Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўчасная мама


Гісторыя Насьці й Віктара зь вёскі Асташкавічы Сьветлагорскага раёну, абляцела краіну. Ніхто б, напэўна, не зьвярнуў увагі на трынаццацігадовую розьніцу паміж каханкамі, калі б не істотныя акалічнасьці: Насьці ўсяго чатырнаццаць, а Віктару — дваццаць сем. Насьця — школьніца, а Віктар ужо быў жанаты, мае дваіх дзяцей.

А тут яшчэ і Насьця зацяжарала — ёй і ў школу хадзіць, і дзіця хутка нараджаць.

Празь цяжарнасьць чатырнаццацігадовай школьніцы гэтая гісторыя й набыла розгалас.

«Віктара пасадзілі — каму лепей?»

У Асташкавічах дзіўную пару — дарослага мужчыну і малалетнюю школьніцу — заўважылі яшчэ ўлетку. Віктар адкрыта езьдзіў з Насьцяй па аграгарадку — ад яе дома, дзе яна жыве з маці, да свайго, набытага пасьля распаду папярэдняй сям’і.

Адзін з суседзяў паказвае тую невялікую хатку, абшаляваную вагонкай і даўно фарбаваную ў жоўта-блакітныя колеры. Ад вуліцы сядзібу аддзяляе сьвяжэйшы цёмна-сіні штыкетнік са шчыльнай высокай брамай. Нідзе анікога. У глыбіні падворку — невысокая горка наколатых дроў, а за хатай — пашматаная ветрам яблыня з пачарнелымі ад часу яблыкамі, на якія ніхто не паквапіўся.

Хата Віктара наводшыбе
Хата Віктара наводшыбе

«Тут Віктар з Насьцяй нібыта зьбіраліся жыць. Я быў у іх дома. Чыста так, і ежа была. Віктар і немаўля, калі народзіцца, зьбіраўся гадаваць. Расьпісацца ім, канечне, не дазволілі б. Што там тыя чатырнаццаць ці пятнаццаць гадоў? Насьця такая невысокая, шчуплаватая. Дзіця ж яшчэ!» — кажа сусед і, крыху памаўчаўшы, дадае:

«У мяне ў самога дачка падрастае. Ня дай бог такога. Калі б што якое, я б у такім разе прасіў суд ня трох гадоў зьняволеньня, як адмералі Віктару, а больш строгага пакараньня. Разумею вясковую прымаўку: калі нехта не захоча, то іншы й ня ўскочыць. Але ж што чакае наперадзе дзяўчыну? Яна ж і за дзявятую клясу экзамэны наўрад ці адолее. Школу ня скончыць, прафэсію не атрымае. Хто яна ў жыцьці? Недавучка? Малалетняя маці? Паламанае жыцьцё».

Яшчэ адзін малады бацька, вясковец Іван, які мае на выхаваньні дачок, разважае больш прагматычна, як і большасьць вяскоўцаў, з кім давялося пагаварыць:

«Ну, пасадзілі Віктара на тры гады — і што? Каму ад гэтага лепей? Дзеці ў першай жонкі застануцца без алімэнтаў. І тут дзіця народзіцца — і таксама бяз бацькавай матэрыяльнай падтрымкі будзе.

У гэтай справе, як я разумею, пацярпелы бок — гэта Насьця. Але ж ні ад яе, ні ад ейнай маці няма заявы, што быў учынены гвалт. Усё ж па згодзе, па каханьні. Так атрымалася. Дык навошта караць турмою? Ён будзе сядзець, а сума алімэнтаў будзе расьці. Трэба адпраўляць на прымусовыя працы альбо браць падпіску, што ён мусіць працаваць тут, у аграгарадку, і зарабляць грошы на ўтрыманьне сваіх дзяцей».

Працаўнік мясцовай будаўнічай брыгады, які працяглы час працаваў поруч зь Віктарам, лічыць, што яго наагул ня трэба было судзіць, бо маці Насьці не пярэчыла сустрэчам:

«Яна ж іх блаславіла, і на судзе гэта пацьвердзіла. Там столькі сьлёз было. Я ж Віцю добра ведаю — ён някепскі чалавек. Няхай бы ўжо жылі разам».

Асташкавічы
Асташкавічы

«У бок малалетак нават і глядзець ня трэба»

З падобнымі довадамі ніяк ня хоча пагаджацца сталага веку вясковец Аляксандар, бо мяркуе, што дарослым мужыкам у бок малалетак нават і глядзець ня трэба:

«Я б такіх жадлівых аддаваў людзям на расправу. Здаецца, у Закаўказьзі гвалтаўнікоў прывязвалі да ганебнага слупа і кідалі ў іх камянямі. Хіба ж дарослых жанчын не хапае, што на малалетку палез? Я б яму і дзясятку даў, каб пасядзеў і падумаў. На зоне такіх не паважаюць, хто гвалціць ці да малалетак чапляецца. Самога „дзяўчынкай“ зробяць».

Вясковец, мабыць, і не падазраваў, што выказаў, па сутнасьці, тое паняцьце гвалту, якое прынятае ў праве Злучаных Штатаў Амэрыкі — там палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула належнага ўзросту, лічацца гвалтам, нават калі адбываюцца пры поўнай і яўна выказанай згодзе. Беларускае заканадаўства ў гэтым сэнсе мякчэйшае.

«Хлопцы стапталі ўсё жыта»

Маці Насьці, даярка ў тутэйшым аграгарадку, пазьбягае сустрэч з журналістамі. А што цяпер скажаш?!

Вяскоўцы бачылі, вядома, што і пры маці Віктар прыходзіў да Насьці. Прысмакі прыносіў, пляншэт падарыў. Зноў жа, на машыне падвозіў.

Суседзі, бывала, папярэджвалі жанчыну: «Куды глядзіш? Ня хлопчык жа да Насьці прыходзіць — дарослы дзядзька, жонку, дзяцей пакінуў».

Так ці не, але апошняя акалічнасьць, выглядала, ня надта й засмучала маці: калі пакінуў сям’ю, то вольны. Ня п’яніца, не гультай. Пылінкі з Насьці зьдзьмухвае. Можа, хоць ёй пашчасьціць. Бо ўжо столькі галавешак за плячыма!

Вяскоўка, якая не схацела называць свайго імя, апавядае:

«Я ня раз ушчувала Насьцю. Яна ўсё з хлопцамі хадзіла, а тыя кінуць свае лісапеды ў маё жыта ды ідуць да Насьці. Дыскатэка ў іх там ці кампутары — хто ж ведае. Я лаюся: „Навошта жыта таптаць?“ А Насьця заступаецца: „Гэта мае сябры, гэта мае сябры“. А потым ужо такі высакаваты, дарослы мужчына зьявіўся. Думаю, што ня трэба было яго ў турму садзіць, калі так атрымалася — няхай бы ўжо разам гадавалі тое дзіця, як народзіцца.

Ня зь іх гэта пачыналася, не на іх і скончылася. У тэлевізары вунь паказваюць, што і ў трынаццаць гадоў нараджаюць, і ў чатырнаццаць, і ў пятнаццаць».

Кабета з жалем уздыхае і кажа, што Насьця вырасла ў складанай сытуацыі. У маці яе гэта другая сям’я. Ад першага шлюбу застаўся сын. Потым нарадзіліся Люда і Насьця. Бацькі рабілі на фэрме і абое п’янствавалі. Старэйшую дачку бацька нават з дому выганяў. Даставалася нібыта й пасынку. У 2008 годзе ў сям’і здарылася трагедыя. Люда і зводны брат забілі бацьку — і цяпер яны абое ў турме.

Калгасны дом, дзе жыве Насьця з маці
Калгасны дом, дзе жыве Насьця з маці

Маці і пасьля трагедыі выпіваць ня кінула, хутчэй наадварот. Некалькі гадоў таму яе наагул пазбавілі мацярынскіх правоў. Насьцю накіравалі тады ў сацыяльны прытулак. І толькі пасьля гэтага жанчына апамяталася — падлячылася, закадзіравалася, прыбрала дом. Насьцю ўдалося вярнуць назад, але дзяўчо ўжо жыло сваім жыцьцём. І ані маці, ані школа гэтага не заўважылі. Дый, відаць, асабліва не імкнуліся ў гэтым яе жыцьці разабрацца.

Сумная аповесьць

Летась у жніўні Насьці споўнілася чатырнаццаць гадоў, а ў верасьні школьніца зразумела, што цяжарная. Кажуць, у шпіталі мэдыкі нібыта прапаноўвалі зрабіць аборт, патлумачыўшы і пра магчымыя цяжкія наступствы штучнага перапыненьня цяжарнасьці. І маці, і сама Насьця на такі крок не адважыліся. Тым больш што й Віктар дзіцяці не цураўся, а наадварот, радаваўся.

«Добра, што хоць глупства не нарабілі, а то, ня дай Бог, сапсавалі б жыцьцё дзяўчыне дарэшты. Няхай нараджае й гадуе — што тут ужо зробіш», — лічыць вяскоўка, якая сама нарадзіла траіх дзяцей і мае ўжо трох унукаў.

Мэдыкі, канечне, паведамілі пра цяжарнасьць школьніцы ў міліцыю. Абавязаныя былі паведаміць. Пачалося сьледзтва, а потым і суд. Віктара пакаралі трыма гадамі зьняволеньня.

Выпадак Віктара і Насьці наўрад ці можна параўноўваць з самай узвышанай і самай сумнай аповесьцю на сьвеце — гісторыяй Рамэа і Джульеты. Ёсьць нябёсы, ёсьць зямля. Дзякаваць Богу, без трагедыі, хоць сьлёз хапала, асабліва падчас суду, як у аднаго, так і другога «клану».

Вядома, юная душа Джульеты недзе лунае над Асташкавічамі, але ж Рамэа тут — яўны пераростак, чалавек з пэўным жыцьцёвым досьведам. І, па ўсім відаць, ён найперш адказны за тое, што гісторыя набыла даволі драматычнае і скрушнае адценьне.

Асташкавіцкія манумэнты
Асташкавіцкія манумэнты

Зь іншага боку, некаторыя вяскоўкі зь ліку працаўнікоў фэрмы лічаць, што маці Насьці ня менш адказная за ўсё, што адбылося. Замужняя даярка, якая спазнала мацярынства, выказваецца даволі катэгарычна:

«Сама маці паламала дачцэ лёс — а хто ж? Маці мусіла не дапусьціць такіх адносінаў: Насьці толькі чатырнаццаць, а жаніху амаль трыццаць. Як можна было дапускаць такога мужчыну да дачкі? Маці найперш адказная за сваё дзіця. І Віктара пасадзілі правільна — ён жа бачыў і разумеў, з кім зьвязвае свой лёс і каму лёс перакройвае».

І гэта, бадай, той выпадак, калі, як заўважыў Шэксьпір, найсаладзейшы мёд самой сваёю слодыччу агідны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG