Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмяніўся суд, які будзе разглядаць скаргу на рашэньне пра «экстрэмізм» кніг Зянона Пазьняка


Вокладка кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія»

Вокладка кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія»

Скаргу актывіста КХП-БНФ Алеся Чахольскага на рашэньне экспэртнай камісіі Берасьцейскага аблвыканкаму, якая прызнала «экстрэмісцкімі» кнігі Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял», напісаную разам з Валерам Буйвалам, перадалі для разгляду з Маскоўскага раённага суду Берасьця ў Ленінскі раённы суд. Так пастанавіў сёньня на судовым паседжаньні судзьдзя Маскоўскага суду Берасьця Андрэй Грушко.

Актывіст​, які абскардзіў вынікі экспэртызы кніг Зянона Пазьняка, мяркуе, што зьменай суду ўлады зачышчаюць «палітычныя казусы справы».

Алесь Чахольскі

Алесь Чахольскі

«Экспэртная камісія нібыта грамадзкая, але ў яе нават не было адрасу. Ва ўсякім разе, калі я падаў пазоў у суд на гэтую камісію, аказалася, што яе адрасу ніхто ня ведае. Цяпер, відаць, з адрасам вызначыліся, каб зусім не выглядала па-дзікунску, і вырашылі, што лепш пазоў будзе разглядаць Ленінскі суд.

Добра, але сутнасьць не зьмянілася. Гэтак званыя „экспэрты“, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і актывісты „Белай Русі“, насамрэч нікога не прадстаўляюць, акрамя ўлады і сябе. З-за іхняга „экспэртнага заключэньня“ пацярпелі ня толькі кнігі, але і пэўныя людзі. Прыкладам, мае правы на кнігі як уласьніка парушаныя, да таго ж мяне абвінавацілі ў распаўсюдзе „экстрэмісцкай літаратуры“.

Дарэчы, у матэрыялах справы зьявіўся дадатак да экспэртнага заключэньня, які раней ня быў разгледжаны судом. У гэтым дадатку экспэрты „бароняць“ гонар Аляксандра Лукашэнкі ад словаў Зянона Пазьняка, што той ухваліў фашыстоўскі рэжым Гітлера. Але ж гэта вядомы факт, што Аляксандар Лукашэнка ў канцы 1990-х гадоў у інтэрвію нямецкім журналістам сказаў, што ў фашыстоўскай Нямеччыне „ня ўсё дрэннае было зьвязанае зь імем Гітлера“. Асабіста для мяне такія словы Лукашэнкі гучаць як абраза, бо падчас вайны ад гітлераўцаў пацярпелі шмат маіх сваякоў. Можа, іх сьмерці — таксама „ня ўсё дрэннае“? Таму, калі Пазьняк параўноўвае фашыстоўскі рэжым з камуністычным, я ў гэтым зь ім цалкам згодны, а тое, што „экспэрты“ лічаць выказваньні Зянона Пазьняка абразай для Аляксандра Лукашэнкі, мне падаецца простай абаронай службовага мундзіра. Таму ў новым судзе мы з адвакатам абавязкова ўзьнімем пытаньне, адкуль узяўся гэты дадатак да экспэртнага заключэньня, і будзем хадайнічаць, каб яго выключылі з матэрыялаў справы», — паведаміў Алесь Чахольскі.

Паводле зьвестак Алеся Чахольскага, працэдура перадачы справы зацягнецца на 10 дзён. Дзень разгляду ягонага пазову ў Ленінскім судзе Берасьця будзе прызначаны пасьля гэтага тэрміну.

У кнігах Зянона Пазьняка «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў» экспэртная камісія Берасьцейскай вобласьці па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі знайшла прыкметы праяў экстрэмізму. На падставе гэтага рашэньня суд канфіскаваў кнігі, якія ў верасьні 2015 году на беларуска-польскай мяжы мытня забрала ў Алеся Чахольскага. Актывіст дамагаецца адмены рашэньня экспэртнай камісіі і вяртаньня асобнікаў кніг «Добрая фатаграфія» і «Абарона Курапатаў. Народны мэмарыял».

XS
SM
MD
LG