Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя з замежнымі візытамі Аляксандра Лукашэнкі выявілася вельмі дзіўнай.

У міжнароднай практыцы прынята, што першая паездка за мяжу новага ці наноў выбранага старога кіраўніка дзяржавы ці ўраду зьяўляецца сымбалічнай, яна павінна прадэманстраваць прыярытэты вонкавай палітыкі. Першы візыт зьяўляецца пэўным маркерам, які пазначае найбольш важнага замежнага партнэра, саюзьніка, сябру.

Дарэчы, расейскія лідэры, як правіла, сваёй першай паездкай пасьля прыходу да ўлады абіраюць менавіта Беларусь. Напрыклад, у 1990-я гады нават новыя прэм’ер-міністры РФ спачатку наведвалі Менск. І Ўладзімер Пуцін пасьля свайго абраньня ў 2012 годзе найперш зрабіў візыт якраз у беларускую сталіцу.

Здавалася б, не было пытаньняў і наконт першай паездкі Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. 16 лістапада ён сустрэўся з амбасадарам РФ у Беларусі Аляксандрам Сурыкавым для абмеркаваньня свайго першага афіцыйнага візыту ў Маскву. І пры гэтым заявіў:

«Гэта правільна будзе, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, як звычайна, я наведваю не чужую мне Расію, як бы камусьці не падабалася. Думаю, гэта будзе правільна, і гэта адказ на многія пытаньні».

Але тут ёсьць адзін нюанс. Справа ў тым, што фактычна свой першы замежны візыт Лукашэнка зьдзейсьніў у Казахстан. 15—16 лістапада праз чатыры дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён паехаў туды на саміт СНД. Але фармальна новы прэзыдэнцкі тэрмін пачынаецца з моманту інаўгурацыі. Таму гэтую паездку ў Казахстан можна і не лічыць за першы візыт.

Аднак паездка ў Маскву, заплянаваная на 25–26 лістапада, не адбылася, яна была перанесеная з-за канфлікту Расеі з Турэччынай. І атрымалася, што першы замежны візыт адбыўся ў Віетнам. А потым у Туркмэністан. Вось дык прыярытэты!

Справа ў тым, што візыт у Віетнам быў заплянаваны даўно. Ён анансаваўся яшчэ ў жніўні. І ўзьнікла праблема. Ці адмяняць візыт у азіяцкую краіну, каб не ствараць няправільнае ўражаньне наконт прыярытэтнасьці замежнай палітыкі, не раздражняць Маскву? Бо сымбалі ў замежнай палітыцы — гэта важная рэч.

Лукашэнка выбраў Віетнам. Хоць гэтая краіна ня мае важнага значэньня для Беларусі. Гандлёвы абарот за мінулы год склаў 169 млн. даляраў. Няшмат. Мінулы раз беларускі кіраўнік быў у Віетнаме ў 2008 годзе. Гандлёвы абарот у тым годзе склаў 124 млн. даляраў. За сем гадоў рост невялікі. Таму і цяпер ня варта чакаць асаблівага плёну ад згаданай паездкі. Думаю, што нічога драматычнага не адбылося б, калі б Лукашэнка адмяніў свой візыт у гэтую краіну дзеля таго, каб не псаваць адносіны з Масквой.

Аднак першы візыт усё ж адбыўся менавіта ў Віетнам. І гэта можна разглядаць як пэўны дыпляматычны дэмарш у бок Расеі.

Аднак першы візыт усё ж адбыўся менавіта ў Віетнам. І гэта можна разглядаць як пэўны дыпляматычны дэмарш у бок Расеі. Што сьведчыць аб тым, што беларуска-расейскія адносіны знаходзяцца ў стадыі напружаньня. І гэтым візытам Лукашэнка нібы кажа Маскве, што для Менску сьвет клінам на Расеі не сышоўся.

Расея заўважыла гэты жэст. Наўрад ці можна лічыць выпадковым, што ў той жа дзень, калі Лукашэнка паляцеў у Віетнам, міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў зрабіў адмысловую заяву. Ён адзначыў, што рашэньне аб вылучэньні Беларусі новага крэдыту Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця пакуль не прынятае. Прычым, ягоная аргумэнтацыя была трохі дзіўная і нават штучная. «Мы хацелі б атрымаць канкрэтныя вынікі ад рэалізацыі праграмы мер эканамічнага разьвіцьця, якія былі закладзеныя ў плян дзеяньняў пры атрыманьні гэтага крэдыту», — сказаў міністар. То бок, ад беларускага ўраду патрабуецца ня толькі праграма рэформ, але і «канкрэтныя вынікі ад рэалізацыі праграмы». І толькі пасьля гэтага Расея разгледзіць пытаньне аб крэдыце.

Гэта ж колькі чакаць вынікаў — год-два? І яшчэ адзін тэзіс Антона Сілуанава падаўся спрэчным: «Па Беларусі — мы бачым тут адхіленьне ад першапачатковых паказчыкаў па росьце заробкаў бюджэтнікаў». Але заробкі ў Беларусі ўжо год, як не растуць, апошнія тры месяцы нават падаюць.

Таму, падаецца, тут ужо пачаліся прыдзіркі. І прычына іх зусім не эканамічная. Здаецца, Расея падвышае стаўкі перад перамовамі кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў. Паводле кулюарнай інфармацыі, візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву заплянаваны на 15 сьнежня.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG