Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праславіў Баранавічы за мяжой» — землякі пра затрыманага ў ЗША Веньяміна Галынкіна


Затрыманыя ў ЗША Веньямін Галынкін (справа) і Анры Шушан, фота Sun Sentinel / Broward Sheriff's Office Handout
Затрыманыя ў ЗША Веньямін Галынкін (справа) і Анры Шушан, фота Sun Sentinel / Broward Sheriff's Office Handout

У Баранавічах многія ведаюць пра затрыманьне свайго земляка Веньяміна Галынкіна ў ЗША. Галынкіна падазраюць у гандлі зброяй. Працаўнікі гатэля, які належыць затрыманаму, спадзяюцца, што гэта памылка, а прадпрымальнікі Баранавічаў характарызуюць яго як хваткага бізнэсоўца.

У Баранавічах Веньяміну Галынкіну належыць гатэль «Венін» з нумарамі люкс і бізнэс-клясы. Жыхары Баранавічаў кажуць, што гэта адзін з найлепшых гатэляў у горадзе.

Працаўнікі гатэля пра сытуацыю з гаспадаром ведаюць, але кажуць, што ня болей, чым пісалі ў прэсе. Адміністратарка лічыць гэтую сытуацыю непаразуменьнем.

«Я гэтак, як і вы, даведалася з прэсы. Для мяне гэта шок. Я думаю, большасьць вам так скажа. Будзем думаць, што ўсё стане на свае месцы».

Адміністратарка папрасіла «пакуль» не рабіць здымкаў у гатэлі, дадаўшы, што «на сайце ўсё ёсьць».

Апроч гатэлю «Венін», бізнэсоўцу Галынкіну належыць і сядзіба «Мядзьведжая завала» за 33 кілямэтры ад Баранавічаў, якая прапануе начлег і разнастайныя забавы.

Гатэль «Венін» Веньяміна Галынкіна. Перад гатэлем — дом бізнэсоўца
Гатэль «Венін» Веньяміна Галынкіна. Перад гатэлем — дом бізнэсоўца

«Баранавічы праслаўляе за мяжой»

Баранавіцкія прадпрымальнікі ведаюць Веньяміна Галынкіна як аднаго з найстарэйшых мясцовых бізнэсоўцаў. Гандляр з памяшканьня, якое раней належала Галынкіну, кажа, што пра яго затрыманьне ў Амэрыцы даведаўся зь мясцовых суполак у сацыяльных сетках:

«Жартуюць людзі многія з гэтага — пішуць, малайчына, маўляў, Баранавічы праслаўляе за мяжой. А на форумах хто як яго называе, па-рознаму пішуць. Ён адзін з найбуйнейшых у нас — у 90-я яны як падзялілі горад, то ён адзін з топавых бізнэсоўцаў».

Гаспадар суседняй крамы кажа, што знаёмы зь Веньямінам Галынкіным:

«Канечне, я яго вельмі даўно ведаю, можа, з 1993 ці 1994 году. Паўгода таму быў у нас, вось тут сядзеў, размаўлялі. Але цесна мы не кантактавалі, ён заўсёды сьпераду плянэты ўсёй быў. Шмат і для гораду зрабіў... Але, напэўна, захацеў „зрубіць“ там... Мы ўсе б хацелі „зрубіць“, проста трэба разумець, дзе нейкая мяжа, якую нельга пераходзіць. А ён, можа, пераступіў. Я кажу — можа, бо яшчэ ж нічога не вядома. Але калі ФБР трымала гэта на кантролі з 2015 году, то ня так там усё проста. Пэўна ж, затрыманыя ня ўдвох на гэтым усім былі завязаныя, там жа яшчэ людзі вакол круцяцца», — выказаў сваё меркаваньне знаёмы затрыманага ў ЗША Веньяміна Галынкіна.

«У горадзе цукру не было, а Галынкін мог яго ў Ляхавічах «дастаць»

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус пэўны час працаваў зь Веньямінам Галынкіным
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікола Чарнавус пэўны час працаваў зь Веньямінам Галынкіным

Адзін з найстарэйшых баранавіцкіх прадпрымальнікаў з украінскімі каранямі Мікола Чарнавус кажа, што ведае Галынкіна даўно і нават пэўны час працаваў пад яго кіраўніцтвам:

«Я працаваў дырэктарам лазьні, а ён быў маім непасрэдным начальнікам — дырэктарам фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Ён, бывала, па-хамску ставіўся, недалюблівалі яго. Былі ў нас зь ім складаныя адносіны. Потым я сышоў, але скажу, што апошнім часам мы зь ім добра стасаваліся, віталіся, пыталіся, як здароўе, як бізнэс і гэтак далей. То бок, каб ён затаіў злобу на мяне — то не», — кажа Мікола Чарнавус.

У 90-я гады Веньямін Галынкін быў адным з найбуйнейшых баранавіцкіх бізнэсоўцаў. Меў свае аўтазапраўкі, крамы, швейную вытворчасьць, выдавецкі бізнэс. А пачынаў ён з продажу цукровай ваты, калі ў СССР быў татальны дэфіцыт ня толькі на салодкія ласункі, але і на любыя прадукты харчаваньня:

«У канцы 80-х, калі Гарбачоў даў дабро на „кустарную вытворчасьць“, Галынкін гэтым заняўся. Галынкін пачынаў з таго, што цукровую вату рабіў, „Ваньку-ўстаньку“... Карацей, рабілі грошы, бо ў крамах нічога ж не было, цукру нават таго не было. Народ гроб гэтую вату, нібы ашалелы. Яны мелі ня тое што па 300 працэнтаў, а і па 600 з гэтага. У горадзе цукру не было, а Галынкін мог яго ў Ляхавічах „дастаць“...», — кажа Мікола Чарнавус.

Спадар Чарнавус паказаў журналістам Свабоды месца на каапэратыўным рынку Баранавічаў, дзе і пачынаў свой бізнэс Веньямін Галынкін з продажу цукровай ваты. Цяпер тут гэтым ласункам ніхто не гандлюе.

«Галава ад ідэяў трашчыць»

У інтэрвію баранавіцкай газэце Intex-press у красавіку 2016 году Веньямін Галынкін назваў, сваім недахопам тое, што ён не даводзіў бізнэс да канца:

«Грошы — гэта ўжо наступствы. Ды я і ня гнаўся за імі, не назапашваў, усё ўкладаў у бізнэс. Хтосьці скупляў золата, а я будаваў вытворчасьць. У мяне гэта добра атрымлівалася. Адзіны мой недахоп: я ніколі ня мог давесьці свой бізнэс да канца. Сам кантраляваць усё ня мог, а працаваць на даверы не атрымлівалася».

Пляцоўка на каапэратыўным рынку Баранавічаў, дзе Веньямін Галынкін пачынаў свой бізнэс з продажу цукровай ваты напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х
Пляцоўка на каапэратыўным рынку Баранавічаў, дзе Веньямін Галынкін пачынаў свой бізнэс з продажу цукровай ваты напрыканцы 80-х — на пачатку 90-х

Веньямін Галынкін казаў тады журналістам, што шмат чаго страціў, шмат не ўдавалася, але «галава ад ідэяў трашчыць».

На думку Міколы Чарнавуса, бізнэс Веньяміна Галынкіна ў Баранавічах відавочна зьмізарнеў таму, што меншая стала ляяльнасьць уладаў:

«Думаю, што яго ня тое што прыціснулі, а проста сказалі — маўляў, Веньямін, ну нельга так, дзяліцца ж трэба».

Паехаў у Амэрыку «сарваць куш»?

Гаспадар крамы ў былым будынку Галынкіна сказаў журналістам, што вядомы бізнэсовец часта бываў у ЗША:

«Мы з вамі не зьвязаныя з Амэрыкай. А ён зьвязаны, у яго беларускі пашпарт, але, магчыма, у яго і грамадзянства ёсьць амэрыканскае, я дакладна ня ведаю. Але што ён пэрыядычна лётае сюды-туды, гэта вядома».

Іншы прадпрымальнік выказаў меркаваньне, што Галынкін мог мець бізнэс-інтарэсы ў ЗША. Маўляў, магчыма, таму яго бізнэс у Баранавічах і сьціснуўся, бо «ён бачыў больш пэрспэктываў там».

Заходнія СМІ паведамілі, што Веньямін Галынкін быў затрыманы з ізраільцянінам Анры Шушанам пры спробе прадаць боепрыпасы на мільён даляраў у краіны, зь якімі гандаль узбраеньнямі ў ЗША забаронены. Пакуль невядома, наколькі сурʼёзныя доказы ёсьць супраць беларускага бізнэсоўца. Але вядома, што апэрацыю супраць гэтай спробы продажу ФБР праводзіла з 2015 году.

Жыхары Баранавічаў задаюцца пытаньнем, ці сапраўды Галынкін вырашыў «сарваць куш», ці яго папросту падставілі. Сваякі ж бізнэсоўца кажуць, што «заходнія СМІ пішуць няпраўду».

Пасьля арышту спэцслужбамі ЗША Веньямін Галынкін растлумачыў, што прыехаў на просьбу сябра, які прапанаваў яму 2500 даляраў, каб ён зьезьдзіў у Амэрыку праверыць «паляўнічыя стрэльбы».

Як кажа Мікола Чарнавус, ён сумняецца, што Галынкін можа быць нейкім экспэртам па ўзбраеньнях, бо нават не служыў у войску:

«Ён не служыў. Але ж у нас усе такія людзі маюць дазвол на паляваньне. Таму ён можа разьбірацца ў такой зброі».

Як Галынкін рабіў у Баранавічах бясплатнымі таксафоны

Так ці інакш, але жыхары Баранавічаў кажуць, што Веньямін Галынкін займаўся і дабрачыннасьцю, дапамагаў шматдзетнай сямʼі, іншым людзям.

Праваабаронца Сяргей Гоўша расказаў, што на пачатку 90-х сябры БНФ зьвярталіся да Галынкіна па дапамогу, і ён ніколі не адмаўляў, «хоць крыху, але падтрымліваў».

У Баранавічах памятаюць легендарны ўчынак Веньяміна Галынкіна — балятуючыся на пачатку 2000-х гадоў у дэпутаты, ён зрабіў бясплатнымі размовы ў баранавіцкіх таксафонах. Праўда, калі яго не абралі, таксафоны зноў сталі платнымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG