Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас зь пятніцы спынілі працу канвэера. Сказалі, што ня будзем працаваць да 1 чэрвеня. Абяцаюць захаваць заробак на дзьве траціны, хоць і без таго заробкі ўвесну скараціліся», — паведаміў карэспандэнту Свабоды працаўнік аб’яднаньня «Атлант», якое выпускае лядоўні ды іншую бытавую тэхніку.

Што тлумачаць у адміністрацыі прадпрыемства пра прычыны спыненьня працы? Намесьнік дырэктара па ідэалёгіі Аляксандар Машко адмовіўся камэнтаваць сытуацыю на прадпрыемстве праз тэлефон. «Напішыце афіцыйны запыт, тады адказныя асобы падрыхтуюць адказ. Гэткі парадак уведзены ў інтарэсах прадпрыемства, каб не наносіць яму стратаў».

Паводле крыніц на «Атланце», часовае прыпыненьне зборкі лядоўняў зьвязанае зь недахопам заказаў і затаваранасьцю складоў гатовай прадукцыяй.

Большасьць сваёй прадукцыі аб’яднаньне «Атлант» прадае ў Беларусі і Расеі, частка пастаўляецца ў іншыя краіны СНД і далёкае замежжа. Яшчэ ў 2013 годзе на прадпрыемстве рабілі некалькі соцень працаўнікоў з Таджыкістану ды іншых краін Сярэдняй Азіі, але ад іхніх паслугаў адмовіліся, калі скараціліся заказы на прадукцыю «Атланта». З 2014 году на «Атланце» сталі ўсё часьцей практыкаваць скарочаны працоўны тыдзень з адпаведным зьмяншэньнем заробку ці нават спыняць канвэер прадпрыемства адразу на некалькі дзён.

Гэтая тэндэнцыя ўласьцівая ўсёй беларускай прамысловасьці, асабліва машынабудаваньню. Паводле Міністэрства прамысловасьці, у 2015 годзе ў пэрыяд са студзеня па сакавік на працу зь няпоўным працоўным часам было пераведзена больш за 99 тысяч чалавек, што ў тры разы болей за адпаведныя паказчыкі пачатку 2014 году. Гэтак, рэгулярнымі сталі шматдзённыя спыненьні галоўных канвэераў на МТЗ, МАЗе, «Гомсельмашы» ды іншых прадпрыемствах.

Чаму прадпрыемствы не скарачаюць колькасьць працаўнікоў, каб аптымізаваць страты? Экспэрты адзначаюць, што штучная занятасьць падтрымліваецца на загад палітычнага кіраўніцтва краіны.

«Захоўваньне працоўных месцаў — сталае і ключавое патрабаваньне да любога з кіраўнікоў. Ня мае значэньня, гэта прыватнік ці дзяржаўны ўласьнік. Наша агульная першачарговая мэта — не дазволіць, каб з-за нейкіх складаных сытуацыяў у эканоміцы людзей звальнялі з прадпрыемстваў», — казаў Аляксандар Лукашэнка на нядаўнім зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

XS
SM
MD
LG