Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злачынная група дапамагла больш як 200 прадпрыемствам ухіляцца ад падаткаў


У Беларусі затрыманыя сябры арганізаванай злачыннай групы, якія дапамагалі ўхіляцца ад выплаты падаткаў больш як 200 суб’ектам гаспадараньня рэальнага сэктару эканомікі.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Паводле папярэдніх падлікаў, нанесеная шкода перавышае 300 млрд рублёў. Супрацоўнікі МУС не выключаюць, што гэтая лічба можа пазьней значна вырасьці.

У дзень затрыманьня адначасова ў розных абласьцях краіны апэратыўнікі правялі больш як 40 ператрусаў. У офісах і жылых памяшканьнях канфіскаваныя прадметы і дакумэнты, таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці, якія даказваюць супрацьпраўную дзейнасьць. А таксама восем адзінак агнястрэльнай зброі і больш за 300 боепрыпасаў.

Адным з асноўных напрамкаў дзейнасьці групоўкі было заключэньне мільярдных кантрактаў з прадпрыемствамі дзяржаўнай формы ўласнасьці для паставак прадукцыі і абсталяваньня па завышаным кошце.

Акрамя таго, ёсьць факты атрыманьня праз ілжэструктуры па ўказаных кантрактах наяўных грашовых сродкаў, якія пазьней былі разьмеркаваныя паміж сябрамі групы.

Паміж удзельнікамі групоўкі былі дакладна разьмеркаваныя абавязкі. На працягу некалькіх гадоў яны па загадзя прадуманай схеме ўтойвалі падатковую базу.

Адносна затрыманых распачатыя справы за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, а таксама за пасобніцтва ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула за сабою прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры.

Асноўныя фігуранты крымінальных спраў, у тым ліку асоба, якая выконвала функцыі арганізатара, узятыя пад варту. На гэтым этапе ім інкрымінуецца прычыненьне шкоды больш як на 4 млрд рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG