Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 замежных выканаўцаў, якія засьпявалі па-беларуску


Андрэй Макарэвіч на канцэрце ў Менску

Андрэй Макарэвіч на канцэрце ў Менску

Наш аўтар Альгерд Пінчук склаў сьпіс найлепшых, на яго думку, беларускіх песень, якія выконваюць замежныя артысты.

Андрэй Макарэвіч — «Сьнег»

Сваю беларускамоўную песьню лідэр расейскай групы «Машына часу» запісаў у межах праекту «Global Reload» парталу «Тузін Гітоў» і грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі!». «Global Reload» — гэта праект, які прыцягвае замежных артыстаў выконваць песьні на словы беларускіх паэтаў. А ў выпадку з Андрэем Макарэвічам песьня «Сьнег» перакладзена ў адваротным кірунку — з расейскай мовы на беларускую.

Андрэй Макарэвіч мае беларускія карані, яго бабуля — зь вёскі Паўловічы Бярозаўскага раёну. Відаць, гэта дало сябе знаць: беларускія словы Макарэвіч вымаўляе нязмушана і мілагучна, а музыка добра кладзецца на словы. Аўтар перакладу — вядомы беларускі блюзмэн Юры Несцярэнка, сама ж песьня выканана з музыкамі з групы Apple Tea. Расейскамоўны арыгінал песьні быў напісаны ў канцы 1970-х гадоў.

У інтэрвію парталу «Тузін Гітоў» Макарэвіч сказаў: «Для мяне гэта паклон маім продкам, якіх ужо няма на гэтым сьвеце. Калі ў чалавеку ёсьць частка вось гэтага, дык чаму ён павінен яе хаваць? Ён павінен гэтым ганарыцца. Я абажаю Беларусь, у мяне тут шмат сяброў. Намагаюся тут бываць часьцей. Тут фантастычная прырода — напэўна, самая прыгожая, якую толькі можна сабе ўявіць у сярэдняй паласе. І ў вас атрымліваецца яе захоўваць у ідэальным стане, у адрозьненьне ад расейцаў. Таму ваша краіна — аазіс, у маім уяўленьні».

«Мумий Тролль» — «Кантрабанды»

Саліст расейскай групы «Мумій Троль» Ільля Лагуценка выканаў беларускую вэрсію свайго гіта «Кантрабанды» для праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» у 2011 годзе. Ён кажа, што мае да нашай мовы асаблівыя сымпатыі хоць бы ўжо праз тое, што яго дзядуля — з Магілёва.

Ільля Лагуценка добра ведае кітайскую і ангельскую мовы, можа спакойна перакладаць на іх і, як прызнаецца ў інтэрвію, часта гэткім чынам экспэрымэнтуе. Але з усіх вэрсіяў «Кантрабандаў» беларуская яму спадабалася найбольш. Пераклад зрабіў паэт Андрэй Хадановіч.

Zdob Si Zdub — «Стоп-мафія»

Сваю беларускамоўную кампазыцыю зоркі малдаўскага року Zdob Si Zdub («Здоб шы здуб») запісалі ў 2011 годзе.

Zdob Si Zdub

Zdob Si Zdub

За 17 гадоў свайго існаваньня музыкі з Малдовы зрабілі ашаламляльную карʼеру, стаўшы нацыянальнымі музычнымі героямі. Яны даўно ўжо маглі б перабрацца ў іншую краіну, але надалей жывуць і працуюць у родным Кішынёве. Над беларускай «Стоп-мафіяй» музыкі працавалі якраз у год перамогі ў нацыянальным адборы на конкурс «Эўрабачаньне», таму бесьперапынна езьдзілі па прома-турах. Але час на студыю ўсё ж знайшлі. Аўтарам беларускага перакладу выступіў Сяргей Балахонаў.

«Воплі Відоплясова» — «Краіна мрой»

Алег Скрыпка

Алег Скрыпка

Сярод удзельнікаў вядомага праекту «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» — украінская група «Воплі Відаплясава». Адна з самых вядомых украінскіх груп выканала пераклад песьні «Краіна мрій», які зрабіў Андрэй Хадановіч. Саліст групы Алег Скрыпка палічыў, што гэтая песьня найбольш пасуе для гэтага праекту і для Беларусі наогул:

«І я асабіста, і ўвесь наш калектыў шчыра любім Беларусь і вельмі цэнім тое, што беларусы застаюцца такімі тонкімі і душэўнымі, не зважаючы на часовыя цяжкасьці. Падобная публіка ёсьць хіба што яшчэ ў Японіі — яна слухае і размаўляе сэрцам. Гэты стан і быў апісаны ў абраным творы».

Лідэр «ВВ» назваў тэкст песьні бездакорным і часьцяком выконвае яе ў гэтай вэрсіі на сваіх канцэртах.

«Фіолет» — «Месца пакуты»

Яшчэ адна ўкраінская група нават зьняла кліп на сваю беларускамоўную песьню. Песьня і кліп атрымалі назву «Месца пакуты». Група «Фіялет» зь песьняй «Месца пакуты» стала першым удзельнікам кампаніі «Украінская музыка для Беларусі», у межах якой украінскія музыкі засьпявалі па-беларуску кампазыцыі пратэстнай тэматыкі.

Па словах лідэра групы «Фіялет» Сяргея Мартынюка, ідэя засьпяваць песьню па-беларуску ў групы зьявілася ўжо даўно. Аўтарам песьні стаў Ян Маўзер, вакаліст вядомай беларускай альтэрнатыўнай групы «Mauzer».

Leon Gurvitch Project — «Акіян у цішы»

Леон Гурвіч — кампазытар, аўтар больш як 300 твораў і аранжыровак, дырыжор, піяніст, лідэр групы Leon Gurvitch Project, дацэнт кансэрваторыі імя Ёганэса Брамса ў Гамбургу па клясе кампазыцыі. Нямецкі джазмэн мае беларускае паходжаньне, ён нарадзіўся ў Менску ў 1979 годзе і ў 22 гады зьехаў за мяжу. Для музычнага праекту «Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2» выканаўца ўпершыню ўзяўся за твор на роднай мове. Музыку падалася цікавай ідэя падтрымаць беларускую мову, хоць сам ён апошні раз выступаў з канцэртам у Менску гадоў 15 таму.

У інтэрвію парталу Budzma.org музыка сказаў:

«Я адгукнуўся на пажаданьне ініцыятараў праекту адысьці ад фальклёру і прадставіць беларускую музыку ў сучасным выглядзе, таму вырашыў узяць кампазыцыю „Infinite Ocean“, якую я стварыў ужо ў Гамбургу, у 2004 годзе. Часта выконваю яе на эўрапейскіх джазавых фэстывалях, і мне падалося, што яна цудоўна загучыць па-беларуску».

Арыгінальны тэкст да гэтага твору напісала джазавая сьпявачка Іна Высоцкая, якая доўгі час саліруе ў Leon Gurvitch Project. Яна ж яе і выканала. Беларускі пераклад зрабіў Алесь Камоцкі.

Аляксандар Рыбак — «Небасхіл Эўропы»

Сьпявак беларускага паходжаньня, які жыве ў Нарвэгіі, здабыў сусьветную вядомасьць пасьля перамогі ў фінале конкурсу «Эўрабачаньне-2009». Беларускамоўную вэрсію гіта «Europeʼs Skies» пад назвай «Небасхіл Эўропы» выканаўца запісаў у 2011 годзе. Аўтарам яе выступіў грамадзкі дзеяч і вядучы курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка.

Аляксандар Рыбак шкадуе, што ня вывучыў дасканала сваю родную мову, і выказаў спадзеў, што ягоным сьпевам натхніцца новае пакаленьне беларускіх дзяцей:

«Праца Глеба Лабадзенкі мне вельмі спадабалася. „Небасхіл“ — цудоўнае слова, асабліва калі згадваеш маляўнічую прыроду Беларусі. Спадзяюся, што песьня застанецца ў сэрцы многіх маленькіх беларусаў».

Дыяна Арбеніна — «Што пасееш, то і пажнеш»

Дыяна Арбеніна

Дыяна Арбеніна

Вядомая расейская сьпявачка беларускага паходжаньня Дыяна Арбеніна (група «Начныя снайпэры») некалькі разоў выконвала на сваіх канцэртах беларускую народную песьню «Што пасееш, то і пажнеш». Лідэр «Снайпэраў» зусім ня супраць, калі яе прылічаюць да беларускіх выканаўцаў. Неабыякавая яна і да беларускай мовы. Прыхільнікі ўжо даўно чакаюць ад Арбенінай паўнавартаснай беларускамоўнай песьні.

Дыяна Арбеніна засьпявала па-беларуску на менскім канцэрце

Засіялі зоркі, засьпявалі пеўні,
Зашумеў зялёны лес.
Выхадзі ж у поле сеяць зерне —
Што пасееш, то і пажнеш.

Выхадзі ж у поле сеяць зерне —
Што пасееш, то i пажнеш.
Вось яна якая, наша доля,
Выхадзі глядзець яе.

Бачыш, як цьвіце яна ў полі,
Чуеш, як яна пяе,
Бачыш, як цьвіце яна ў полі,
Чуеш, як яна пяе.

Засіялі зоркі, засьпявалі пеўні,
Зашумеў зялёны лес.
Выхадзі ж у поле сеяць зерне —
Што пасееш, то і пажнеш.

Выхадзі ж у поле сеяць зерне —
Што пасееш, то і пажнеш.

Сяргей Бабкін — «Грай»

5'nizza

5'nizza

У 2014 годзе валоданьне беларускай мовай прадэманстраваў і былы ўдзельнік групы 5ʼnizza, вядомы сьпявак Сяргей Бабкін. Музыка і паэт, актор і сьпявак, Сяргей Бабкін ператварае выкананьне кожнай песьні ў міні-спэктакль. На беларускім фэстывалі «Сяброўства» Сяргей Бабкін выканаў па-беларуску песьню «Грай» забароненай тады групы «Ляпіс Трубяцкі».

Tom and Trey — «Крэмль»

Вядомыя ў свой час фрыстайлеры і бітмэйкеры з Маладэчна ўжо пэўны час жывуць за мяжой. Група Tom and Trey складаецца з двух выканаўцаў — Tom Nave і Speaker Trey. Першы ўдзельнік цяпер жыве ў амэрыканскім горадзе Санта Фэ, а другі — у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах у горадзе Дубаі. Нягледзячы на адлегласьць, яны працягваюць сумесную працу. Хлопцы часта перамагалі на спаборніцтвах па фрыстайле, прадстаўлялі краіну на міжнародных фэстывалях. Аказваецца, рыфмаваць па-беларуску ў іх таксама выходзіць цікава!

Tom — аўтар музыкі для некаторых песень іншага беларускамоўнага рэпэра, які называе сябе Gleboki Smak.

LunClan feat. Макс Корж — «Працоўны чацьвер»

Расейскі выканаўца беларускага паходжаньня сёньня зьбірае поўныя залі ва ўсіх краінах СНД. Макс Корж нарадзіўся ў Лунінцы Брэсцкай вобласьці, а пачынаў у айчыннай групе LunClan, якая выконвала песьні выключна па-беларуску. Група LunClan актыўна дзейнічала да 2009 году, калі ўдзельнікі разышліся па сольных праектах. Тады Макс Корж быў адлічаны з унівэрсытэту і трапіў у войска, але яшчэ да службы пасьпеў выдаць свой першы сольны альбом «Жывёльны сьвет». У 2013 годзе музыка паўдзельнічаў у выданьні складанкі беларускамоўнага хіп-хопу «Жалуды», дзе прэзэнтаваў трэк «Братва», а яшчэ пазьней выдаў альбом, на вокладцы якога зьмясьціў фатаздымак сваёй сямʼі ў вышыванках.

LunClan feat. Макс Корж — «Працоўны чацьвер», mp3

У інтэрвію лэйблу MZ production Корж казаў, што зь беларускамоўнай музыкі ён нікуды не сыходзіў і, магчыма, у яго яшчэ будуць песьні на беларускай мове.

Макс Лорэнс — «Зрывае дах»

Макс Лорэнс пачаў творчую працу ў складзе праекту «Сярога», які актыўна гастралюе, браў удзел у шматлікіх папулярных шоў і праграмах: «Залаты грамафон», «Песьня году», «Фабрыка зорак» і г. д. У 2008 годзе ўбачыў сьвет ягоны альбом пад назвай «Танцы пад месяцам». Запіс альбома праходзіў у Бэрліне.

Некалькі гадоў таму Лорэнс прэзэнтаваў беларускамоўны варыянт аднаго са сваіх галоўных гітоў — песьні «Зрывае дах».

Алёна Сьвірыдава — «Пакуль»

Алёна Сьвірыдава, Фота Dikiiy, ©Shutterstock

Алёна Сьвірыдава, Фота Dikiiy, ©Shutterstock

Заслужаная артыстка Расеі Алёна Сьвірыдава засьпявала па-беларуску кампазыцыю «Пакуль». Песьню ўзяўся пераасэнсаваць Андрэй Хадановіч. Да ідэі беларускамоўнай песьні Алёна паставілася зь вялікай прыязнасьцю: «Я не вагалася ні хвіліны, бо сама па сабе прапанова цікавая, а калі ўлічыць, што я доўгі час жыла ў Беларусі, дык і тым больш».

Алёна ня мае беларускага паходжаньня. Як яна сама кажа, у ёй зьмяшаныя расейская і чвэрць украінскай крыві. Яна нарадзілася ў Керчы, але ў Менску пражыла значную частку свайго жыцьця.

«Смысловые галлюцинации» — «Апошні дзень Зямлі»

Песьні «Глюкаў» (так групу называюць яе фаны) выконваліся на розных мовах, аднак беларускі варыянт падаўся музыкам адным з самых няпростых:

«Мы правялі вельмі шмат кансультацыяў, нам дасылалі разнастайныя вэрсіі, у якіх людзі намагаліся прасьпяваць гэтую песьню на беларускай мове. У нас было вельмі шмат прыкладаў. Некалькі разоў мы дапрацоўвалі тое, што было. Аднак у выніку ўсе засталіся задаволеныя. Праўда, цяпер у мяне ёсьць некаторыя складанасьці — кожны раз перад тым, як я пачынаю сьпяваць песьню „Апошні дзень Зямлі“ па-расейску, у мяне заўсёды праскоквае выраз на беларускай мове».

Альгерд Пінчук
для Радыё Свабода

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG