Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская антыядзерная кампанія патрабуе спыніць будоўлю БелАЭС


Фота: Тацяна Каліноўская

Фота: Тацяна Каліноўская

Актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі (БАЯК) лічаць недапушчальным выкарыстаньне рэактара пасьля інцыдэнту, які здарыўся на будаўнічай пляцоўцы ў Астраўцы, і патрабуюць неадкладна спыніць будоўлю станцыі.

Адкрыты ліст Беларуская антыядзерная кампанія адрасавала кіраўніцтву Беларусі, Літвы і Эўразьвязу, органам, якія будуюць БелАЭС і кантралююць будоўлю, а таксама ўплывовым міжнародным арганізацыям — Камітэту па ажыцьцяўленьні канвэнцыі Эспаа і МАГАТЭ.

Аўтары ліста, у ліку якіх экспэрты ў атамнай галіне прафэсар, доктар тэхнічных навук Георгі Лепін, кандыдаты тэхнічных навук Юры Варонежцаў і Ягор Фядзюшын, даюць сваю ацэнку афіцыйным заявам і камэнтарам пра інцыдэнт 10 ліпеня з корпусам рэактара першага энергаблёку. Зварот таксама падпісалі Беларуская партыя «Зялёныя» і ГА «Экадом».

Як гаворыцца ў лісьце, афіцыйная інфармацыя пра інцыдэнт, якая ёсьць на сёньняшні дзень, дае падставы меркаваць, што «падчас перамяшчэньня пры дапамозе стропаў і крана корпус рэактара нахіліўся і атрымаў удар у ніжнюю частку корпусу аб пліты мантажнай пляцоўкі».

Актывісты кампаніі сумняюцца ў заявах расейскіх спэцыялістаў, агучаных СМІ, што корпус нібыта не атрымаў ніякіх пашкоджаньняў, бо, паводле афіцыйнай інфармацыі, на ім бачныя сьляды ад стропаў, а яго ніжняя частка «даткнуліся» да бэтоннай пліты пры «сасьлізгваньні».

Улічваючы гэтыя факты, а таксама «асаблівыя патрабаваньні да адсутнасьці якіх-колечы, нават найдрабнейшых дэфэктаў гэтага абсталяваньня», аўтары звароту прыйшлі да высновы аб катэгарычнай непрымальнасьці далейшага выкарыстаньня гэтага корпусу.

БАЯК выказвае недавер генпадрадчыку і заказчыку будаўніцтва, а таксама органам, якія кантралююць будоўлю БелАЭС — расейскай арганізацыі «Атамбудэкспарт», Міністэрству энэргетыкі Беларусі і РУП «Беларуская атамная электрастанцыя», бо інфармацыя пра інцыдэнт спачатку два тыдні замоўчвалася, а потым мела супярэчлівы характар.

Аўтары адкрытага ліста адзначаюць, што афіцыйныя паведамленьні пра інцыдэнт спараджаюць яшчэ больш пытаньняў: навошта рэактар перамяшчалі ў начны час сутак; якое абсталяваньне выкарыстоўвалася пры перамяшчэньні; ці магчымая поўная і вычарпальная дэфэктаскапія корпусу рэактара на пляцоўцы будоўлі АЭС?

БАЯК патрабуе неадкладна і безумоўна спыніць будоўлю АЭС, а таксама стварыць незалежную міжнародную камісію, каб кампэтэнтна і аб’ектыўна расьсьледаваць інцыдэнт, з уключэньнем у яе склад сваіх экспэртаў.

Аўтары звароту лічаць неабходным даручыць расьсьледаваньне інцыдэнту і іншых парушэньняў на будоўлі БелАЭС Генэральнай пракуратуры Беларусі і патрабуюць апублікаваць відэазапіс інцыдэнту разам з экспэртнымі заключэньнямі ацэнкі яго наступстваў.

XS
SM
MD
LG