Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вітаўтас Ландсбергіс: Раю жадаць незалежнасьці, а не жаваць прыгонную залежнасьць


Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс называе будаўніцтва Беларускай АЭС «ядзерным гвалтам», і лічыць, што ўлады Беларусі могуць з дапамогай Літвы зьвярнуцца да Эўразьвязу з просьбай «кампэнсаваць затраты крамлёўскай помсьлівасьці і беларускай памылкі». Былы старшыня Аднаўленчага Сойму Літвы Вітаўтас Ландсбергіс адказаў на пытаньні Свабоды.

— Спадар прэзыдэнт, ці была нейкая рэакцыя зь Беларусі на вашу вострую заяву 16 лютага, калі падчас выступу з балькона Дома сыгнатараў з нагоды 99-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Літвы вы заклікалі кіраўніка Беларусі спыніць будаўніцтва ў Астраўцы?

— Яны маўчаць. Спадзяюся, думаюць.

— Зыходзячы з вашага вялікага палітычнага досьведу, як вы лічыце, наколькі зараз рэальна спыніць будаўніцтва беларускай АЭС на мяжы з Літвой, АЭС, якую будуюць на расейскі крэдыт паводле расейскага праекта і пераважна расейскія спэцыялісты.

— Галоўнае, прадставіць сьвету гэтае будаўніцтва як злачынны гвалт — прычым ядзерны гвалт над суседнім народам і краінай, да якой зараз ставяцца як да ворага.

— Якую пагрозу ўяўляе Беларуская АЭС?

— Хуткая або павольная гібель нашай сталіцы і вялікай часткі Літвы. БАЭС знаходзіцца на недапушчэньні месцы. Гэта атручэньне вады і ўсяго асяродзьдзя, зьнішчальная пагроза для беларусаў, літоўцаў і палякаў, на што начальству напляваць. Трэба зьмяніць месца будоўлі.

— 16 лютага падчас Дня незалежнасьці Літвы, зьвяртаючыся да кіраўніка Беларусі, вы казалі: «Аляксандр, гібель Літвы цябе не ўратуе. Падрыхтаваная для цябе пятля ўжо разгойдваецца на крамлёўскіх курантах. Гэта недалёкае пытаньне, таму давай абараняцца разам». Як вы лічыце, ці гатовы Лукашэнка абараняцца разам зь Літвой?

— Пытаньне да яго. Можна разам зьвярнуцца да Эўразьвязу з просьбай кампэнсаваць затраты крамлёўскай помсьлівасьці і беларускай памылкі.

— Расейскі эканаміст, былы дарадца прэзыдэнта Расіі ў 2000-2005 гг. Андрэй Іларыёнаў нядаўна заявіў, што Беларусі пагражае расейская ваенная агрэсія, што Беларусь — кандыдат нумар адзін на расейскае ўварваньне. Ці згодныя вы з Андрэем Іларыёнавым? Як вам здаецца, ці ўсьведамляе кіраўнік Беларусі пагрозу незалежнасьці Беларусі з боку Расеі?

— Што ён усьведамляе — можна толькі меркаваць. А ад Крамля можна чакаць чаго заўгодна.

— У Беларусі апошнія тыдні актыўна абмяркоўваецца магчымасьць круглага стала з удзелам уладаў, апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, які прапанаваў Аляксандру Лукашэнку правесьці галоўны рэдактар незалежнай газэты «Народная Воля» Ёсіф Сярэдзіч. На вашую думку, ці гэта рэальна?

— Глядзіце на месцы. Любая актывізацыя грамадзянскай супольнасьці дзеля выратаваньня і карысьці краіны — годная справа.

— Як вы лічыце, ці гатовы Аляксандар Лукашэнка да мірнай перадачы ўлады? Ці зьмяніўся ён за амаль 23 гады прэзыдэнцтва?

— Вам лепей відаць. А каму перадаць? Пуцінцам?

— Як Літва можа падтрымаць незалежнасьць Беларусі?

— Раю жадаць незалежнасьці, а не жаваць прыгонную залежнасьць.

***


Былы старшыня Аднаўленчага Сойму Літвы Вітаўтас Ландсбергіс падчас выступу з нагоды 99-й гадавіны аднаўленьня незалежнасьці Літвы больш за ўсё ўвагі надаў небясьпецы, якую ўяўляе будаўніцтва АЭС у Беларусі. Ландсбергіс зьвярнуўся да Лукашэнкі, рытарычна пытаючыся, ці гатовы ён дзеля эканамічных матываў штурхнуць Беларусь да ядзернай небясьпекі. «Прыйшоў час зьвярнуцца і да „Бацькі“, які знаходзіцца з другога боку мяжы — Аляксандар, гібель Літвы цябе не ўратуе. Падрыхтаваная для цябе пятля ўжо разгойдваецца на крамлёўскіх курантах. Гэта недалёкае пытаньне, таму давай абараняцца разам. У першую чаргу адмоўся ад пагібельнага месца будаўніцтва „Расатаму“ ў Астраўцы. Ёсьць і іншыя месцы (...) А гаспадару скажы — мы пачулі голас братоў, і ім ня здрадзім, бо царскі гнеў — гэта нішто ў параўнаньні з Божым гневам», — сказаў Ландсбергіс. Ён заклікаў аб’яднаць сілы ў барацьбе супраць будаўніцтва гэтай АЭС. «Давайце яшчэ раз станем на Балтыйскі шлях, ад Пакутувенай (на паўночным захадзе Літвы) да Астраўца (...) Калі б сапраўды рушыў Балтыйскі шлях зь Вільні ў Астравец, сьвет бы ўбачыў. Сказаў бы, што літоўцы азьвярэлі, як тады, трэба нешта рабіць. і хай лёзунг, наш лёзунг „Робім!“ будзе сапраўдным і пастаянным», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG