Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрацаваў генэратар дакумэнтаў для рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў


На беларускім партале Беларускай рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі «Аб’яднаны шлях» ngo.by распачала працу сыстэма генэрацыі афіцыйных дакумэнтаў, патрэбных для рэгістрацыі грамадзкай арганізацыі.

Пасьля запаўненьня патрэбных формаў карыстальнік атрымае пакет дакумэнтаў, аформленых належным чынам: статут арганізацыі, пратакол устаноўчага сходу, заяву ў орган-рэгістратар, сьпіс заснавальнікаў і сяброў кіроўнага органу, зьвесткі пра рэвізора, узор гарантыйнага ліста ад патэнцыйнага ўладальніка юрыдычнага адрасу арганізацыі.

«Упершыню ў Беларусі зробленая такая тэхнічная форма: вы вырашаеце, што вам трэба, па парадку запаўняеце формы, якія трансфармуюцца ў дакумэнты Word, раздрукоўваеце іх — і ў вас на адсоткаў 90 падрыхтаваны пакет дакумэнтаў, — распавядае Свабодзе выканаўчая дырэктарка „Аб’яднанага шляху“ Аліцыя Шыбіцкая. — Гэта дае магчымасьць пазьбегнуць непатрэбных кансультацыяў і пытаньняў».

Сыстэма дапаможа зарэгістраваць менавіта грамадзкую арганізацыю, але для рэгістрацыі грамадзкай установы патрэбен крыху іншы пакет дакумэнтаў. Таксама сыстэма не дапаможа зарэгістраваць, напрыклад, палітычную партыю, рэлігійную арганізацыю ці прафсаюз. Але дапаможа стварыць арганізацыю аховы птушак ці дапамогі дзіцячым дамам. Іншыя тыпы ўстановаў, а таксама формы для справаздачаў, маюць быць дададзеныя пазьней.

Таксама «Аб’яднаны шлях» прапануе дапамогу юрыстаў-валянтэраў. Юрысты даюць пісьмовыя адказы, а ў экстраардынарных выпадках могуць сустрэцца асабіста.

XS
SM
MD
LG