Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць зорачак сям’і Кузьміцкіх


Алена і Павал Кузьміцкія і іх шэсьць дачок
Алена і Павал Кузьміцкія і іх шэсьць дачок

Селіна, Каміла, Дамініка, Лаура, Мішэль, Ванэса. Гэта не пералік гераінь лацінаамэрыканскага сэрыялу, гэта — шэсьць дачок Алены і Паўла Кузьміцкіх зь Менску.

За савецкім часам, калі сьвята 8 сакавіка было ўзьведзена ў культ, Павал адназначна ўляцеў бы на вялікія грошы. Цяперашнім часам спакайней. Дый жаночы дзень для яго збольшага ўмоўнасьць — у такім фармаце праходзіць увесь год.

Ад 2013-га вялікая «васьмёрка» Кузьміцкіх жыве ў прасторным доме ў сталічным Сельгаспасёлку. Сюды пераехалі з набытай на «дэмаграфічны» крэдыт кватэры ў мікрараёне Лошыца, а яшчэ раней жыльлё наймалі.

«Цудоўная шасьцёрка»: жаночы дзень — круглы год
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:29 0:00

Літаральна за пару вуліц адсюль 42 гады таму нарадзіўся сам Павал, але ў 1989-м бацькоўскую хату зьнесьлі пад гарадзкую забудову. Тым ня меней гены настойліва цягнулі ў родныя мясьціны, і ў другой палове нулявых на прыдбаным надзеле быў закладзены падмурак пад новае жытло. Сям’я тады яшчэ ня надта разраслася: дзьве дзяўчынкі ўжо былі, трэцяя — «у дарозе». На той час маладыя бацькі больш і не чакалі.

Але пакуль дом даводзіўся да ладу, малых Кузьміцкіх у лошыцкай панэльцы стала ўжо пяць. «Пасялковай» з поўным правам можа сябе лічыць толькі шостая — Ванэса. Нягледзячы на тое, што згодна з Генплянам разьвіцьця Менску раён прыватнай забудовы ў пэрспэктыве мусіць пайсьці «пад нож», паставіць дзяцей на ногі Кузьміцкія разьлічваюць менавіта тут. Як вернікі спадзяюцца і на Божую дапамогу.

Дэмаграфічныя рэкорды барцоўскай сям’і

Яны пазнаёміліся падчас вучобы ў Акадэміі фізычнага выхаваньня і спорту. Сваю сям’ю небеспадстаўна называюць «барцоўскай»: ён займаўся грэка-рымскай барацьбой, яна — дзюдо. Павал самакрытычна прызнае, што ягоныя посьпехі блякнуць на фоне таго, як раскручвалася кар’ера на той час студэнткі Карыцкай — майстар спорту міжнароднага клясу, уладальніца срэбнага мэдаля чэмпіянату Эўропы, пераможца і прызэрка прэстыжных усясьветных турніраў. Цягам 13 гадоў нязьменна заставалася першым нумарам зборнай у вагавой катэгорыі 52 кіляграмы.

Разьлічвала трапіць з нацыянальнай камандай на Алімпійскія гульні-2000 у аўстралійскім Сыднэі. Аднак ужо на чэмпіянат Эўропы, які быў адборам на галоўныя старты чатырохгодзьдзя, Алена паехала, яе словамі, «зь Селінай пад сэрцам»: «Божанька своечасова спыніў і даў зразумець, што насамрэч важна ў жыцьці», — лічыць Алена. Фактычна на гэтым спартовая кар’ера скончылася, саступіўшы месца новаму этапу — адаптацыі да ролі прафэсійнай мамы.

Павал, у сваю чаргу, кажа, што меў вялікае жаданьне стаць прафэсійным барцом, але не хапіла працаздольнасьці. Урэшце ня стаў ні атлетам, ні трэнэрам — права на такі від дзейнасьці таксама пацьверджаны адпаведным дыплёмам. Цяпер займаецца прадпрымальніцтвам.

Тым ня меней байцоўскія традыцыі паступова падхопліваюць дзеці. Дзюдо на сур’ёзным узроўні займаецца старэйшая дачка Селіна, а апошнія паўгода кампанію ёй складаюць дзьве сярэднія — Дамініка і Лаура. Як удакладняе Алена, былі спробы «прышчапіць» дзяўчатам і іншыя, больш гламурныя віды спорту кшталту тэнісу. Але перамагла барацьба — тое, што гартуе, а не падганяе пад рамкі спартовай індустрыі з прыцэлам на камэрцыйную аддачу.

Шумны мір і ценявыя групоўкі

Старэйшай Селіне — 15, малодшай Ванэсе ў траўні споўніцца 2 годзікі. Як ужываюцца паміж сабой шэсьць сястрычак, якія «ўціснуліся» ў невялікі 13-гадовы прамежак часу? Па дзесяцібальнай шкале ўзровень «мірнай сытуацыі» ў доме ацэньвае мама Алена:

Алена: Калі па дзесяцібальнай, то, можа, на пяцёрку. І тое з нацяжкай. Справа ў тым, што ў нас і мір шумны, а пра войны я ўжо не кажу — бойкі пастаянныя, да сьмерці. Узьнікаюць «групоўкі»: калі старэйшыя збольшага самі па сабе, то Лаура, Дамініка і Мішэлька — гэта ўжо «банда». Як кажа Павал — нумары 5—4—3. Праўда, я злуюся, бо не хапала яшчэ лічбамі называць (сьмяецца). Але, што цікава, у пэўным сэнсе ўсіх аб’яднала Ванэса. Калі раней у сілу ўзросту старэйшыя кагосьці маглі не прымаць, то малую любяць усе. Цягаюць, б’юцца за яе — хто будзе зь ёй гуляць, нават хто павядзе на гаршчок. Так што праблемаў з малодшым дзіцем няма.

Кожны, хто знаёміцца зь сямействам Кузьміцкіх, раней ці пазьней задаецца адным і тым жа пытаньнем: хто прыдумляў дзяўчатам такія незвычайныя імёны, што нагадваюць пра гераінь якіх заакіянскіх сэрыялаў:

Алена: Усё досыць проста. Калі ў нас нарадзілася першая дачка, Паша якраз чытаў духоўную кніжку пра сьвятую Тэрэзу Малую. І прапанаваў менавіта гэтае імя. Але я на Тэрэзу была ня згодная, мае варыянты нашмат больш прыземленыя — Ганна, Наста. Два тыдні дзіцё было ўвогуле без імя. Тады Павал сказаў, што адну зь сясьцёр Тэрэзы звалі Селіна. Паколькі цягнуць больш не было куды, так і зьявілася Селінка. Камілку назвалі згодна з календаром, а ўжо астатніх, як кажуць, каб стыльна было. Вычвараліся разам, простых шляхоў не шукалі (сьмяецца). Праўда, апошнюю Ванэскай зрабіла Селіна, старэйшая. Нашы варыянты не прайшлі.

Сужэнскія сустрэчы — за якасную шматдзетнасьць

Кузьміцкія — прыхаджане касьцёла, удзельнікі і ініцыятары так званых «Сужэнскіх сустрэчаў», дзе гутараць пра шлюб, сям’ю, выхаваньне дзяцей. Такі фармат дыялёгаў з Богам, самім сабой і іншымі людзьмі пры канцы 1970-х запачаткавалі ў Польшчы Ежы і Ірэна Гжыбоўскія, пазьней сустрэчы пачалі ладзіцца і ў іншых краінах сьвету. У Менску на «Сужэнскія сустрэчы» бацькі-пачаткоўцы трапілі ў 2003 годзе:

Павал: На «Сужэнскіх сустрэчах» мы, так бы мовіць, выступаем змагарамі са стэрэатыпным спрашчэньнем, маўляў, шматдзетная сям’я — аўтаматычна шчасьлівая. Іншымі словамі, непрыхавана дрэнна ставімся да безадказных заклікаў: маўляў, нараджайце як мага больш, а там разьбяромся. Хіба мэта — простае «размнажэньне»? Мэта — каб даць дзецям якаснае і годнае жыцьцё! Таму «Сужэнскія сустрэчы» перадусім маюць уплыў на нашы адносіны як мужа і жонкі. І тое, што мы адкрываемся на дзяцей, якія ў нас зьяўляюцца, — гэта вынік таго, што нашы адносіны ня толькі існуюць, а яны разьвіваюцца. Тое, чым мы займаемся, гэта найперш клопат пра захаваньне пачуцьцяў адзін да аднаго.

«Сужэнскія сустрэчы» Павал называе ўнікальным праектам ужо таму, што яго арганізавалі сьвецкія асобы. Па вялікім рахунку, усё, што адбываецца ў часе дыялёгаў, ня вельмі ўпісваецца ў традыцыйную практыку парафіяльнага душпастырства. Не аднойчы здаралася, што сьвятары ў парафіях намагаліся «прыватызаваць» сустрэчы, каб вырашаць свае задачы. Выступіўшы супраць гэтага, Кузьміцкія і іхнія аднадумцы трапілі ў лік «незгаворлівых парафіянаў» — маўляў, у парафіі нібыта прысутнічаюць, але робяць сваё. Не паразумеўшыся з парафіяльным духавенствам, «сужэнцы» збольшага супрацоўнічаюць з манахамі — капуцынамі, дамініканамі, аблатамі, кармэлітамі:

«Наша дзейнасьць — унутры касьцёлу, але пры гэтым досыць незалежная. Гэта нармальна для Заходняй Эўропы, але выклікае пытаньні ў Беларусі. Спадзяёмся, што мы гэтыя зьмены ў нейкім сэнсе набліжаем», — тлумачыць сваю пазыцыю Павал Кузьміцкі.

Цікаўлюся ў бацькоў: а калі ў іх жыцьцё ўвайшла рэлігійнасьць? На пачатку 1990-х вера ж не была частай праяваю ў студэнцкіх аўдыторыях ды на барцоўскіх татамі:

Павал: Рэлігійнасьць у наша жыцьцё ўвайшла разам са шлюбам, ужо пасьля заканчэньня акадэміі. Нешта зьмянілася ў сьветапоглядзе, у стаўленьні да ўсяго, што адбываецца навокал. Аднойчы вырашылі, што ёсьць пакліканьне кожны тыдзень хадзіць у касьцёл. Падалося, што гэта будзе падтрымліваць нашы адносіны — празь веру, праз пэўную дысцыпліну. Быў, можна так сказаць, несьвядомы пошук, бо гэта нельга назваць глыбока асэнсаваным духоўным выбарам у выніку таго, што мы нешта адчулі ці штосьці вельмі важнае перажылі. Проста прыйшло разуменьне, што гэта шлях, які дапаможа нам быць бліжэй і выстаяць у сужэнскіх адносінах.

Выдаткі нараджальнасьці: дзяржава агітуе, грамадзтва ігнаруе

Дзяржава прапагандуе нараджальнасьць. Наколькі адчуваюць дзяржаўную падтрымку шматдзетныя сем’і? І наколькі літаральна ў грамадзтве ўспрымаецца запавет «пладзецеся і размножвайцеся»?

Павал: Тое, што дзяржава спрабуе рабіць, — добра, мы гэта падтрымліваем, асабліва што тычыцца жыльля для шматдзетных. Мы самі жылі на найманай кватэры і разумеем, як важна, каб не было страху перад будучыняй, каб мужчына не дакараў сябе, гледзячы ў вочы дзецям, што ня мае ўласнага кута. І хоць дзяржава прапагандуе, але, падаецца, ня ўсе да гэтага гатовыя. Асабіста я не адчуваю, каб са сваім досьведам быў некаму цікавы і патрэбны. Няма разуменьня. Затое ёсьць асуджэньне. Так, мы маем дзе жыць, аднак пастаянна сядзець у чатырох сьценах немагчыма. Але калі заходзім у кавярню, я бачу, што перашкаджаю адміністрацыі, наведнікам — дзеці шумяць, нешта рассыплюць, раскідаюць, разальюць. На нас глядзяць з расчараваньнем, што мы прыйшлі сюды, а не да суседзяў. Таму задача журналістаў, піяршчыкаў, царквы, усіх, хто мае ўплыў на грамадзкую думку, — ствараць інфармацыйнае поле, каб прынамсі ніхто не камплексаваў.

Унутры сям’і пытаньняў кшталту — навошта мама мяне нарадзіла — няма і быць ня можа. Па вялікім рахунку, сям’я Кузьміцкіх — узор самадастатковага арганізму:

Алена: Зразумела, што ў такой вялікай сям’і часу, каб управіцца з усім, не хапае катастрафічна. Адпаведна, дома пастаянны рэзрух, амаль не бывае, каб усё стаяла ці ляжала на сваіх месцах. Старэйшыя дзяўчаты стараюцца ў нечым дапамагаць, хоць папярэдне гэта і суправаджаецца бясконцымі ўгаворваньнямі нешта зрабіць.

Карэспандэнт: А колькі чалавек гаспадарыць на кухні? Ці ўлада ўсё ж у адных руках?

Алена: Дзякуй богу, я адна, бо калі яшчэ і яны пачнуць гаспадарыць, то будзе жах (сьмяецца). Бывае, здараюцца сьвяты, калі тата варыць раніцай аўсянку, але без аніякай абавязалаўкі. Трэба сказаць, што ў нас дзьве цудоўныя бабулі, якія вельмі моцна дапамагаюць, ва ўсім падтрымліваюць, любяць да нас прыяжджаць. Па сутнасьці, у пастаянным кантакце з унучкамі.

Сям’я і школа: падзел зоны ўплыву

З шасьці дзяўчат Кузьміцкіх чатыры — школьніцы. Зрэшты, сёлета ўвосень стане ўжо пяць — у першы кляс пойдзе Мішэль. У дашкольным статусе застанецца толькі Ванэса. Ці ўдаецца трымаць на кантролі адукацыйны працэс? Бацькі кажуць, што не абцяжарваюць сябе задачай абавязкова прыстроіць дачок у гімназію, дзе вучацца выключна «элітныя» дзеці. Адпаведна, Селіна, Каміла, Лаура і Дамініка наведваюць самую звычайную, найбліжэйшую школу — з усім спадарожным наборам «нэгатыўнага ўплыву». Але дома падыход ужо індывідуальны:

Алена: Найперш, яны ў нас усе абсалютна розныя. Прыкладам, Лаўруша робіць урокі ўціхушку, бо калі чуе, як мы крычым на Дамініку, лічыць за лепшае не нарывацца. А з Дамінікай трэба сядзець — як чалавек творчы, яна пастаянна кудысьці «зьлятае». Старэйшыя ў асноўным упраўляюцца самі, але калі трэба дапамагчы з канспэктам, дакладам — натуральна, дапамагаем.

Якую будучыню для сваіх дзяцей бачаць Павал і Алена? У які бок хацелі б скіраваць іх імпэт, здольнасьці, схільнасьці? Ці будуць усьцешаныя, калі хто з дачок захоча працягнуць спартовую дынастыю барцоў Кузьміцкіх-Карыцкіх?

Павал: Для нас пакуль гэта цяжкае пытаньне, бо мы ня ведаем, што ім насамрэч будзе цікава. Скажам, Дамініка вельмі добра сьпявае, а ў Селіны нядрэнна атрымліваецца ў спорце. Цяпер асноўны наш клопат у тым, каб нашы дзеці былі здаровыя і ні ў чым ня мелі нястачы.

Алена: Да таго ж з узростам штосьці зьмяняецца і ў нас саміх. Калі былі маладыя і расьлі нашы старэйшыя Селіна з Камілай, у іх быў, скажам так, поўны працоўны дзень. Яны прыходзілі з садку, і мы адразу вялі іх на гурткі, на тэнісныя трэніроўкі, у нас былі рэпэтытары па прадметах. А ўжо з нараджэньнем наступных паціху лейцы адпускалі, адпускалі, і цяпер дзеці займаюцца тым, што іх сапраўды цікавіць. Што да спорту, то, паколькі мы самі спартоўцы, лічым, што гэта неабходна хоць бы дзеля таго, каб дзіцё разьвівалася гарманічна, каб не сядзела толькі ў пляншэце ці ў тэлефоне.

Дзеці безь ліміту: колькі Бог пашле

Ні Павал, ні Алена з ходу ня могуць адказаць на пытаньне — як даўно яны заставаліся ўдваіх? Пачынаюць супастаўляць даты, але ўрэшце прыходзяць да высновы: часьцей, чым дзень-два на год, такое не здараецца. Зрэшты, вялікай патрэбы «адпачыць ад дзяцей» і няма:

Павал: Паўзаў практычна не бывае. Але, шчыра кажучы, для нас гэта ня вельмі і цікава. Удваіх мы камфортна сябе адчуваем максымум дні два, а большага перапынку так і так не бывае, потым ужо пачынаем сумаваць. То бок, калі раз на год у нас выходзіць пару дзён пабыць сам-насам, то гэта ўжо дасягненьне. Патрэбу ў тым, каб зьмяніць абстаноўку, вядома, адчуваем, аднак, яшчэ разу кажу, на досыць кароткі час. Нашых дачок нам папросту не хапае.

Алена: Дзяўчаты ўжо падрасьлі, і цяпер ня так складана, як тады, калі ім было год, тры і пяць. Вось у той час сапраўды было невыносна. А цяпер ўжо ўсе вялікія: нават калі бабулі прапануюць дапамагчы, каб мы прывезьлі Лаўрушу, Дамініку і Мішэльку, то нам ужо гэта і не патрэбна, самі ўпраўляемся. Калі ўжо вельмі хочацца — бярыце Ванэску, пагуляйце. А бывае, што дома застаюцца дзьве старэйшыя, дык увогуле глуш, не адразу і разумееш, дзе ты — ці дома, ці дзе яшчэ. Ніхто не крычыць, нічога не раскідана. Непарадак (сьмяецца).

Завершыць гасьцяваньне ў доме Паўла і Алены Кузьміцкіх хацелася пытаньнем, якое круціцца на языку ў любога, хто даведваецца пра гэтую шматдзетна-дзявочую сям’ю. Ці гатовыя пайсьці бацькі на новы рэкорд, падарыўшы дзяўчатам яшчэ адну сястрычку? А можа, нарэшце браціка?

Павал: Ну, я ўжо казаў, што і да такога пашырэньня сям’і мы, у прынцыпе, ніколі не былі гатовыя. Так здарылася...

Алена: Але, шчыра кажучы, калі такому наканавана быць, то, натуральна, мы гэта прымем. Так, цяжка, бо хочацца і гэтым дзецям больш увагі даць, каб яны атрымалі і ласку, і цеплыню, каб разам памаляваць, зрабіць нейкую драбязу. А ня быць усё жыцьцё мамай-прыбіральшчыцай, мамай-мыйшчыцай, мамай-гатавальшчыцай. Тым ня меней, калі так атрымаецца, будзем толькі рады. Час не стаіць на месцы, і з вышыні нават цяперашняга ўзросту на тую ж Ванэсу мы глядзім у нейкім сэнсе як бабуля зь дзядулем. Яна — наша шчасьце, наша ўцеха...

«Цудоўная шасьцёрка» дачок вачыма бацькоў

Селіна — 15 гадоў. Апантана займаецца дзюдо ў трэнэра Юрыя Смурговіча. Неаднаразовая прызэрка нацыянальнага першынства Беларусі і фэстывалю жаночай барацьбы, пераможца адкрытага Кубку па барацьбе ў Польшчы, прызэрка юніёрскага турніру ў Эстоніі. Шанцы на Селініну ўвагу маюць толькі хлопцы, якія самі выходзяць на татамі.

Каміла — 13 гадоў. Шмат часу прысьвячае танцам, што адбілася на характары: пяшчотная, далікатная. Ужо нарадзілася з задаткамі мамачкі.

Дамініка — 10 гадоў. Вакалістка, дзюдаістка, мае адметны тэалягічны погляд на сьвет і жыцьцё.

Лаўра — 8 гадоў. Дзюдаістка з абвостраным пачуцьцём праўды і справядлівасьці.

Мішэль — 6 гадоў. Захапляецца маляваньнем, намагаецца не адставаць ад Лауры і Дамінікі, выказвае жаданьне займацца барацьбой.

Ванэса — без малога 2 годзікі, мае самы шырокі спэктар захапленьняў.

Мама Алена — 40 гадоў, хатняя гаспадыня, апора і падмурак сям’і.

Тата Павал — 42 гады, прадпрымальнік, здабытчык і фундатар дабрабыту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG