Апэляцыйны суд у Вене сёньня задаволіў скаргу пракуратуры Аўстрыі на адмову Зямельнага суду Вены ў красавіку 2015 году экстрадыяваць украінскага бізнэсоўца Дзьмітрыя Фірташа ў ЗША.
Канчатковае рашэньне аб выдачы будзе прынятае міністрам юстыцыі Аўстрыі.
Украінскі мільярдэр Дзьмітры Фірташ, колішні спонсар Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча, быў арыштаваны ў Аўстрыі 12 сакавіка 2014 году паводле запыту ўладаў ЗША. Фірташ абвінавачваецца ў тым, што з дапамогай мільённых хабараў меў намер атрымаць дазвол на здабычу тытанавай сыравіны ў Індыі для продажу гатовай прадукцыі ў ЗША.
Зямельны суд Вены па крымінальных справах выбраў Фірташу меру стрыманьня ў выглядзе арышту, але пагадзіўся вызваліць яго пад заклад 125 мільёнаў эўра і абавязаньне не пакідаць Аўстрыю.