Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум у Азэрбайджане: Аліеў атрымаў сямігадовы тэрмін і большыя паўнамоцтвы


Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме 26 верасьня 1996 году.
Ільхам Аліеў галасуе на рэфэрэндуме 26 верасьня 1996 году.

У ходзе рэфэрэндуму ў Азербайджане ўхвалена падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну зь пяці да сямі гадоў. Пра гэта паведамілі ў аўторак прадстаўнікі выбарчай камісіі краіны.

Дзяржаўная выбарчая камісія паведаміла, што пераважная большасьць — 91,2 працэнта выбарнікаў — падтрымалі падаўжэньне прэзыдэнцкага тэрміну. Паводле словаў кіраўніка камісіі Мазахіра Панахава, рэфэрэндум быў праведзены ў празрыстай манеры.

Крытыкі рэфэрэндуму лічаць, што ён прадставіць беспрэцэдэнтныя паўнамоцтвы прэзыдэнту Ільхаму Аліеву, які кіруе краінай з 2003 году.

Рада Эўропы ўжо раскрытыкавала рэфэрэндум у Азэрбайджане, ахарактарызаваўшы яго як удар па дэмакратычным разьвіцьці краіны. Праваабарончая арганізацыя Amnesty International асудзіла перасьлед, пагрозы і арышты тых, хто выступаў з крытыкай прапанаваных паправак да канстытуцыі.

У 2003 годзе Ільхам Аліеў зьмяніў на пасадзе прэзыдэнта Азэрбайджану свайго бацьку. Празь пяць гадоў ён зноў перамог на выбарах кіраўніка дзяржавы. У 2009 годзе Аліеў правёў рэфэрэндум, па выніках якога ў канстытуцыю была ўнесена папраўка, якая дазваляе ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта больш за два разы запар. У 2013 годзе ён быў абраны прэзыдэнтам на трэці тэрмін.

Некаторыя экспэрты лічаць рэфэрэндум «узаконьваньнем дынастычнай сыстэмы ўлады».

Галасаваньне ў Баку.
Галасаваньне ў Баку.

На рэфэрэндум былі вынесены такія папраўкі, як павелічэньне тэрміну прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў зь пяці да сямі гадоў, увядзеньне двух пасадаў віцэ-прэзыдэнта і папраўка, якая упаўнаважвае прэзыдэнта распускаць парлямэнт. Прапануецца адмяніць мінімальны ўзрост для кандыдатаў у прэзыдэнты, які складае цяпер 35 гадоў.

Апазыцыйныя сілы Азэрбайджану сьцьвярджаюць, што ўсе гэтыя зьмены накіраваныя на кансалідацыю і падаўжэньне тэрміну Ільхама Аліева і ўзмацненьне ўлады яго сям’і. Зьніжэньне ніжняй мяжы ўзросту для абраньня дэпутатам з 25 да 18 гадоў яны зьвязваюць з тым, што сыну Ільхама Аліева — Гейдару — споўнілася 19 гадоў.

Раніцай, празь некаторы час пасьля пачатку галасаваньня, паступілі паведамленьні аб парушэньнях: аб выдачы некалькіх бюлетэняў аднаму чалавеку, аб удзеле ў галасаваньні непаўналетніх. Некаторыя выбаршчыкі кажуць, што на іх участках яшчэ да 9 гадзін раніцы былі запоўненыя скрыні для галасаваньня. Паводле некаторых паведамленьняў, падчас рэфэрэндуму назіральнікам чынілі перашкоды, актыўнасьць выбаршчыкаў была вельмі нізкаю. Аднак прадстаўнікі выбарчай камісіі Азэрбайджану абверглі гэтыя паведамленьні.

«Рэфэрэндум 26 верасьня, як і меркавалася, прайшоў з фальсыфікацыямі», — заявіў Радыё Свабода старшыня Партыі Народнага Фронту Азэрбайджану (ПНФА) Алі Керымлі, камэнтуючы вынікі рэфэрэндуму, прысьвечанага зьменам Канстытуцыі Азэрбайджану.

Алі Керымлі
Алі Керымлі

«Вельмі добра, што азэрбайджанскі народ байкатаваў рэфэрэндум. Толькі „карусэльныя групы“, сфармаваныя з працаўнікоў бюджэтных арганізацый, стваралі бачнасьць актыўнасьці выбаршчыкаў. Аднак гэтага было недастаткова, і ўлада арганізавала масавыя ўкіды бюлетэняў у скрыні. Нават прывезьлі ўжо поўныя скрыні на выбарчыя ўчасткі. Гэта ўсё намі чакалася. Вынікі рэфэрэндуму не выказваюць волю народу, зьмены ў Канстытуцыю нелегітымныя і ня будуць прынятыя азэрбайджанскім народам», — сказаў ён.

З ўладаю вядуцца перамовы пра свабоду мітынгаў

Керымлі заявіў, што барацьба ПНФА супраць беззаконьня і фальсыфікацый працягнецца. «Мы, напэўна, зноў вернемся на плошчы. Цяпер пры пасярэдніцтве міжнародных арганізацый вядуцца перамовы з уладамі аб тым, каб на санкцыянаваных мітынгах не было паліцэйскага ўмяшаньня. Перад апошнім мітынгам арыштавана 86 сяброў нашай партыі, а пасьля мітынгу яшчэ сотні людзей. Мы пакуль не прынялі рашэньне аб несанкцыянаваных мітынгах. Хочам праводзіць санкцыянаваныя мітынгі, каб простыя людзі змаглі прыняць у іх удзел. Аднак, калі людзей арыштоўваюць, мы застаёмся на плошчах толькі з самымі адважнымі грамадзянамі. Стараемся, выкарыстоўваючы ціск міжнародных арганізацый, дамагчыся забесьпячэньня свабоды сходаў, каб людзі змаглі выказаць пратэст фальсыфікацыям на рэфэрэндуме, парушэньня іх правоў.

Унутры краіны няма прававога мэханізму даказаць фальсыфікацыю выбараў. Мы ня можам дамагчыся справядлівасьці ў мясцовых судах. Нашы скаргі на незаконнасьць рэфэрэндуму немагчыма данесьці да Эўрапейскага суду. Гэта магчыма толькі ў дачыненьні да парлямэнцкіх выбараў. У азэрбайджанскага народу няма магчымасьці прававым шляхам супрацьстаяць фальсыфікацыі выбараў. Варта весьці палітычную барацьбу для кардынальных зьмен у палітычнай сфэры», — дадаў Алі Керымлі.

Дзеці прэзыдэнта Аліева — Гейдар, Арзу і Лейла.
Дзеці прэзыдэнта Аліева — Гейдар, Арзу і Лейла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG