Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клінтан выступіла за расьсьледаваньне ваенных злачынстваў Расеі ў Сырыі


Гілары Клінтан, архіўнае фота

Гілары Клінтан, архіўнае фота

Кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан заявіла, што Расея ў Сырыі не ваюе супраць «Ісламскай дзяржавы», а толькі імкнецца захаваць Башара Асада ва ўладзе.

«Сытуацыя ў Сырыі катастрафічная. І кожны дзень мы бачым вынік партнэрства Асада з Іранам на зямлі, з Расеяй у паветры – яны вядуць бамбаваньні, асабліва ў Алепа, дзе яшчэ засталося, верагодна, каля 250 тысяч чалавек. І расейскія ВПС робяць рашучыя намаганьні для зьнішчэньня Алепа, каб зьнішчыць апошніх сырыйскіх паўстанцаў, якія змагаюцца супраць рэжыму Асада.

Расея не зьвяртае ніякай увагі на ІДзІЛ. Яны зацікаўленыя ў тым, каб захаваць Асада ва ўладзе. Калі я была дзяржсакратаром, выступала – і выступаю сёньня – за стварэньне беспалётнай зоны і бясьпечных зон. Нам патрэбен рычаг уплыву на Расею, таму што яны ня сядуць за стол перамоваў з мэтай дамагчыся дыпляматычнага ўрэгуляваньня, калі няма сродкаў паўплываць на іх», – заявіла Клінтан падчас тэледэбатаў з Дональдам Трампам.

Клінтан перамагла Трампа ў «брудным баі» на другіх дэбатах — CNN

Яна таксама падтрымала ідэю расьсьледаваньня ваенных злачынстваў Расеі і рэжыму Башара Асада ў Сырыі.

«Я падтрымліваю намаганьні па расьсьледаваньні злачынстваў, ваенных злачынстваў, учыненых сырыйцамі і расейцамі, каб яны панесьлі за іх адказнасьць», – цытуе Клінтан «Голас Амэрыкі».

У мінулую пятніцу, 7 кастрычніка, дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы заявіў, што дзеяньні Расеі ў сырыйскім Алепа ў дачыненьні да мірных жыхароў павінны быць расьсьледаваныя як ваенныя злачынствы. Ён назваў расейскія атакі на цывільныя абʼекты «далёкімі ад выпадковасьцяў» і абвінаваціў Сырыю і Расею ў мэтанакіраванай стратэгіі «тэрарызаваньня цывільнага насельніцтва».

8 кастрычніка Расея наклала вэта на рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН пра Сырыю, якая тычылася забароны палётаў вайсковай авіяцыі над сырыйскім горадам Алепа.

За падрыхтаваную Францыяй і падтрыманую ЗША і Вялікай Брытаніяй рэзалюцыю прагаласавалі 11 чальцоў Рады. Расея і Вэнэсуэла прагаласавалі супраць. Яшчэ дзьве дзяржавы ўстрымаліся. Расея — пастаянны чалец Рады Бясьпекі ААН, таму яе галасаваньне раўназначнае вэта.

Перад разглядам дакумэнту францускі прэзыдэнт Франсуа Алянд заявіў, што той, хто заблякуе рэзалюцыю, здыскрэдытуе сябе ў вачах усяго сьвету.

XS
SM
MD
LG