Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Жыгамонт: Цяпер я сам буду кантраляваць «дылетанта»


Юры Жыгамонт
Юры Жыгамонт

Знакаміты падарожнік Беларусі стварае відэа-энцыкляпэдыю беларускіх населеных пунктаў.

12 красавіка запрацаваў сайт Zhygamont.by — пляцоўка, на якой цяпер будуць зьяўляцца новыя і архіўныя выпускі краязнаўчай праграмы «Падарожжы дылетанта».

Перадача Юрыя Жыгамонта, якая выходзіла на беларускім тэлебачаньні цягам 15 год, спынілася на тэлеканале СТБ яшчэ ў лютым 2015 году. Сам аўтар тлумачыць такую сытуацыю складаным эканамічным становішчам у краіне — у канала папросту не знайшлося грошай, каб аплочваць далейшы выхад праграмы.

«Цяпер усе пераходзяць у інтэрнэт. На тэлебачаньні ня ўсе людзі маглі глядзець „Падарожжы дылетанта“. На сайце СТБ далёка ня ўсе выпускі выкладаліся — адну выкладуць, а пяць — нідзе няма. А людзі часта шукаюць канкрэтны выпуск, калі, гэта, скажам, іх родная вёска. Таму створаны сайт, на ім паступова будуць зьяўляцца новыя і архіўныя выпускі — і з БТ, і з СТБ. Таму я лічу вельмі станоўчым пераход „дылетанта“ ў інтэрнэт. Інтэрнэтам цяпер карыстацца ўсе, гэта ня тое, што было 5-6 год таму», — сказаў Юры Жыгамонт Свабодзе.

На сайце ў хуткім часе зьявіцца мапа падарожжаў дылетанта, на якой будуць пазначаныя ўсе населеныя пункты, пра якія выходзілі праграмы.

«Такім чынам любы чалавек зможа ляснуць па населеным пункце і паглядзець тую праграму, якая яго цікавіць. У выніку будзе створаная відэа-энцыкляпэдыя Беларусі — з падарожжамі ў беларускія вёскі і мястэчкі».

Юры Жыгамонт кажа, што некаторыя праграмы, якія выходзілі ў межах БТ, трэбу будзе перазапісаць, таму што «калі перадача выходзіла на БТ, то не заўсёды можна было паказаць альбо распавесьці ўсё, што хацелася». Свабодзе ён патлумачыў, што гаворка вядзецца не пра палітычныя ці ідэалягічныя моманты, а пра агульную кампазыцыю праграмы:

«Працуючы на беларускім тэлебачаньні, я быў простым вядучым. А саму праграму рабіў ня я. Мантажом займаліся зусім іншыя людзі, яны ж выбіралі музыку. Такім чынам ёсьць шмат кавалкаў відэа з цудоўнымі мясьцінамі, якія ня трапілі ў перадачу, хоць я і прасіў іх уключыць. А цяпер я цалкам буду кантраляваць працэс стварэньня кожнага выпуску».

Цяпер каманда «Падарожжаў дылетанта» складаецца з чатырох чалавек: вядучы і сцэнарыст Юры Жыгамонт, апэратар, рэдактар і кіроўца аўто, на якім каманда падарожнічае.

Пакуль на сайце можна паглядзець толькі адзін новы выпуск «Падарожжаў дылетанта» — зь вёскі Тракелі Воранаўскага раёна. Мяркуецца, што новая перадача будзе выходзіць штотыдзень. Наступны выпуск — пра мястэчка Шчэчыцы Мастоўскага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG