Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фрэзэроўшчык 6-га разраду: «За сакавік у мяне было 3 мільёны 400 тысяч. За красавік яшчэ не заплацілі»


У Беларусі расьце колькасьць прадпрыемстваў, на якіх затрымліваюць выплату заробкаў. Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, на 1 траўня па Беларусі ў 327 арганізацыях была пратэрмінаваная запазычанасьць па заработнай плаце перад 56,3 тысячы працаўнікоў.

Сума пратэрмінаванай запазычанасьці склала на пачатак траўня 206,6 мільярда рублёў, або 1,1% ад фонду заработнай платы па Беларусі за сакавік 2015 году.

У сьпісе, апублікаваным на сайце Белстату, 327 арганізацыяў і ўстаноў. Больш за ўсё — сельскагаспадарчых і будаўнічых.

Шмат і буйных заводаў — менскі «МЗОР», Менскі завод аўтаматычных лініяў, магілёўская «Строммашына», бабруйскі «Фандок». Але сьпіс, хутчэй за ўсё, далёка ня поўны. Да прыкладу, Барысаўскага заводу «Аўтагідраўзмацняльнік» у гэтым сьпісе няма, але працаўнікі сьцьвярджаюць, што праблемы з выплатай заробкаў на заводзе пастаянныя. Хоць працуе завод стабільна, заказаў процьма.

Фрэзэроўшчык з «Аўтагідраўзмацняльніка» Аляксандар Дражэнка, які ачольвае на прадпрыемстве незалежны прафсаюз, распавёў:

«Заводзкая прадукцыя наша запатрабаваная, на складзе прадукцыі няма. Не пасьпяваюць нават фарбаваць — толькі пафарбуем, і ўжо забіраюць. Завод ня можа выканаць усе замовы, бо мэтал ня можа закупіць, камплектуючыя. Вось сёньня ў нас цэх адзін не працуе, хоць павінен працаваць, таму што няма камплектуючых. Ну ладна там МАЗ, трактарны завод — у іх поўныя двары забітыя тэхнікай непрададзенай. А ў нас прадукцыя мае попыт, а грошай няма — як такое можа быць? У мяне ў галаве ня ўкладваецца...»

У нас прадукцыя мае попыт, а грошай няма — як такое можа быць?

Тым ня менш заробак за сакавік на «Аўтагідраўзмацняльніку» далі толькі ў апошні дзень красавіка, перад самым Першамаем. І то, па чутках, завод мусіў крэдыт браць. Фрэзэроўшчык 6-га разраду з 38-гадовым стажам Аляксандар Дражэнка кажа пра заробкі на заводзе:

«За красавік мы яшчэ нічога не атрымлівалі. За сакавік у мяне было 3 мільёны 400 тысяч. Пражыць на такія... я нават не магу назваць гэта грашыма, капейкі — немагчыма. Малады спэцыяліст, канструктар атрымлівае наагул 2 мільёны 500 тысяч. Я ведаю, што сытуацыя ў краіне, можна сказаць, „ахавая“, усё разумею, але што нам рабіць? Мы сумленна працуем, прадукцыя мае попыт, а выніку нашай працы ня бачна».

Ці могуць працаўнікі дамагацца своечасовай выплаты заробкаў? Карныя санкцыі прадугледжаныя ўказам прэзыдэнта, пазначана гэта і ў калектыўных дамовах. Гэта абавязак наймальніка яшчэ і паводле працоўных дамоваў у адпаведнасьці з Працоўным кодэксам, тлумачыць юрыст Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алена Яськова:

Атрымліваецца, што людзі працуюць бясплатна. Гэта найгрубейшае парушэньне

«Атрымліваецца, што людзі працуюць, выконваюць свае абавязкі, а наймальнік абавязаньняў па выплаце заробкаў не выконвае. Атрымліваецца, што людзі працуюць бясплатна. Гэта найгрубейшае парушэньне. Але гэта сьведчыць пра тое, што ў краіне цяжкое, абсалютна ненармальнае эканамічнае становішча».

Алена Яськова прыгадала, як у 2001 годзе даведзеныя да адчаю працаўнікі Менскага трактарнага заводу, калі ім ня выплацілі своечасова заробкі, выйшлі на вуліцу і перакрылі рух на вуліцы Даўгабродзкай. Выплаты пачаліся праз паўтары гадзіны. Гэта быў, бадай, адзіны сур’ёзны прэцэдэнт.

Што да больш прававых захадаў, то, у прынцыпе, працаўнікі могуць зьвяртацца ў суд, магчымае ўзбуджэньне калектыўных працоўных спрэчак, можна патрабаваць індэксацыі — ёсьць розныя мэханізмы, тлумачыць юрыст БКДП Алена Яськова:

«Але мы ня чулі пра такія прэцэдэнты. Таму што амаль усе працаўнікі — сябры прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, і баяцца страціць хоць гэтую працу, бо цяпер адбываюцца масавыя звальненьні — і па сканчэньні тэрмінаў вялікую колькасьць людзей звальняюць. Толькі за мінулы месяц 17 тысяч звольнена. І цяпер адусюль тэлефануюць — вось, маўляў, звальняюць... Жахлівая сытуацыя».

XS
SM
MD
LG