Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жаныбека Бакіева абвінавачваюць у замаху на забойства


Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхася Пашкевіча

Жаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхася Пашкевіча

Вайсковая пракуратура Кіргізстану накіравала ў суд Бішкецкага гарнізону крымінальную справу па факце замаху на жыцьцё журналіста Сыргака Абдылдаева.

Па выніках сьледзтва абвінавачаньне прад’яўлена былому кіраўніку Службы дзяржаўнай аховы, малодшаму брату былога прэзыдэнта Жаныбеку Бакіеву, а таксама шэрагу былых службовых асобаў праваахоўных органаў краіны.

Паводле пракуратуры, замах на жыцьцё журналіста газэты «Рэпартэр-Бішкек» меў месца 3 сакавіка 2009 году. Увечары ў цэнтры Бішкеку журналіста моцна зьбілі, ён атрымаў сур’ёзныя траўмы і нажавыя раненьні. Апазыцыя і праваабаронцы назвалі напад на журналіста «палітычнай замовай».

Пазьней Абдылдаеў заявіў, што замах на яго наўпрост зьвязаны з прафэсійнай дзейнасьцю і да гэтага датычныя асобы з атачэньня экс-прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Журналіст атрымаў палітычны прытулак у Швэцыі.

У 2014 годзе Жаныш Бакіеў быў завочна асуджаны на пажыцьцёвае зьняволеньне за расстрэл дэманстрантаў на плошчы ў цэнтры Бішкеку ў красавіку 2010 году. Таксама суд прыгаварыў яго да пажыцьцёвага пазбаўленьня волі за арганізацыю забойства экс-кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Садыркулава.

Жаныш Бакіеў пакінуў краіну і цяпер разам са сваім старэйшым братам жыве ў Беларусі. Афіцыйны Менск адмовіў Бішкеку ў яго выдачы.

XS
SM
MD
LG