Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Кінесься разьнімаць суседзяў — дык і табе ў нос могуць даць...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У пошце Свабоды па-ранейшаму дамінуюць тэмы, так ці інакш зьвязаныя з вайной на паўднёвым усходзе Ўкраіны. Як змаганьне ўкраінцаў за незалежнасьць і цэласнасьць сваёй дзяржавы можа паўплываць на сытуацыю ў Беларусі? Чаму прэзыдэнт Лукашэнка менавіта такім чынам адрэагаваў на ўкраінскія падзеі і ці ня стане Беларусь наступнай ахвярай маскоўскай кампаніі ў справе зьбіраньня так званага «Русского мира»?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Аляксей Аніскевіч са Слоніма піша:

«Калі суседзі б’юцца паміж сабой — лепш ня ўмешвацца, гэта я з уласнага досьведу ведаю. Лепш пастаяць убаку, паназіраць, падумаць... І асабліва разьнімаць ня трэба. Кінесься разьнімаць — дык і табе ў нос могуць даць. А так — паб’юцца, раскрывавяць адзін другому морды — урэшце стомяцца і перастануць. Вось тады і аднаму можна дапамагчы раны перабінтаваць, і другому зламаны плот падправіць — па-суседзку. Яны варагуюць — а ты і з адным добрыя адносіны падтрымлівай, і з другім... У выніку толькі ты ў выйгрышы і застанесься.

Думаю, што наш Лукашэнка правільна робіць, калі стаіць убаку ад украінска-расейскага канфлікту на Данбасе. Мне здаецца, што пры гэтым ён разважае прыкладна гэтак жа, як і я — па-жыцейску, па-вясковаму.

Беларусі ўвогуле ў гэты неспакойны час трэба сьцішыцца ды пераседзець убаку ад гэтых міжнародных бураў і штормаў. Наш народ гэта падсьвядома адчувае — таму і не падтрымлівае ніякіх апазыцыянэраў ды рэвалюцыянэраў. І выбарчая кампанія наступнага году ў выніку ў нас будзе ціхая і непрыкметная: апазыцыі абсалютна няма на што спадзявацца.

На добры лад, выбары ўвогуле ня варта праводзіць: толькі грошы марнаваць

На добры лад, выбары ўвогуле ня варта праводзіць: толькі грошы марнаваць. Усе ж усё выдатна разумеюць: і ўлада, і апазыцыя, і грамадзтва. Каму патрэбныя гэтыя інсцэніроўкі? Няхай бы Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў законапраект: у сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай адмяніць чарговыя выбары і перанесьці іх, напрыклад, на 2020 год. Нехта сумняецца, што Палата прадстаўнікоў аднагалосна за такі закон прагаласавала б? Асабіста я — не. А на зэканомленыя грошы можна было б, напрыклад, увесьці зьніжкі пэнсіянэрам на праезд у грамадзкім транспарце. Запэўніваю: беларусы ўспрынялі б гэта з захапленьнем. І доўга б дзякавалі Лукашэнку».

Для ўлады, спадар Аляксей, вельмі важныя вонкавыя, фармальныя прыкметы сваёй легітымнасьці. Паколькі Аляксандар Лукашэнка — ня царскі сын і не спадкаемца трону, а беларуская дзяржава — ня спадчынная манархія, дык такую легітымнасьць дае толькі выбарчая кампанія. Ня будзе выбараў — дык кім ён паўстане ў вачах сваіх калегаў — кіраўнікоў краін? Самазванцам-узурпатарам? Што праўда, большасьць прэзыдэнтаў, шэйхаў ды эміраў, зь якімі ён падтрымлівае сталыя адносіны, і самі падаўжаюць свае ўладныя паўнамоцтвы з дапамогай працэдураў, якія толькі ўмоўна можна назваць выбарамі. Але ўсё ж вонкава цырымоніі выконваюцца — гэта важна нават у іхным асяродзьдзі.

Што да міратворчай ролі Лукашэнкі і ягонай нібыта нязгоды з палітыкай Масквы адносна Ўкраіны, то заўважым, што апошнім часам ён увогуле перастаў выказвацца на гэтую тэму. А падчас нядаўняй сустрэчы з расейскім міністрам замежных спраў Лаўровым усяляк запэўніваў у сваёй адданасьці Маскве і прасіў перадаць Пуціну, што (цытую) «Вашы праблемы — гэта нашы праблемы».

✉ ✉ ✉

Наступны ліст даслаў Аляксандар Гагін са Смаргоні. Сярод іншага, слухач наракае на тое, што апазыцыйна настроеныя грамадзяне ў Смаргоні не жадаюць дэманстраваць свае погляды адкрыта. Спадар Аляксандар піша:

«Некалькі тыдняў таму ў розных гарадах Беларусі адзначалі гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сьвяткавалі і ў нас у Смаргоні. Прыхільнікі Леніна ўсклалі раніцай 7 лістапада вянок да помніка правадыру. А потым тут зьявіўся і іншы вянок — з калючага дроту. Хто гэта зрабіў — невядома. Увогуле, пра гэтую акцыю ў Смаргоні мала хто ведаў.

І вось у мяне ў сувязі з гэтым пытаньне: навошта выкарыстоўваць такую „пацучыную“ тактыку? Хочаш зрабіць — дык зрабі адкрыта. Калі мастак Алесь Пушкін у 2012 годзе захацеў ушанаваць памяць Расьціслава Лапіцкага, дык ён ні ад кога не хаваўся».

Так, спадар Аляксандар, Алесь Пушкін ды іншыя мастакі тады не хаваліся. Вырашыўшы ўшанаваць памяць кіраўніка антыкамуністычнага пасьляваеннага падпольля Расьціслава Лапіцкага, расстралянага НКВД, яны прайшлі зь ягонымі партрэтамі па горадзе і зладзілі выставу. За гэта іх затрымалі і даставілі ў міліцыю. Пазьней суд прысудзіў усім удзельнікам акцыі памяці мільённыя штрафы, а Алесю Пушкіну як арганізатару — 10 сутак адміністрацыйнага арышту. І пасьля гэтага, спадар Аляксандар, вас зьдзіўляе, што людзі ў Смаргоні ня важацца адкрыта дэманстраваць свае палітычныя погляды?

✉ ✉ ✉

Кастусь Сырэль з Вушачаў у сваім новым допісе спрабуе іранічным позіркам акінуць беларускую (і ня толькі беларускую) паўсядзённасьць, а таксама тых асобаў, ад якіх штодзённыя беларускія рэаліі найперш залежаць. Слухач піша:

«Апошнім часам наш Рыгоравіч праяўляе проста незвычайную актыўнасьць. І з дармаедамі пачаў непрымірымую барацьбу, і Эміраты па надзвычай пільных справах наведаў разам з хакеістамі, фігурысткамі і Міколкам (як жа там безь яго абыдзецца!). Пасьля Эміратаў абвясьціў усіх банкіраў марнатраўцамі, а палякаў — патэнцыйнымі захопнікамі Гарадзеншчыны.

Пасьля кожнай прамовы Рыгоравіча ў мяне пачыналі сьвярбець пальцы і я садзіўся за кампутар, каб напісаць на Свабоду грунтоўны, сур’ёзны ліст і выказацца па закранутых прэзыдэнтам важных пытаньнях. Але пасьля разважаньняў пра палякаў, якія коса глядзяць на Гародню, я прыйшоў да высновы, да якой прыходзіў ужо не адзін раз: не заўсёды трэба адносіцца да выказваньняў нашага ўсенароднаабранага сур’ёзна, лепш з гумарам.

І я выдаліў да д’ябла з кампутара ўсе свае нататкі і вырашыў напісаць ліст пра нешта іншае.

...Мне падабаюцца дзівакі. Бязь іх ня так сьмешна жыць. Мне цікава зь імі гутарыць і назіраць за імі, бо яны ўсе — летуценьнікі. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што дзівакі жывуць у рэальнасьці. На самой справе яны лётаюць недзе ў сваіх эмпірэях, мараць пра нешта сваё, патаемнае. Цікава, пра што?

Адзін з маіх даўніх знаёмых дзівакоў увесь свой вольны час прысьвячаў удасканаленьню шэдэўру савецкага аўтапраму пад назвай „Гарбаты «Запарожац»“, у выніку чаго аўто набыло выгляд іншаплянэтнага лятаючага рондаля з васьмю рознакалібэрнымі фарамі і вялізнымі паветразаборнікамі, падобнымі да вушэй Чабурашкі. Б’юся аб заклад, што ён марыў пра першае месца на ральлі Парыж — Дакар, прэмію ў мільён даляраў, эміграцыю ў Італію і плённую працу ў канструктарскім бюро кампаніі „FIATGroup“.

Калі дзівак не займае высокай пасады і ягоныя дзівацтвы не выходзяць за межы ўласнага гаража і сямейнага бюджэту, тады ён бяскрыўдны.

Вось чаму ў Вушачах так шмат фантанаў, толькі ніводзін зь іх не працуе

Горш, калі дзівак кіруе прадпрыемствам ці арганізацыяй. Тады ён робіцца небясьпечным. Я ведаў аднаго такога. Але чаму так сумна — „ведаў“? Ён і дагэтуль жыве, нядаўна на пэнсію выйшаў. Ня ведаю, як цяпер, а калі ён працаваў, то пакутаваў ад вельмі рэдкай хваробы — гідрафіліі, ці аквафіліі. У яго проста рукі сьвярбелі выкапаць якую-небудзь сажалку, ці пабудаваць фантан, ці хоць бы змайстраваць акварыюм. Не сваімі, зразумела, рукамі. Характар гэты аквагідрафіл меў жвавы і непаседлівы, таму ў нашым мястэчку цяжка знайсьці прадпрыемства ці арганізацыю, якімі б ён не кіраваў. І ўсюды ён пакідаў пра сябе памяць у выглядзе якога-небудзь гідразбудаваньня. Вось чаму ў Вушачах так шмат фантанаў, толькі ніводзін зь іх не працуе. Колькі народных грошыкаў на гэта ляснула — ніхто не лічыў. А навошта лічыць, калі грошы не свае, мазалём здабытыя?

Мне няцяжка ўявіць, пра што марыў гэты дзівак — абласны сэмінар па фантанабудаўніцтве, выклік у Менск да прэзыдэнта, ордэн „Герой Беларусі“, пасада старшыні аблвыканкаму.

Але нашмат горш, калі дзівак кіруе краінай і калі ён клептаман, і зусім дрэнна, калі ён у дзяцінстве не нагуляўся ў салдацікаў ці „марскі бой“. Я ведаю аднаго такога дзівака. Ён, на бяду ўсім, нейкім цудам трапіў у прэзыдэнты Расеі і ўвесь час імкнецца хапнуць тое, што яму не належыць»,

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль, які падпісаўся наступным чынам: «Дзівак з Вушачаў (Бяскрыўдны)».

У сувязі з вашымі, спадар Кастусь, іранічнымі нататкамі многія ў Беларусі, напэўна, успомняць шматгадовую кампанію масавага будаўніцтва лядовых палацаў. Ну, любіць Аляксандар Лукашэнка хакей — што з гэтым зробіш? Зьявіліся лядовыя арэны спачатку толькі ў абласных цэнтрах, потым — у буйных гарадах у абласьцях: Бабруйску, Воршы, Баранавічах, Маладэчне, Лідзе, Салігорску... А вось калі дайшла чарга да гарадкоў невялікіх і ў эканамічным пляне дэпрэсіўных — тут ужо над гэтым дзівацтвам задумаліся ня толькі апазыцыянэры ды іншыя традыцыйныя зласьліўцы. Бо што такое ўтрымліваць лядовы палац, скажам, у Лунінцы, Горках, Івацэвічах ці Бярозе, калі ў гарадзкім бюджэце ня тое што на дарагія лядовыя забавы — на самыя перашарадныя сацыяльныя патрэбы грошай нестае...

Што праўда, вялікае лядовае будаўніцтва ў сельскіх раёнах Беларусі пасьля 2011 году спакваля спынілася. Ці то грошы скончыліся, ці то да чыёйсьці галавы дайшло, што Беларусь ня стане чэмпіёнам сьвету па хакеі, нават калі пабудуе хакейны палац у кожным калгасе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG