашу думку, ці ня будуць былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, паплечнікі па апазыцыі папракаць Міхалевіча тым, што ён спачатку падпісаў заяву аб супрацоўніцтве са спэцслужбамі, потым публічна прызнаўся, што згода была выбітая катаваньнямі — ці не застанецца такі шлейф за ім?

— Гэта якраз той учынак, які можна назваць вельмі годным і які патрабаваў пэўнай мужнасьці. Прычым калі большасьць кандыдатаў заклікала на Плошчу і на выбарах 2010 году выступала з жорсткай крытыкай Лукашэнкі (гэта і Саньнікаў, і Статкевіч, дый іншыя), то Алесь Міхалевіч у той час гуляў у канструктыўную апазыцыю і трапіў у турму, нават таго і не чакаючы. І вельмі складана ў гэтай сытуацыі вытрымаць тыя катаваньні, што адбываліся тады ў «амэрыканцы». Таму гэты крок Алеся — распавесьці пра катаваньні ў турме КДБ — якраз найбольш годны, я лічу.

— На вашу думку, ці ёсьць Міхалевічу прымяненьне ў Беларусі? Чым ён зможа тут займацца?

— Я проста памятаю: калі мы пыталіся, чым ён будзе займацца на Захадзе, ён адказаў, што будзе займацца бізнэсам. Мабыць, будзе займацца бізнэсам і ў Беларусі. Можа, на Захадзе бізнэс не пайшоў...

— Зьміцер, а што тычыцца тых палітэмігрантаў, якія атабарыліся ў Варшаве. Зразумела, што вы ня можаце адказваць за ўсіх, але што тычыцца вас — ці ёсьць жаданьне вярнуцца, ці ёсьць нейкая туга па радзіме?

— Ведаеце, няма жаданьня вярнуцца, таму што я лічу, што немагчыма ствараць незалежныя мэдыі і штабы апазыцыйныя на акупаванай тэрыторыі. Тое, што Лукашэнка выпусьціў закладнікаў, магчыма, пад будучыя крэдыты, гэта нічога ня значыць. Таму што цяпер вельмі моцны крызіс у Эўропе, і гэтых крэдытаў ён увогуле не атрымае ці атрымае недастаткова. І таму будуць новыя закладнікі. Я такім закладнікам больш станавіцца не хачу і лічу, што цяпер апазыцыі трэба мець моцныя цэнтры за мяжой. На маю думку, наша каманда ў Варшаве нешта для гэтага робіць, і гэта адчувальна ў Беларусі.

Да таго ж хачу дадаць, што вяртаньне Міхалевіча — гэта не адзіны выпадак вяртаньня. Вярнуліся былыя паплечнікі Андрэя Дзьмітрыева: гэта Юлія Слуцкая, Алег Мяцеліца, вярнуўся прафэсар Андрэй Вардамацкі, якія і ў Варшаве, і ў Вільні казалі, што трэба дапамагаць гаранту незалежнасьці — Лукашэнку, а яшчэ — спадару Дзьмітрыеву. Таму лёсы апазыцыі, як унутры краіны, так і за мяжой — яны розныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG