Афіша
Менск — літаратурна-музычная вечарына да Міжнароднага дня перакладчыка «І кожны міг сябе я пазнаю часьцінкай зьлітаю вялікага сусьвету...» Дзяржаўны літаратурна-мэмарыяльны музэй Якуба Коласа, вул. Акадэмічная, 5. Пачатак а 16-й.
Менск — у межах кампаніі «Пяцісотгоднасць» да юбілею першага скарынаўскага выданьня пройдзе Кракаўская#СкарынаВечарына. Адрас: 3-ці Загарадны завулак, 11. Пачатак а 19-ай.
У гісторыі
1939 — Гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз падпісалі дамову аб дружбе і супольнай мяжы.
1953 — Мікіта Хрушчоў абраны 1-м сакратаром ЦК КПСС.
У гэты дзень нарадзіліся:
1803 — Праспэр Мэрымэ, францускі пісьменьнік.
1924 — Марчэла Мастраяні, італьянскі кінаактор.
1929 — Дмытро Паўычка, украінскі паэт, герой Украіны. У 1995 годзе падпісаў ліст украінскіх пісьменьнікаў у абарону беларускай мовы.
1934 — Брыжыт Бардо, француская кінаакторка, актывістка руху абароны правоў жывёлаў, сэкс-сымбаль эўрапейскага кіно 1960-х. Зьнялася ў больш як паўсотні кінакарцінаў.
1938 — Мечыслаў Грыб, беларускі палітык, генэрал-лейтэнант міліцыі. У студзені 1994 году стаў старшынём Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, замяніўшы на гэтай пасадзе Станіслава Шушкевіча. Пад старшынствам Мечыслава Грыба Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 году прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
1944 — Мілаш Зэман, прэзыдэнт Чэскай Рэспублікі.
У гэты дзень памёрлі:
1937 — Уладзіслаў Галубок, беларускі пісьменьнік, рэжысэр, актор, тэатральны дзяяч, мастак,заснавальнік Беларускага дзяржаўнага вандроўнага тэатру, народны артыст БССР. Быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе.
1970 — Джон Дос Пасас, амэрыканскі пісьменьнік.
1991 — Майлз Дэвіс, амэрыканскі джазавы музыка.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
Настане дзень, надойдзе час,
Мы крэпку столь звядзём,
І лепшай прышласцю для нас
Быць мусіць новы дом!
Працуйма, брацця! Хай хутчэй
Наш льецца пот цурком:
Прыжджэм і мы святлейшых дней,
Як скончым строіць дом!..
Уладзіслаў Галубок