Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: Праўду пра зьнікненьне Зьмітра Завадзкага ўлады не высьвятляюць


Зьміцер Завадзкі, плякат з выявай зьніклага апэратара ОРТ
Зьміцер Завадзкі, плякат з выявай зьніклага апэратара ОРТ

7 ліпеня 2000 году ў Менску зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.

Гэтае здарэньне працягнула шэраг падазроных зьнікненьняў і сьмерцяў апазыцыйных палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў і канчаткова пераканала грамадзкасьць Беларусі ў існаваньні гэтак званага «эскадрону сьмерці» — адмысловага атраду сцэслужбаў для ліквідацыі апанэнтаў улады.

Пра тое, што са Зьмітром Завадзкім адбылося нешта надзвычанае, першым выказаў меркаваньне вядомы беларускі журналіст, на той час супрацоўнік ОРТ Павал Шарамет. Гэта яго мусіў сустрэць у менскім аэрапорце апэратар Зьміцер Завадзкі, але сустрэча так і не адбылася, між тым, на стаянцы ў аэрапорце быў знойдзены аўтамабіль Завадзкага, на якім ён выехаў зь Менску. З таго часу жывым Зьмітра Завадзкага ніхто ня бачыў, цела журналіста так і не знайшлі.

У 2002 годзе Менскі абласны суд на закрытым паседжаньні прызнаў вінаватымі ў выкраданьні Зьмітра Завадзкага былога супрацоўніка спэцатраду МУС «Алмаз» Валера Ігнатовіча і дзейнага супрацоўніка гэтага атраду Максіма Маліка. Першы атрымаў ад суду пажыцьцёвае зьняволеньне, другі — 25 гадоў турмы. Разам зь імі за іншыя цяжкія злачынствы былі асуджаныя яшчэ два грамадзяніны Беларусі Гуз і Савушкін. Навошта гэтай бандзе было выкрадаць Зьмітра Завадзкага і што яны зь ім зрабілі?

Паводле вэрсіі сьледзтва, з выкраданьнем Завадзкага мог быць зьвязаны той факт, што Валер Ігнатовіч нібыта з уласнай ініцыятывы ваяваў у Чачні якраз у той час, калі Зьміцер Завадзкі быў там у службовай камандзіроўцы як супрацоўнік тэлебачаньня. Таксама ў матэрыялах справы фігуравала «біялягічнае рэчыва», якое належала Завадзкаму, знойдзенае сьледчымі на рыдлёўцы з аўтамабіля, якім карысталася групоўка Ігнатовіча. На судзе Ігнатовіч і Малік не прызналі сябе вінаватымі ў выкраданьні, таксама суд ня высьветліў далейшага лёсу выкрадзенага журналіста. Ігнатовіч і Малік дагэтуль адбываюць пакараньне і, са словаў іх сваякоў, працягваюць заяўляць, што не вінаватыя ў тым, што адбылося са Зьмітром Завадзкім.

Фармальна справа па пошуку Завадзкага не закрытая і рэгулярна працягваецца, але, як перакананыя беларускія праваабаронцы, насамрэч нічога для высьвятленьня праўды пра гэтае зьнікненьне ня робіцца.

Зьмітру Завадзкаму на момант зьнікненьня было 27 гадоў. Да працы на расейскім тэлеканале ОРТ ён працаваў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі, а яшчэ раней — апэратарам на БТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG