Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працоўныя калектывы школ і гімназіяў вылучылі амбасадара Варанецкага на самую канкурэнтную акругу


Валер Варанецкі

Валер Варанецкі

На сёньняшні дзень тут вырашылі балятавацца 9 чалавек. Гэта:

— амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і прадстаўнік пры АБСЭ Валер Варанецкі;

— першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч;

— выкладчык БДУ Андрэй Іваноў;

— дырэктар інфармацыйна-практычнай установы «Эфэктыўнае кіраваньне будынкамі» Ўладзімер Навасяд;

— пэнсіянэрка Надзея Іюльская;

— дырэктар таварыства «Мэталоптзбыт» Максім Крупейчанка;

— намесьнік генэральнага дырэктара таварыства «Цэнтарэнэргамантаж» Андрэй Бугроў;

— дырэктар таварыства «Майстарвэнттэхналёгіі» Ігар Нікіцін;

— кіраўніца дзіцячай установы «Ясьлі-сад № 137» Алена Бухарцава.

У выбарчай камісіі 94-й акругі Свабодзе паведамілі, што былога намесьніка міністра замежных спраў Варанецкага вылучылі некалькі калектываў: школы, гімназіі. Але сярод іх няма працоўнага калектыву Міністэрства замежных спраў.

На апошняе і зьвярнуў увагу былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня і Палаты прадстаўнікоў 2 скліканьня Ўладзімер Навасяд.

«У Выбарчым кодэксе адназначна прапісана, што працоўны калектыў мае права вылучаць свайго кандыдата толькі па той акрузе, дзе гэты калектыў месьціцца, — кажа спадар Навасяд. — А Міністэрства замежных спраў знаходзіцца на тэрыторыі суседняй, 95-й акругі. Мне вельмі цікава, чаму школы вылучаюць кандыдатам дыплямата, які даўно працуе за межамі Беларусі?»

«Спадар Навасяд мае рацыю, калі кажа, што працоўны калектыў мае права вылучаць кандыдата ў дэпутаты толькі на тэрыторыі той акругі, дзе гэты калектыў знаходзіцца, — кажа Свабодзе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. — Закон дазваляе вылучаць кандыдатам чалавека, які не працуе ў канкрэтным калектыве, але толькі па акрузе, дзе зарэгістраваная працоўная ўстанова.

Я разважаю так: сабраць працоўны калектыў Міністэрства замежных спраў зь неабходным кворумам — гэта вялікая праблема. Усё ж супрацоўнікі зьнешнепалітычнага ведамства раскіданыя па ўсёй зямной кулі».

1 жніўня — апошні дзень, калі можна падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Гэта тычыцца ўсіх прэтэндэнтаў, незалежна ад таго, як яны вылучаліся — ад працоўных калектываў, палітычных партыяў ці праз збор подпісаў. Спадар Лазавік нагадаў, што сёньня дакумэнты будуць прымацца да 19 гадзіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG