Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зьбіраю ў парках глог і яблыкі» — як жыве кваліфікаваны юрыст, які ня можа знайсьці працу


Віктар Андрэеў

Віктар Андрэеў

Гарадзенец Віктар Андрэеў, паводле адукацыі юрыст, ня можа знайсьці працу больш за год, жыве разам з маці на яе пэнсію. Кажа, што псыхалягічна вельмі складана. Але лічыць, што зьмяніць свой статус немагчыма бязь зьменаў у грамадзтве.

Віктару Андрэеву 44 гады. Ён скончыў юрыдычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а затым яшчэ і асьпірантуру. Выкладаў права ў камэрцыйным унівэрсытэце. Але праз тры гады яму не працягнулі кантракт, і пачалося зусім іншае жыцьцё.

Мы размаўляем зь Віктарам у восеньскім парку, пад пажаўцелымі клёнамі. Пра сябе ён гаворыць спакойна, амаль у адным тоне. Кажа, што кім толькі не давялося працаваць пасьля таго, як не працягнулі кантракт, толькі не юрыстам. Уладкавацца па спэцыяльнасьці не ўдавалася ніякім чынам.

— Працаваў інжынэрам па арганізацыі міжнародных перавозак, займаўся вырабамі са скуры, перавучыўся ад цэнтру занятасьці на бухгальтара і працаваў у адной зь фірмаў, нават працаваў вартаўніком у будынку, дзе месьціцца юрыдычны факультэт, на якім я вучыўся...

Я цікаўлюся — чаму не ўдавалася затрымацца на ніводнай з працаў? Спадар Віктар кажа, што выкладаць права яму вельмі падабалася, ён адчуваў ад гэтага задавальненьне і дагэтуль спадзяецца, што быў карысны і для студэнтаў, і для краіны. А працягваць працу не дазволіла кантрактная сыстэма.

Ва ўсіх астатніх выпадках яго бралі на працу на бестэрміновы кантракт, але сыходзіў сам, бо ня мог займацца не сваёй справай. Шукае працы і цяпер, але апошнім часам гэта стала яшчэ больш праблематычна.

Я згодзен месьці вуліцу ці нават працаваць вартаўніком. Але немагчыма знайсьці працоўнае месца

— Вядома, чалавек павінен займацца той працай, якая яму блізкая і прыносіць задавальненьне. Але я не ідэаліст, я разумею, што так у жыцьці не заўсёды бывае, і часам трэба проста зарабляць грошы. Я згодзен месьці вуліцу ці нават працаваць вартаўніком. Але немагчыма знайсьці працоўнае месца. Апошняе месца, дзе мне адмовілі ў працы, — хацеў уладкавацца зьбіраць вазкі ў супэрмаркеце. Чымсьці не адпавядаў гаспадарам крамы. Не адпавядаў — і нават без тлумачэньняў...

Нагадваю спадару Віктару нядаўнія словы прэзыдэнта Лукашэнкі, які сказаў, што ў Беларусі толькі лянівы ня можа зарабіць на жыцьцё. Суразмоўца ўсьміхаецца і кажа, што яшчэ адна высокапастаўленая чыноўніца — спадарыня Ярмошына публічна заявіла, што ў апазыцыю ідуць адны няўдачнікі...

— У свой час Лукашэнка абяцаў народу, што верне страчаныя ўклады лядоўнямі, тэлевізарамі. Але народ дагэтуль нічога так і не атрымаў. І казаць пра тое, хто як у Беларусі можа зарабіць — ён папросту ня мае на гэта маральнага права. Чалавек адарваўся ад рэальнага жыцьця. Я разумею, каб ён зьняў сваю кандыдатуру на выбарах, застаўся б бяз працы, то перакананы, што дакладна нідзе б ня змог уладкавацца. Вось тады ён меў бы хоць падставу казаць пра гэта.

Цікаўлюся ў спадара Віктар — ці ёсьць у яго сямʼя і як жыве на матчыну пэнсію? Пытаньні ня самыя лёгкія, але суразмоўца іх не абыходзіць.

— Сямʼі ў мяне няма, я жыву толькі з мамай. Дый якая можа быць сямʼя, калі я нічога не зарабляю? Нават каб яна і была, то, думаю, у такой сытуацыі папросту развалілася б. А маміна пэнсія — 2 мільёны 900 тысяч старымі грашыма. І мы зусім не жывём, а проста існуём у гэтым жыцьці, проста выжываем...

У нас упершыню наступіла паўза ў размове. Але я прашу спадара Віктара распавесьці ўсё ж, як ім удаецца выжываць на такія грошы. Кажа, што шмат зь якімі рэчамі наагул раней не сутыкаўся ў жыцьці і нават не падазраваў, што яны існуюць.

— Вось хаджу ў парк, зьбіраю глог, яблыкі на нічыіх дрэвах, і заўважаю, што гэта робяць побач са мною яшчэ чалавек шэсьць. Нічога не пытаюся, але разумею, што яны ў такой самай сытуацыі, як я. Я спачатку саромеўся, але потым прызвычаіўся. Мы з гэтых яблыкаў варым з мамай варэньне на зіму. Ад хлеба я наагул адмовіўся, а летась мы не маглі нават набыць гарбаты, пілі або проста кіпень, або заварвалі зёлкі. Ямо бульбу. Калі нарыхтуем гуркоў і памідораў на зіму, то і гэта ёсьць на нашым стале. Крупы, што таньнейшае. А зь мяса можам купіць курыныя сьпінкі. На сьцёгны грошай не хапае.

Мяне цікавіць — як праходзіць дзень беспрацоўнага, чым ён займаецца. Аказалася, што юрыдычная адукацыя не дае сумаваць, нават калі ты беспрацоўны.

— Некаторыя мае знаёмыя, ведаючы, што я юрыст, зьвяртаюцца да мяне з просьбамі дапамагчы ім скласьці тыя ці іншыя юрыдычныя паперы. Некаму ў суд, некаму яшчэ некуды. Раней я мог нават прадстаўляць іхнія інтарэсы ў судзе, але з 2003 году заканадаўства зьмянілася, і цяпер я проста дапамагаю некаторым сваім знаёмым, бо паслугі адвакатаў вельмі дарагія ў нашай краіне. Я, зразумела, ад сваіх знаёмых нічога не патрабую, але некаторыя прыносяць то бульбы, то кавалак каўбасы купяць, ці яшчэ нешта.

На пачатку нашае гутаркі спадар Віктар сказаў, што яму 44 гады. Я нагадаў яму пра гэта і цікаўлюся — у такім узросьце цяжка ўладкавацца на працу, а ці не бывае яшчэ цяжэй псыхалягічна — жыць на пэнсію маці? І як сама маці да гэтага ставіцца?

— Маё шчасьце, што мая маці разумее, што празь сябе не пераскочыш. Мы хацелі б жыць інакш, але ні яна, ні я рэальна пакуль зьмяніць сытуацыю ня можам. І ні ў мяне, ні ў мамы «валасатае рукі» няма. Вось так мы жывём...

— А людзі, якія побач з вамі, суседзі, тыя, хто ведае вас — як яны ставяцца да гэтага?

— У мяне за ўвесь час толькі адзін сусед пацікавіўся — як я жыву і чаму, маючы прафэсію, не магу нідзе ўладкавацца. А астатніх людзей гэта наагул не цікавіць. У лепшым выпадку мы вітаемся, але на гэтым усё... І дзяржаву гэта таксама ніяк не цікавіць.

Нагадваю спадару Віктару, што ў краіне дзейнічае ўказ «аб дармаедах». Як ён да гэтага ставіцца?

— У нас у Канстытуцыі запісана, што кожны чалавек мае права на працу. І я ня супраць плаціць падатак, калі ў мяне ёсьць магчымасьць гэтым правам скарыстацца. Але, прабачце, калі дзяржава мяне робіць беспрацоўным з кантрактнай формай найманьня, то як чалавек можа заплаціць у год 3 мільёны 600 тысяч? А таму і плаціць гэты падатак я не зьбіраюся, бо іх у мяне папросту няма.

Тым ня менш спадар Віктар кажа, што надзеі на лепшае ў яго яшчэ ёсьць. Зьвязвае ён іх з тым, што рана ці позна ў краіне адбудуцца сапраўдныя выбары, адменяць кантрактную сыстэму, ён зможа знайсьці працу. Праўда, ня вельмі верыць у тое, што зможа выкладаць студэнтам права.

Напрыканцы нашае размовы цікаўлюся ў спадара Віктара — якія ў яго інтарэсы, магчыма, хобі.

— Па вялікім рахунку, інтарэсы існуюць, калі ёсьць праца, ёсьць стымул да жыцьця. А я проста існую, бо трэба існаваць. А жыву я толькі тады, калі трэба некаму дапамагчы, калі я запатрабаваны... У лепшым выпадку магу кнігі пачытаць ці тэлевізар паглядзець, нават музыку і тое рэдка ўключаю. Музыка патрэбная, калі ёсьць настрой або яго трэба падтрымаць. А ў маёй сытуацыі яна ніяк ня ўзьдзейнічае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG