Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Хто не пасьпеў — той праляцеў. Сёньня апошні дзень здачы дакумэнтаў на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты


Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў у «Авальнай залі», архіўнае фота

Паседжаньне Палаты прадстаўнікоў у «Авальнай залі», архіўнае фота

1 жніўня ў Беларусі стане апошнім днём, калі можна падаць дакумэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня. Гэта тычыцца ўсіх прэтэндэнтаў, незалежна ад таго, як яны вылучаліся — ад працоўных калектываў, палітычных партыяў ці праз збор подпісаў.

Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, пакуль паступілі дакумэнты ад 263 прэтэндэнтаў. То бок на адно са 110 парлямэнцкіх месцаў прэтэндуюць больш за два чалавекі.

«Але мы ўпэўненыя, што іх будзе болей, — сказаў Свабодзе сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік. — Ад кампаніі да кампаніі я назіраю адну і тую ж зьяву — многія кандыдаты адкладаюць здачу дакумэнтаў да апошняга дня. Магчыма, яны думаюць, што ў камісіяў будзе меней часу для праверкі. Іншага тлумачэньня для такой тактыкі я ня маю.

Дакладную лічбу пакуль ніхто не назаве. Але на збор подпісаў зарэгістраваліся 443 групы. Ну, няхай частка зь іх адмовіцца ад выбараў — ці не зьбярэ неабходную колькасьць подпісаў, ці зь нейкай іншай прычыны. Аднак палітычныя партыі, як вядома, вылучылі таксама шмат прэтэндэнтаў, аднак ад іх дакумэнтаў яшчэ паступіла мала. Думаю, урэшце мы выйдзем на лічбу 4–5 прэтэндэнтаў у сярэднім на адзін мандат».

Сярод тых, чые дакумэнты ўжо знаходзяцца ў камісіях, — старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, філёзаф Уладзімер Падгол, удзельнік апошняй прэзыдэнцкай кампаніі Мікалай Улаховіч...

Аглядальнікі зьвярнулі ўвагу, што ў гэтым сьпісе днямі нечакана зьявіўся былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі, а цяпер амбасадар у Аўстрыі і пры АБСЭ Валер Варанецкі, якога вылучыў працоўны калектыў. Маўляў, такое ўражаньне, што яго рыхтуюць на пасаду старшыні міжнароднай камісіі новага складу Палаты, а можа нават і намесьніка старшыні ніжняй палаты.

Цікава, што ён зьбіраецца балятавацца ў Сьвіслацкай акрузе Менску, дзе ў кампаніі таксама ўдзельнічаюць першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч і экс-дэпутат Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Навасяд.

На праверку дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў адводзіцца 10 каляндарных дзён.

XS
SM
MD
LG