Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Нават у СССР людзі разумелі, што зьвяртацца да Запрудніка трэба па-беларуску»: выйшла кніга да 90–годзьдзя дзеяча дыяспары


Янка Запруднік на Зьезьдзе беларусаў сьвету, 2009 год

Янка Запруднік на Зьезьдзе беларусаў сьвету, 2009 год

Сёлета ў жніўні споўніцца 90 гадоў дзеячу беларускай дыяспары ў ЗША, былому супрацоўніку беларускай службы Радыё Свабода, доктару Янку Запрудніку.

Да гэтай даты Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» падрыхтавала падарунак — кнігу «Кантакты: Сіла прыцягненьня Бацькаўшчыны», якая днямі ўбачыла сьвет у сэрыі «Бібліятэка «Бацькаўшчыны».

Кніга, укладальнікамі якой сталі дасьледчыкі эміграцыі Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, заснаваная на лістах, што пісалі беларусы з мэтраполіі Янку Запрудніку.

Кнігу «Кантакты» ў нечым можна лічыць працягам выдадзенай летась кнігі Янкі Запрудніка «Па гарачых сьлядах мінуўшчыны. Лісты 1952-1959 гг.», укладаньнем якой займалася Валянціна Трыгубовіч.

«Вялікая частка — гэта лісты, зьвязаныя з іншадумствам у Беларусі»

Укладальніца новай кнігі Натальля Гардзіенка адзначае, што Янка Запруднік яшчэ ад канца 90-х гадоў стаў перадаваць свае дакумэнты ў Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва, дзе назьбіралася вялікая колькасьць яго дакумэнтаў, у тым ліку і лістоў.​

Вокладка кнігі

Вокладка кнігі

«Фонд пастаянна папаўняецца. Штогод спадар Запруднік дасылае новыя дакумэнты. Але асноўны свой эпісталярны архіў ён усё ж такі захоўваў у сябе, у горадзе Сомэрсэт у штаце Нью-Джэрсі, пакуль не аддаў на апрацоўку лістоў, адрасаваных яму, дасьледчыку Лявону Юрэвічу, які распачаў складаць зборнік, у якім Янка Запруднік выступае ў якасьці адрасата карэспандэнцыі ад розных асобаў, у тым ліку і зь Беларусі», — распавядае Натальля Гардзіенка.

У кнізе ёсьць лісты і зь яшчэ савецкіх часоў з газэты «Голас Радзімы», і з 1980-х, калі да Янкі Запрудніка сталі больш актыўна зьвяртацца шараговыя беларусы, і з 1990-х, калі інтэнсіўнасьць паступленьня лістоў з Бацькаўшчыны ды разнастайнасьць адрасантаў істотна павялічылася.

Паводле словаў Наталі Гардзіенкі, значную частку кнігі складаюць матэрыялы так званай «праваабарончай» дзейнасьці беларускай эміграцыі. Асабліва ў 1980-х, калі Янка Запруднік разам зь іншымі эмігрантамі, а таксама і як рэдактар газэты «Беларус», стаў актыўна падтрымліваць беларускіх іншадумцаў, найбольш вядомым зь якіх быў Міхась Кукабака.

«Лістоў вельмі шмат і яны вельмі розныя. Для зборніка мы стараліся абраць самыя характэрныя, самыя цікавыя. Вялікая частка — гэта лісты, зьвязаныя з іншадумствам у Беларусі. Ёсьць цікавыя лісты Міхася Кукабакі з тых часоў, калі ён толькі вызваліўся са зьняволеньня. Ёсьць лісты ад беларускага тэрарыста Сасноўскага, які калісьці сагнаў самалёт і паляцеў на ім у Швэцыю. Безумоўна цікавыя лісты пра беларускія справы ад айца Аляксандра Надсана. Разам з тым ёсьць лісты ад абсалютна невядомых людзей, якія пісалі Янку Запрудніку, шукаючы сваіх сваякоў у Амэрыцы. Яны пісалі Янку Запрудніку гісторыі пра тое, як іх сваякі трапілі за мяжу. Таксама ёсьць лісты вернікаў, якія шукалі падтрымку, бо ўціскаліся ў БССР».

Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я

Вітаўт Кіпель і Ян Запруднік, Нью-Ёрк, 1960-я

Наталя Гардзіенка таксама адзначыла, што ўсе лісты людзі пісалі па-беларуску:

«Нават у 80-я гады людзі разумелі, што пісаць у замежжа Янку Запрудніку трэба па-беларуску. Таму яны спрабавалі пісаць па-беларуску. Часам трапляюцца вельмі цікавыя лісты з пункту гледжаньня мовы і правапісу».

Прэзэнтацыя кнігі «Кантакты» адбудзецца 28 чэрвеня ў Менскай абласной бібліятэцы імя А. Пушкіна (г. Менск, вул. Гікалы, 4). Пачатак а 18:00. Падчас прэзэнтацыі на ўсе пытаньні асабіста адкажа галоўны герой кнігі – доктар Янка Запруднік, які будзе прысутнічаць на імпрэзе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG