Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Братам-гандлярам са ждановіцкага рынку мрояцца «нацысты»


Савецкі сьцяг над рынкам у Ждановічах, архіўнае фота

Савецкі сьцяг над рынкам у Ждановічах, архіўнае фота

Шырокі розгалас атрымала чарговая гісторыя змаганьня грамадзкага актывіста Гэніка Лойкі з прапагандыстамі «русского мира». Пры канцы мінулага тыдня скульптар наведаўся на рынак «Ждановічы», дзе ягонае вока «зачапілася» за сьцяг СССР, які лунаў над адным з развалаў.

Спробы высьветліць, якія мэты перасьледавалі гандляры, уздымаючы сьцяг дзяржавы, якой не існуе, выклікалі агрэсіўную рэакцыю. Агрэсія скіравалася найперш на беларускую мову Лойкі. Мужчыны за прылаўкам паабяцалі, што калі Саюз адновіцца, «пшэкаў, хахлоў ды іншых бандэраўцаў будуць расстрэльваць без суду і сьледзтва».

Гэнік Лойка перакананы, што недаацэньваць падобныя выказваньні не выпадае — нават у рэчышчы тэорыі Фройда: калі чалавек кажа, што будзе забіваць, значыць, маральна ён да гэтага падрыхтаваны. А таму напісаў заяву ў Камітэт дзяржбясьпекі і цяпер чакае адтуль рэагаваньня.

«Шоў рабіце на тэлебачаньні, а зарабляць на нас не дазволім»

Наколькі моцная настальгія па савецкім часе перасьледуе новых знаёмцаў Лойкі? Радыё Свабода знайшла на ждановіцкім рынку гандляроў, якія ня супраць «закапаць усіх ворагаў дзяржавы ў карʼеры». Іх працоўнае месца — адразу пры выхадзе з падземнага пераходу ад прыпыначнага пункту электрычак «Лябяжы».

Гэта два браты сярэдняга ўзросту, тут жа вартуе торбы з таварам іх маці. На стале раскладзены асартымэнт, які міжволі падаграе ваяўнічы настрой — муляжы аўтаматаў, пісталетаў, гранатаў ды іншых боепрыпасаў. На высокім самаробным флягштоку над арсэналам — сярпаста-малаткасты савецкі сьцяг.

Савецкі сьцяг над рынкам «Ждановічы»

Савецкі сьцяг над рынкам «Ждановічы»

Ужо пасьля першых хвілін стала зразумела, што канструктыўнай размовы не атрымаецца. Мужчыны адмовіліся прадстаўляцца. Фатаграфавацца — тым больш. Хутка перайшлі на падвышаныя тоны, адзін дзеля даходлівасьці аргумэнтаў усё парываўся патрэсьці за рукавы. Лойку згадалі адразу, самыя мяккія эпітэты ў ягоны бок — хворы, ненармальны, псых і г.д. І калі мама яшчэ спрабавала знайсьці нейкія апраўданьні дзеяньням добраахвотнага «рэвізора», то сыны былі настроеныя рашуча. Некаторыя выразы вырываліся проста ва ўнісон, супадзеньне пазыцый абсалютнае:

«На рынку працуюць ягоныя суседзі па кватэры, кажуць, што ён зварʼяваны на палітычнай глебе, а з такімі размаўляць бессэнсоўна, — ставяць дыягназ браты. — Пачаў нам нешта ўказваць, загадваць. Паслухай, дык вунь амэрыканскі сьцяг вісіць, ты ж нічога не гаворыш? А савецкі табе перашкаджае. Ты што, б... наехаў? Ідзі прыбяры амэрыканскі, ангельскі, нямецкі. І ўвогуле, кажам, не перашкаджай гандляваць. Адпіхнулі, ён і пайшоў».

Абяцаньні Гэніка Лойкі вярнуцца ў суправаджэньні міліцыі братоў толькі павесялілі. Адзін зь іх удакладніў, што працуе тут 16 гадоў і «розных дурняў» на сваім вяку пабачыў зь лішкам:

«Яго трэба ў дурку здаваць, гэта псыхічна ненармальны чалавек. Калі разабрацца, ён тут ходзіць і ўсіх агітуе супраць дзяржавы. Дык за такое расстрэльваць трэба. Кажа, што ён беларус. Ты беларус? За каго тады агітуеш? За развал Беларусі? Ён жа не за Беларусь агітуе, не за прэзыдэнта, наадварот. Хочаце гэта пачуць? Хай прыходзіць міліцыя, хай выклікае. Ды мы самі хутчэй выклічам, бо проста ўжо надакучыла. Каб больш не хадзіў, каб забралі н... на 15 сутак».

Ад Лойкі цэнтар увагі плаўна зьмясьціўся на асобу журналіста. Браты-гандляры папярэдзілі, што шоў на сваім бізнэсе нікому рабіць не дазволяць:

«Значыць, так: калі хочаце ўчыніць шоў, адразу выклікайце міліцыю. Мы не дазволім тут рабіць шоў. Усе размовы — у прысутнасьці сьведак. Калі таксама прыйшлі па шоў, то я вас адсюль выдвару. Шоў рабіце на тэлебачаньні, а зарабляць на нас грошы ня маеце ніякага права. А калі ён [Лойка] вернецца, ніякай дабрыні ня будзе: выклікаем усіх — праваахоўныя органы, КДБ — і робім шоў. Адразу тэлефануем ці будзеце ўціхушку запісваць? Ня пройдзе так, каб на нас рабіць грошы. Цяпер я вам папулярна патлумачыў? Вось і добра. Калі шоў, то павінна быць уся адміністрацыя, ажно да прэзыдэнта. А то, гляджу, на халяву хочаце праскочыць...»

«Нацысты хаваюцца пад нямецкімі і амэрыканскімі сьцягамі»

Павучыўшы, што дарэмна журналісты рэагуюць на «розных правакатараў», мужчыны параілі для пачатку разабрацца з «нацыстамі», якія акупавалі ждановіцкі рынак. Іх, аказваецца, лёгка вылічыць па характэрных сьцягах — нямецкіх, амэрыканскіх, брытанскіх. Такая сымболіка вісіць над некаторымі павільёнамі з сэканд-хэндам, каб падкрэсьліць, адкуль прывезены тавар:

«На што вы тут рэагуеце, на які сыгнал? На сыгнал рэагуе міліцыя, Камітэт бясьпекі. А вы на што рэагуеце — на ўсялякую х...? Лепш паглядзіце, што ў падʼездах творыцца... Рэагуеце, што ненармальны прэзыдэнта хоча скінуць? Ці, можа, на тое, што навокал сьцягі вісяць нацысцкія? Ці ва ўпор ня бачыце? А нямецкі — гэта хіба не нацысцкі? А Брытанія, Амэрыка, якая паўсьвета захапіла? Не нацысцкія сьцягі? І што вы сюды савецкі прыплятаеце, калі ўжо няма такой дзяржавы? Яе даўно развалілі! А ўсе гэтыя краіны ёсьць. Чаму на іх не рэагуеце?».

Беларуская прадукцыя з настальгіяй па СССР — гумовы дыванок для аўто

Беларуская прадукцыя з настальгіяй па СССР — гумовы дыванок для аўто

Спробы ўхіліцца ад вывядзеньня на чыстую ваду «нацыстаў» толькі ўзмацнілі падазрэньні ў неляяльнасьці да існуючага рэжыму, і браты далі волю эмоцыям:

«Дык на якім вы баку? З тымі, хто хоча скінуць прэзыдэнта? Каб зрабіць шоў і разваліць нашу дзяржаву, штурхнуць яе куды — у хаос! Як Украіну. Да гэтага ведзяце Беларусь? Толькі калі далей гаварыць, тут ужо будзе відэакамэра спэцслужбаў, а вас паставяць побач з тым псыхам. І вось тады мы пачуем, што ён адкажа і што вы адкажаце — як хацелі разам зь ім скінуць нашага прэзыдэнта. Што, не? Мы за яго, а вы за каго? За Амэрыку? Чаго тады прыйшлі, адрэагаваць на псыха? Калі журналіст, то чаму не на Данбасе, чаму не ў Алепа, а ў Ждановічах? Нашу пазыцыю пачулі? Дзьвюма рукамі за Аляксандра Рыгоравіча, а вы за каго? Значыць, так: ідзіце, а шоў пачнецца, мы выклікаем усіх. Прыкладна ўжо ведаеце, як гэта будзе. Толькі адразу падрыхтуйцеся адказаць, за каго вы...»

Гэнік Лойка не зьбіраецца пакідаць сытуацыю без кантролю і абяцае суцішыць ваяўнічыя настроі аматараў савецкай мінуўшчыны. Па яго словах, пад чырвоным сьцягам зь сярпом і молатам адбывалася татальная русыфікацыя Беларусі, сотні тысяч беларусаў былі зьнішчаныя на падставе сфабрыкаваных спраў. Публічна ўздымаць пасьля гэтага «крывавы сьцяг» — як мінімум дэманстраваць уласную неадукаванасьць і прапагандаваць цемрашальства.

На перакананьне Лойкі, гістарычны лікбез, хай і прымусовы, ягоным знаёмцам зусім не зашкодзіць. Весьці «лекцыю» плянуе з выхаваўчым раздражняльнікам — бел-чырвона-белай стужкай на галаве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG