Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінаіда Бандарэнка: Я назвала ўладу хамскай, і мяне адусюль выкінулі


Зінаіда Бандарэнка
Зінаіда Бандарэнка

Зінаіда Бандарэнка — народная артыстка Беларусі, легендарная дыктарка Беларускага тэлебачаньня — пра свае радасьці і засмучэньні ў 2015 годзе і спадзяваньні на новы год

— Зінаіда Аляксандраўна, шчыра вітаю Вас на Свабодзе. І маё першае пытаньне да вас зусім натуральнае: зь якім настроем вы сустракаеце новы год, Каляды? Ці ёсьць падставы для радасьці? З кім, як будзеце сустракаць Новы год, адзначаць сьвяты?

— Падставы для асабістай радасьці ёсьць, а што тычыцца Беларусі, дык падставаў ня надта багата.

— Тады давайце з асабістага пачнем...

— У мяне цудоўныя ўнукі, цудоўная нявестка, цудоўны муж. У мяне цудоўная сям’я. Што яшчэ лепшага трэба для сустрэчы Новага году, сьвяткаваньня Калядаў?! Між іншым, вось ехала да вас у мэтро і бачыла, як шмат людзей з прыгожа аформленымі пакункамі. Яны рыхтуюцца да сьвятаў, хочуць зрабіць прыемнае сваім блізкім, дарагім. Але вось асабліва радасных, вясёлых твараў я не заўважыла. І ў гэтых тварах адбіваецца наш агульны настрой.

— А як вы зьбіраецеся сустракаць новы год? На лецішчы ці ў Менску? З унукамі?

— Мы ўпершыню сёлета ўзімку жывем на лецішчы. У нас ужо трое ўнукаў: два двухгадовыя хлопчыкі-блізьняты, і старэйшай Марыйцы ўжо чатыры гадочкі. Вось мы і жывем нарэшце на лецішчы. Уцяплілі дом, і там нам вельмі хораша. Але сустракаць Новы год на лецішчы муж ня вельмі хоча, таму і я зь ім буду ў Менску. Адзначаць будзем паводле колішняй завядзёнкі: прыгожа накрыты стол, тэлевізар і чаканьне нейкага добрага фільму. Усё роўна застаецца любоў да старых савецкіх, разанаўскіх, фільмаў.

— Каторы раз вы будзеце глядзець «Іронію лёсу»?

Бандарэнка (сьмяецца): Можа, дваццаты, можа, пяцідзесяты... Але ўсё роўна і сёньня тое жыцьцё ўспрымаецца, як шчасьлівае.

— Як я гляджу, вы ня вельмі чакаеце нейкіх навагодніх тэлевізійных шоў. Дарэчы, вам жа ня раз за сваё жыцьцё даводзілася весьці навагоднія праграмы?

— Вядома. Я нават памятаю, як у свой час мы ў студыі чакалі прыходу Пятра Міронавіча Машэрава. Ён прыяжджаў і вітаў народ са студыі ўжывую, бо не было відэазапісу. Мы яго чакалі, віталі, і ён у абыходжаньні зь людзьмі быў чалавекам вельмі прыветным, шчырым. Ён быў прыгожым чалавекам. Але гэта быў адзіны раз. Потым мы ўжо пачалі запісваць і віншаваньні, і нашы праграмы.

— А цяпер вы глядзіце навагоднія шоў? Вы можаце іх параўноўваць з тымі?

— У сёньняшніх шоў, асабліва ў расейскіх, дый беларускіх таксама, няма густу. Мы з мужам, калі іх і ўключым, дык праз хвіліну-другую — выключым. Яны нас раздражняюць: адны і тыя ж «зоркі», які ўжо даўно надакучылі. Ніякіх новых твараў. І рэжысэрскія хады адны і тыя ж. Трэба адчуваць, чаго хочуць людзі, і ісьці ўсьлед за імі.

— А чаго хочуць людзі сёньня?

— А людзі хочуць больш глыбіннай радасьці, больш густу кранальнага, які б кранаў душу і сэрца. Сёньня ж усё павярхоўна, як мішура на той жа навагодняй елцы. Магчыма, і ў нас праблема таксама. Мы былі ня тымі, нам усё падабалася. Але сёньня мы павінны разважаць з пазыцыяў дня сёньняшняга. Вакол так неспакойна, ды проста побач ідзе вайна, а яны ўсё гэтак жа танцуюць, сьпяваюць, недарэчна жартуюць. А ў людзей у галовах толькі адно: каб было ціха, спакойна, як кажуць беларусы. Таму мы даруем усё, у тым ліку, і падвышэньне цэнаў.

Вячаслаў Ракіцкі і Зінаіда Бандарэнка ў студыі Свабоды
Вячаслаў Ракіцкі і Зінаіда Бандарэнка ў студыі Свабоды

— Акрамя сям’і, што вас сёлета найбольш устрывожыла, як жанчыну, неабыякавага чалавека?

— Вайна ва Ўкраіне. Мы маем магчымасьць глядзець усе ўкраінскія каналы, і мы глядзім іх. Дарэчы, украінскія каналы моцна адрозьніваюцца ад беларускіх. Іх шмат. Яны разнастайныя, плюралістычныя, праўдзівыя. Часам я ад сваіх калегаў чую, маўляў, якія нявыхаваныя ўкраінцы, б’юцца ў Радзе. Ды нам павучыцца яшчэ трэба ў украінцаў. Там, у Радзе, дэпутаты выказваюць свае пазыцыі адкрыта, адстойваюць іх, спрачаюцца, хай нават часам і лішак эмоцыяў. А ў нашым парлямэнце дэпутаты маўчаць, націскаюць на тыя кнопачкі, на якія ім скажуць. Ва Ўкраіне ж не застаюцца абыякавымі нават да самых нязначных праблемаў. Падвышаюцца, прыкладам, цэны на камунальныя паслугі — і дэпутаты адразу ж патрабуюць іх перагледзець. Яны могуць запатрабаваць адстаўкі генэральнага пракурора, бо бачаць, як квітнее карупцыя, і хочуць яе перамагчы.

— Вы верыце, што Ўкраіна прыйдзе да дэмакратыі, да Эўропы?

— Веру. Я веру, што яны дамогуцца таго, чаго хочуць, бо маюць права выказвацца і патрабаваць. А ў нас? Паспрабуй выйсьці і запатрабаваць. Адразу цябе схопяць і яшчэ прыпішуць хуліганства, брыдкаслоўе.

— А што з падзеяў у Беларусі вас сёлета найбольш узрушыла?

— Беларусы пачалі па-іншаму ставіцца да сваёй роднай мовы. Праўда, пакуль яшчэ гэты працэс адбываецца вельмі павольна, але ідзе. І прыклад нам паказала Ўкраіна. Беларусы пачалі па-іншаму ставіцца і да вышыванак. Я заўсёды іх вельмі любіла і працягваю любіць. У свае акторскія часы, калі я вяла сьвяточныя вялікія канцэрты, я абавязкова ў першым аддзяленьні выходзіла на сцэну ў вышываным нацыянальным строі, хай сабе і не заўсёды аўтэнтычным, хай і стылізаваным. А нядаўна я даведалася, што ў менскім мікрараёне Малінаўцы гады чатыры таму быў арганізаваны народны фальклёрны тэатар «Матчына хата». Хто арганізаваў яго, хто падаў прыклад? Перасяленцы з Чарнобылю. Гэта тыя бабулі і дзядулі, якія, апынуўшыся ў горадзе, паспрабавалі тут выявіць свае карані, не забыць іх, даць ім працяг. Яны сядзелі на лавачках, размаўлялі, сьпявалі. І вось чалавек аб’яднаў іх, і цяпер яны вядомыя па ўсёй Беларусі. Абуджаецца любоў да сваёй спадчыны, да гісторыі. Да гісторыі праўдзівай, а не да той сфальшаванай гісторыі, якую выкладаюць у сярэдніх школах. Людзі шукаюць свае карані, гэта і радуе.

Зінаіда Бандарэнка на прэзэнтацыі аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна
Зінаіда Бандарэнка на прэзэнтацыі аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна

— А што засмуціла?

— Наш урад, які ўжо ня ведае, адкуль браць грошы? І таму выцягваюць грошы бюджэтныя, якія складаюцца з нашых падаткаў. І працягваюць, дзе толькі можна абкладаць чалавека гэтымі падаткамі, падвышаюць кошты на ўсё.

— Вы ўжо згадвалі Пятра Машэрава. Жыцьцё ваша склалася так, што часта даводзілася сутыкацца з рознымі чыноўнікамі розных узроўняў, на тых жа ўрадавых канцэртах, прыёмах. Што адбылося з культурай людзей, якія пры ўладзе? І чаму вы цяпер ці самі пазьбягаеце кантактаваньня з прадстаўнікамі ўлады, ці вас проста не дапускаюць да іх?

— Раней бралі ва ўладу людзей адукаваных. У іх было болей культуры паводзінаў. Мы гэта адчувалі. Калі зь іхнага боку і была грубасьць, дык яна пераважна каралася. А цяпер? Чыноўнікі адпавядаюць сваім высокім начальнікам. Калісьці я назвала нашу новую ўладу хамскай, і мяне выкінулі адусюль. Менавіта ў гэтым і ўся розьніца. Яны бяруць ад жыцьця ўсё. Паглядзіце на дамы, якія яны сабе набудавалі ў Драздах. Дый нават не па адным, а па два, па тры. А ўкладаньні якія ў іх за мяжой?! Гэтага ўжо ніхто і не хавае. Таму яны і трымаюцца за сваё крэсла, за сваё карыта, набліжанае да ўраду.

— Што могуць зрабіць людзі культуры, мастацтва, навукі, адукацыі? Чаму іхны голас практычна не чуваць?

— Я зараз заканчваю чытаць успаміны Міхаіла Марыніча. У яго ёсьць вельмі сакрамэнтальная думка, якую мы можам вымаўляць на кухні, але баімся сказаць уголас. Дык вось: пакуль нашай апазыцыяй, людзьмі, якія вырашылі займацца палітыкай будуць кіраваць беларускія спэцслужбы, мы ніякіх пераможных зьменаў не даб’емся. Вось і ўсё. Мы ўсе, як кажуць, пад каўпаком. За намі вельмі сочаць. Нас даўным даўно перасварылі. Менавіта таму наша апазыцыя ніколі не аб’яднаецца. І заявы, заклікі нашай інтэлігенцыі нічога не дадуць. Мы працуем пад кіраўніцтвам, намі кіруюць.

— А якое выйсьце з гэтай безвыходнасьці вы бачыце?

— Я спадзяюся на моладзь. Яны шмат чытаюць, яны ведаюць інтэрнэт, дзе яшчэ захоўваецца магчымасьць выказацца. Я сачу за інтэрнэтам, і бачу, што ў моладзі ёсьць жаданьне даведацца праўды. І, мне здаецца, там і будуць гуртавацца людзі. А мо неяк само па сабе і дойдзе да дэмакратычнага шляху жыцьця? (Усьміхнулася). Далей так, калі ўсё ў краіне развалена, ужо немагчыма жыць.

— Я як прадстаўнік таго, як я называю, «залатога» тэлебачаньня эпохі Генадзя Бураўкіна, не магу не задаць вам такога пытаньня. Вам хацелася б зноў апынуцца ў харошай тэлекамандзе?

— Не. Кажуць жа, што ў адну раку двойчы не ўваходзяць. Дый, гледзячы, як сёньня ўсё на тэлебачаньні робіцца, што творыцца, мне і нецікава.

Зінаіда Бандарэнка з Генадзем Бураўкіным, 2010 год
Зінаіда Бандарэнка з Генадзем Бураўкіным, 2010 год

— Чаго не хапае сёньняшнім тэлевізійнікам? Прафэсіі? Культуры?

— З гледзішча тэхнічнага, амаль усе каналы вельмі вырасьлі. Яны ня горшыя і за замежныя каналы. Ведаеце, у пэўнай ступені нават вядоўцы сталі працаваць лепей. Ну, колькі ж можна было стаяць на адным месцы?! Навучыліся яны і сабой валодаць. Гэта ёсьць. Але адзінага, чаго ім не хапае, гэта — праўдзівасьці, рознай пазыцыі. Праўды. На экране павінен быць дыялёг, і людзі павінны выказваць свае розныя стаўленьні. А так, усе пяюць ў адну дуду, пяюць дыфірамбы. Глядзіш навіны, і бачыш, як нам усім хораша, што далей ужо няма куды. Нам няма куды дзецца ад таго горшага, куды мы прыплылі, а на экране тым ня меней — усё добра. І гэтае тэлебачаньне нас прывучае, што будзе яшчэ горш, але цярпіце: у нас жа ціха, у нас вайны няма. І мы, беларусы, маўкліва чакаем яшчэ горшага: і на тым самым цьвіку прыстасуемся.

— Што нясе сучаснае беларускае тэлебачаньне беларусам?

— Яно нясе непрыхаванае жаданьне захаваць уладу. Яно нясе непрыхаванае жаданьне застацца ў дыктатуры. Каб намі кіравалі, каб нам дыктавалі. І мы да гэтага прызвычайваемся. І ўсё ж я думаю, што зьмены будуць. І спадзяюся, што 2016 год будзе калі не пераломным, дык у ім нешта важнае адбудзецца.

— Для сябе асабіста, што вы загадаеце ў навагоднюю ноч? Падзяліцеся таямніцай.

— Я ня вельмі люблю расказваць наперад пра свае пляны, каб не сурочыць. Але вам скажу. У мяне наперадзе вельмі вялікая праца. Ганаровая. Адказная. Я нават і марыць не магла пра такое. Таму малю Бога, каб ён мне даў моцы, прафэсіяналізму справіцца. Гэта — агучваньне апошняй кнігі нашай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч. Будзе аўдыёкніга «Час second-hand».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG