Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчына за кратамі. Злачынства, пакараньне, аднаполае каханьне…


Гомельская жаночая калёнія. Жылая зона, архіўнае фота
Гомельская жаночая калёнія. Жылая зона, архіўнае фота

Нягледзячы на тое, што жанчыны традыцыйна адрозьніваюцца значна больш нізкай крымінальнай актыўнасьцю ў параўнаньні з мужчынамі. у абсалютных паказчыках статыстыка ва ўсім сьвеце выразна фіксуе тэндэнцыю росту жаночай злачыннасьці.

Разгадку фэномэну гэтай злачыннасьці прапанаваў пісьменьнік Антон Чэхаў. Вывучаючы на Сахаліне жыцьцё катаржанаў ды катаржанак, размаўляючы зь імі, Чэхаў прыйшоў да наступнай высновы:

«Якія б матывы ні штурхнулі жанчыну на парушэньне закону, практычна заўсёды — на заднім або на пярэднім пляне — бачная постаць мужчыны. Адна села з-за мужа, іншая пацярпела за каханьне. Нават пазбаўляючыся дзіцяці (чыста жаночы склад злачынства), жанчына ідзе на гэты адчайны жорсткі крок часьцей за ўсё з-за мужчыны».

Забойствы ды цялесныя калецтвы, зьдзейсьненыя ў дачыненьні да мужоў, сужыцеляў ды сваякоў, у тым ліку дзяцей, як былі, так і застаюцца самымі жорсткімі жаночымі злачынствамі. Так, паводле колішняга палітвязьня, гісторыка і дасьледчыка турэмнага замку ў Менску Зьмітра Дразда, найбольшая колькасьць дарэвалюцыйных арыштантак «Пішчалаўкі», незалежна ад іх сацыяльнага саслоўя сядзела за забойствы незаконнанароджаных немаўлятак. Цяпер, як сьведчаць сучасныя крымінолягі, назіраецца асабліва трывожная тэндэнцыя — забіваюць ня толькі немаўлятак, але і старэйшых дзяцей. Напрыклад, калі маці пачынае раўнаваць дачку-падлетка да свайго сужыцеля. Паколькі роля жанчын у грамадзтве робіцца ўсё значнейшаю, адмыслоўцы прагназуюць рост жаночай злачыннасьці і зьяўленьне новых яе відаў.

Судовыя вэрдыкты ды гендэрныя асаблівасьці

Якія пакараньні нясуць жанчыны за ўчыненыя імі злачынствы? Ці ўжываюцца ў дачыненьні да іх пры вынясеньні прысудаў нейкія паслабленьні — або закон аднолькавы для ўсіх?

Падчас апытаньня, якое «Свабода ў турмах» правяла на вуліцах Магілёва, большасьць удзельнікаў выказаліся за тое, каб закон караў усіх аднолькава незалежна ад гендэрнай прыналежнасьці, а за дзетазабойства каб давалі нашмат больш жорсткія прысуды, чым цяпер.

Наўпроставы лінк

Адзначым, што паводле беларускіх законаў супраць жанчыны не ўжываецца ані пажыцьцёвае, ані сьмяротнае пакараньне. Апошняй, каго з жыхарак Савецкай Беларусі ў 1978 годзе пакаралі сьмерцю, была Антаніна Макарава зь Лепеля або «Тонька-кулямётчыца», якая расстрэльвала пры немцах мірных жыхароў на Браншчыне. Доўгі час ёй удавалася хавацца, выкрылі яе выпадкова.

Самы жорсткі вырак, які ў незалежнай Беларусі можа выносіцца ў дачыненьні да жанчыны-злачынкі — гэта пазбаўленьне волі на 25 гадоў.

Зусім нядаўна ў Менску на 19 гадоў турмы была асуджаная 23-гадовая Юлія Астапенка. Маладую жанчыну прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці паводле арт. 328, частка 5 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд наркотыкаў, які пацягнуў за сабой сьмерць спажыўца. (Ад псыхатропаў памёр 16-гадовы хлопец). Такі самы прысуд атрымаў яе прыяцель, былы каханак Аляксандар Чарапко. Асуджаныя таксама павінны выплаціць маці загінулага хлопца кампэнсацыю за маральныя страты — 300 млн рублёў, і яшчэ 28 млн — за матэрыяльную шкоду.. Паралельна ў Беларусі ідуць іншыя гучныя працэсы над групамі, якія займаліся распаўсюдам наркатычных рэчываў. На чале адной зь іх — Канстанцін Вілюга. Разам зь ім на лаве падсудных і дзьве маладыя жанчыны, якія паводле сьледзтва адыгрывалі ключавыя ролі ў злачыннай групоўцы. Адной зь іх 26 гадоў, другой 24.

Апэратыўнае відэа канфіскатыі наркотыкаў

Арганізацыя «Рэгіён 119» абараняе правы людзей за кратамі. Яе кіраўніца Алёна Красоўская-Касьпяровіч лічыць, што беларускія жанчыны здольныя па сутнасьці на тыя ж злачынствы, што і мужчыны. Алёна ўзгадвае нядаўняю паездку ў Гомельскую жаночую калёнію (для асуджаных «першаходак»), дзе ёй давялося пабачыць нямала судзімых раней жанчын. Яны ўпершыню трапілі за краты пасьля другой, трэцяй і нават пятай судзімасьці.

«У дачыненьні да жанчын, якія зьдзейсьнілі ня жорсткія злачынствы, зьвязаныя, напрыклад, з крадзяжом, значна часьцей, чым у дачыненьні да мужчын, ужываюцца пакараньні без пазбаўленьнем волі, — кажа кіраўніца „Рэгіёну 119“. — Што тычыцца жорсткіх злачынстваў, то, на маю думку, мужчын і жанчын трэба караць аднолькава строга».

139, 205, 206, 328

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

«Асноўныя артыкулы, паводле якіх судзяць жанчын — крадзяжы(205), рабунак(206), распаўсюд наркотыкаў(328) і забойствы(139), — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Недзе каля 50% адсоткаў сядзяць за цяжкія ды асоба цяжкія злачынствы. Забойствы, рабунак, нанясеньне калецтва, якое вядзе да сьмерці. Прыкладна 17% або 1/7 частка — гэта наркотыкі. Гэта шмат. Сёньня артыкул 328, перадусім яго пятая частка, належыць да катэгорыі асабліва цяжкіх і можа карацца 25 гадамі няволі гэтак жа як асабліва жорсткія забойствы. Калі жанчына ідзе ў наркабізнэс, яна павінна ўсьведамляць, што гэта наўмыснае злачынства, якое караецца вельмі строга і ніякія гендэрныя паслабленьні тут немагчымыя. Чым наркагандлярка лепшая за наркагандляра? Чым жанчына-забойца лепшая за забойцу-мужчыну?»

«Калі за распаўсюд наркотыкаў жанчына бярэцца, як правіла, дзеля „лёгкіх грошай“, то прычыны з-за якіх яна ідзе на забойства мужоў, каханкаў, сужыцеляў, сваіх сямейнікаў, часам нават і дзяцей, найчасьцей зьвязаныя зь нейкім прыніжэньнем, прычым эмацыйным — здрадай, калі жанчыну кідаюць. Таксама гэта адказ на гвалтоўныя дзеяньні з боку мужчын. Іншымі словамі, кола пытаньняў, зьвязанае зь сямейным гвалтам», — адзначае Сяргей Енікалопаў, дасьледчык так званай прыроды зла, загадчык аддзелу мэдычнай псыхалёгіі навуковага цэнтру псыхічнага здароўя Расейскай Акадэміі мэдычных навук. Паводле словаў адмыслоўца, беларуская сытуацыя тут мала чым адрозьніваецца ад той, што ёсьць у Расеі, іншых краінах былога СССР ды ўвогуле сьвету — большая частка асуджаных жанчын сядзяць менавіта за сямейныя забойствы.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч прыводзіць свае ўражаньні аб сустрэчах з такімі асуджанымі ў гомельскай ды рэчыцкай (для паўторна асуджаных) жаночых калёніях:

«Калі ідзеш па тэрыторыі калёніі, то вельмі часта табе і ў галаву ніколі ня прыйдзе, што гэтыя дзяўчынкі-жанчынкі некага забілі... А на некаторых глядзіш і разумееш — так, маглі б. Напрыклад, вядомая ў жаночых крымінальна-турэмных колах неаднойчы судзімая „чорная ўдава“, якую трымаюць у калёніі для паўторна асуджаных у Рэчыцы. Яе профіль — забіваць сваіх мужоў. Што характэрна, усе гэтыя мужчыны-нябожчыкі ведалі пра такі факт яе біяграфіі, аднак, тым ня менш, ішлі на шлюб зь ёй, што каштавала ім у далейшым жыцьця... Тлумачэньні тут трэба шукаць у асяродзьдзі, у якім жывуць гэтыя людзі, і, зразумела, у алькагалізьме...»

« Азлобленыя ўсе... »

Галіне няма яшчэ і 30-ці. Яе артыкул 139. Забіла былога сужыцеля, бацьку сваёй малой дачкі. Гэта здарылася падчас п’янкі з новым сужыцелем.

Галіна: «Калі ён прыйшоў да мяне ў госьці, побач са мной быў чалавек, зь якім мы разам жылі. Слова за слова, яму паказалі на дзьверы, а ён гэтага не зразумеў. Ну, і атрымаў так, што яго адвезьлі ў шпіталь. Потым нам адтуль пазванілі і сказалі, што ён сканаў.

Калі мне на судзе сказалі: тэрмін 8 гадоў, першае, пра што я падумала, — мая маленькая дачка.

Бо за гэтыя 7 гадоў, што мне засталося сядзець, яна не прыедзе. Яна цяпер жыве з бабуляй-сьвекрывёй, а ў той грошай на паездку няма. Само ж дзіцё яшчэ малое, каб езьдзіць самастойна».

Тыя, хто ў тэме, кажуць, што сапраўдным забойцам хутчэй за ўсё мог быць цяперашні каханак жанчыны. Ён жа мог і пераканаць узяць усё на сабе, бо ёй нічога за гэта ня будзе. Каханка так і паступіла, а ў выніку, што таксама здараецца нярэдка, атрымала па поўнай праграме. Тым ня менш, што таксама тыпова, жанчына спадзяецца, што сужыцель, які кляўся ёй у сваіх пачуцьцях, некалі прыедзе да яе на спатканьне і яны расьпішуцца. Хоць з кожным днём спадзяваньняў на гэта застаецца ўсё меней.

Марыне 20 зь нечым. Адседзела кароткі тэрмін у гомельскай «чацьвёрцы» за ўжываньне і захоўваньне наркотыкаў. Да турмы была студэнткай, атрымлівала сярэднюю спэцыяльную юрыдычную адукацыю. За той малы прамежак часу, што на волі, дзяўчына неаднойчы вярталася да сваёй звычкі, а потым ізноў кідала..

Паводле Марыны, нават на волі ў жаночых калектывах пануе нашмат больш агрэсіі чым у мужчынскіх. За кратамі, да таго ж, даводзіцца станавіцца сьведкай або ўдзельніцай сытуацыяў, калі ўнутраная нябачная агрэсія выліваецца ў агрэсію фізычную. Як кажуць, праблемы люднай і адначасна замкнёнай прасторы. Апошнім часам у гомельскай калёніі асуджаныя сталі жыць у больш ізаляваных памяшканьнях, у кубрыках недзе на восем чалавек. Што да другой, рэчыцкай калёніі, то там умовы застаюцца ранейшыя — такія самыя казарменныя, як і ў мужчын...

Марына: «Азлобленыя ўсе. Кожнае слова ўспрымаецца балюча ды востра, у выніку — спрэчка, канфлікт. Хоць цяпер адміністрацыя вельмі карае за канфлікты. Таму сядзеліцы імкнуцца высьветліць адносіны недзе ў капцёрцы, ціха, каб гэта было не на вачох. Але калі начальства даведваецца, закапёршчыкаў, і ня толькі іх, чакае штрафны ізалятар. Раней, у 1990-я, у нулявыя, як я ведаю з расповедаў сядзеліц са стажам, зэчкі асабліва моцна зьбівалі, калечылі і нават маглі забіць жанчын-дзетазабоцаў. Тых тады нават трымалі асобна. Цяпер такога няма. Яны жывуць разам з усімі ў атрадах. І адміністрацыя нярэдка дае ім розныя пасады кшталту „старшыняў“, каб іх не маглі абразіць-прынізіць...»

Аднаполае каханьне

Паводле псыхолягаў, на зоне любая жанчына мяняецца. У выніку рэдка якая, нават калі яна больш і ня сядзе, зможа быць нармальнай каханкай, маці, жонкай. Паколькі большасьць зэчак мала хто чакае на волі, то за кратамі, асабліва сярод рэцыдывістак або асуджаных на доўгія тэрміны, узьнікаюць свае «сем’і». Яны складаюцца з так званых «аднахлебак». На чале «сям’і» стаіць так званы «кабёл» — жанчына, якая выконвае ў гэтым зьвязе мужчынскую ролю. Паводле Сяргея Енікалопава, сама зона падштурхоўвае жанчыну да аднаполага каханьня.

Сяргей Енікалопаў
Сяргей Енікалопаў

Енікалопаў: «Трэба зыходзіць з таго, што калі мы кажам „жанчына“, гэта зусім не азначае, што ўсе яны аднолькава мілыя істоты ды маюць аднолькавую жаноцкасьць. Як мужчыны, так і жанчыны ў працэсе разьвіцьця набываюць хто маскулінныя рысы (або маюць іх проста ад нараджэньня), хто больш фэмінныя, хто і тыя, і другія, так што гэтыя рысы ўзаемна дапаўняюцца. І вось у канкрэтнай сытуацыі тыя ці іншыя рысы пачынаюць дамінаваць».

Паводле Марыны, жаночае каханьне, як той казаў, дзеліцца на два віды.

Марына: «Або гэта так званыя „палавінкі“, дзьве дзяўчынкі, вонкава жаноцкія істоты, якія займаюцца лесьбійскім каханьнем. І другі варыянт — „аднахлебкі“, дзе кожная адыгрывае пэўную ролю. Або мужчынскую, або жаноцкую... Першую адыгрываюць так званыя „каблы“. Гэта падобныя да мужыкоў жанчыны, у якіх твары ў шрамах, валасы кароткія, рукі ў наколках, голас грубы. Я ня ведаю, як так атрымліваецца, але асоба мяняецца цалкам, становіцца мужчынам. Спачатку гэтая істота аказвае пэўныя знакі ўвагі сваёй абраньніцы. Потым яны ходзяць паўсюль разам, разам сталуюцца. Тут і абарона каханкі ад нападаў з боку іншых, і рэўнасьць, на гэтай падставе — розныя канфлікты».

Марына мяркуе, што быццам такім пачуцьцям на зоне паддаецца абсалютная большасьць тых, хто мае доўгія тэрміны пакараньня:

«Тыя, у каго два-тры гады, — у нашмат меншай ступені. Некаторыя займаюцца такім каханьнем, некаторыя спакойна абыходзяцца без раманаў. Вядомыя выпадкі, калі пары, вяртаючыся на волю, працягваюць свае стасункі на сталай аснове. Калі адна з жанчын мае на волі мужа, то сыходзіць ад яго.

Здараецца і такое, што, вызваліўшыся раней, адзін з „сужэнцаў“ настолькі сумуе па каханцы, што ідзе на чарговае парушэньне закону, каб вярнуцца назад у калёнію...»

Былая асуджаная адзначае, што «каблы» звычайна знаходзяцца ў вельмі добрых адносінах з адміністрацыяй, іх прызначаюць на пасады брыгадзіраў, іншых нізавых начальнікаў. У той жа брыгадзе яна можа гаркнуць. На некаторых работніц гэта ўзьдзейнічае,

Праца

Асноўная вытворчасьць на жаночых зонах — швачная. Сядзеліцы шыюць форму для міліцыянтаў ды вайскоўцаў практычна круглыя суткі. Акрамя асноўнай вытворчасьці, у калёніях ёсьць і пабочныя, дзе асуджаныя выконваюць заказы прыватных асобаў. Большасьць асуджаных, нягледзячы на цяжкую працу, стараюцца. Бо ад гэтага залежыць характарыстыка, стаўленьне адміністрацыі, магчымасьць скараціць тэрмін пакараньня. Паводле псыхоляга Сяргея Енікалопава, праца на зоне абумоўлена эканомікай:

«І зоны, і тыя, хто там сядзіць наўпрост зьвязаныя з праблемай выжываньня. Каб вязьні самі на сябе зараблялі, самі сябе кармілі і яшчэ выплачвалі тое, што абавязаныя выплачваць ахвярам».

Галіна, якая мае дома малую дачку, кажа, што робіць усё, што ёй скажуць:

«Усё раблю. Каб не было парушэньняў. Імкнуся толькі хутчэй адпрацаваць. Трымае толькі ўменьне цярпець ды сіла волі. Заўсёды думаю пра дом. Дзеля будучыні нашай сям’і, дзеля дачкі стараесься».

Марына таксама крыху папрацавала на швейнай вытворчасьці:

«На самым пачатку зьняволеньня я прыйшла туды, але для мяне гэта было цяжка. І мне параілі „навесьці масты“ з заўгасам атраду, каб тая паспрыяла мне наконт працы начной днявальнай. Праца, адрозна ад швачкі, лёгкая і няпыльная. Яна фактычна не аплачваецца, але мне дапамагалі з дому.

Адзіная цяжкасьць — са сном. Спаць можна днём. Аднак у гэты час прыходзяць дзяўчаты зь першай зьмены ды зьбіраюцца на працу тыя, хто ідзе ў другую.

Тыя, хто стараецца працаваць на швачцы, атрымлівалі на той момант тыя ж грошы, што і на волі. Але яны дзеля гэтага выходзілі працаваць у дадатковыя зьмены і „пахалі“ вельмі шмат. Тых жа, хто не працуе, за гэта караюць, яны атрымліваюць парушэньні, розныя спагнаньні і г.д.»

Жанчыны ў калёніі, архіўнае фота
Жанчыны ў калёніі, архіўнае фота

Адукацыя і рэсацыялізацыя

Марына вельмі рада, што атрымала ў калёніі атэстат аб сярэдняй адукацыі, бо на волі яго ня мела — у каледж, які ня скончыла з-за арышту, пайшла вучыцца пасьля 9-й клясы. На зоне, кажа яна, вучацца многія дзяўчаты. Некаторыя нават ня маюць пачатковых школьных ведаў. Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, у студзені на «чацьвёрцы», упершыню ў гісторыі айчыннай турэмнай сыстэмы, стартаваў пілётны праект — дыстанцыйная вышэйшая адукацыя. Студэнткамі ў Менскі інавацыйны ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьці «псыхоляг» ды «юрыст» былі залічаныя тыя, хто прадставіў дакумэнты аб сканчэньні сярэдняй школы.

Красоўская-Касьпяровіч: «Ніякіх уступных тэстаў ці экзамэнаў не праводзілася. Для залічэньня былі патрэбныя заява, дакумэнты, уключна з атэстатам, плюс фінансавы складнік. Цана вучобы за год — такая ж, як і ў завочнікаў: 8 мільёнаў 900 тысяч рублёў. Як паведамілі дзяўчаты-студэнткі, часткова за вучобу плацяць яны, часткова — бацькі.

Заняткі ў дзьве зьмены. Пры гэтым яны працуюць. Як на швачцы, так і ў гаспадарцы ды ў санчастцы ўстановы.

Вядома, што сумяшчаць цяжка, але ж жаданьне вучыцца ёсьць, бо гэта праца на пэрспэктыву. Займаюцца за кампутарамі, літаратуру атрымліваюць у бібліятэцы. Зробленыя працы накіроўваюцца на пэўны інтэрнэт-адрас. Усё гэта фіксуецца супрацоўнікам-апэратарам».

Акрамя дыстанцыйнай вышэйшай адукацыі, у жаночай «чацьвёрцы» стартавалі таксама курсы рэсацыялізацыі.

Красоўская-Касьпяровіч: «Калі ты сядзіш год ці два, гэта адно, а калі сем, восем, дзесяць — гэта ўжо вялікі кавалак жыцьця. Чалавек адарваны ад усяго. Вось, напрыклад, жанчына вызвалілася і зайшла ў грамадзкі транспарт. Гэтага валідатара яна ніколі ў жыцьці ня бачыла... Сядзеліц на курсах вучаць усяму: колькі цяпер што каштуе, як пісаць рэзюмэ для таго, каб уладкавацца на працу, як аплачваецца праезд у транспарце, як трымацца зь людзьмі і г.д».

Адмова дзяцей, адмова ад дзяцей

Тым часам да вызваленьня рыхтуецца некалькі жанчын.

Вольга адседзела восем гадоў за забойства сабутэльніка. Да турмы некалькі разоў была ў ЛТП. Дома ніхто не чакае. Муж зь дзецьмі ад яе адмовіліся.

Вольга: «Калі трапляеш за краты, усё ўсьведамляеш, пачынаеш успамінаць мінулае, думаеш, як жа я няправільна сябе паводзіла. Нехта, можа, і выпраўляецца, аднак у мяне гэта не атрымліваецца. Мы тут знаходзімся — ані за сьвятло, ані за кватэру плаціць ня трэба.

Ня думаеш пра ежу, пра крамы, пра гатаваньне. На поўным дзяржзабесьпячэньні. А дома шмат праблемаў хатніх ды жаночых».

Таня ды Валянціна выйдуць на волю з малымі, якія нарадзіліся падчас іх адседкі і цягам трох гадоў утрымліваліся ў Доме малюткі, што пры калёніі. Таня зацяжарала яшчэ да арышту ад свайго грамадзянскага мужа. Адседзела тры гады за рабунак.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Таня: «Думаю толькі пра адно: як бы хутчэй вызваліцца, каб пачаць новае жыцьцё. Самы лепшы дзень тут — гэта калі нарадзіла дачку. Была вельмі шчасьлівая, бо першая дачка ў мяне памерла... Гэта было сапраўднае сьвята. Я нават з раддому прыехаць не пасьпела, як убачыла паштоўку на тумбачцы ад майго грамадзянскага мужа Валіка. Ён даведаўся пра нашу дачку праз маю сяброўку. Дачку пахрысьцілі ў мясцовай царкве. Бацюшка прыходзіў. Запісалі. Сяброўка — хросная маці — цацку падарыла, якую сама сшыла. Сама сябе віню, што трапіла сюды цяжарнай, што маё дзіця нарадзілася тут».

Валянціне — пад 40. Таксама рабунак. Зацяжарала падчас спатканьня з мужам. За тры гады пасьля нараджэньня дачкі ён так ані разу і не наведаў яе. Ці чакае ён іх цяпер — хто ведае.

Валянціна: «На душы камень, што жыцьцё дзіцяці пачынаецца з калёніі. Надзея толькі на тое, што маленькая і не разумее, дзе яна і што. Ці трэба пра гэта ведаць дачцэ? Так. Але, напэўна, калі споўніцца гадоў 13, калі яна стане хоць крышачку старэйшая...»

Як кажа Марына, «жанчыны, якія маюць сапраўдныя матчыны пачуцьці — гэта надзвычайная рэдкасьць для калёніі. Большасьць так званых „мамак“ імкнуцца нарадзіць, нават калі дзіцяці і ня хочуць. Але ж за гэта ідуць шматлікія так званыя „скачухі“ — дыеты, магчымасьць на некалькі гадзінак забегчы ў Дом немаўляці і такім чынам вызваліцца ад працы. Да таго ж яны могуць разьлічваць на дзіцячае ўмоўна-датэрміновае.

Выходзячы з калёніі, яны атрымліваюць матэрыяльную дапамогу, розныя дзіцячыя рэчы ды харчаваньне. А калі выходзяць, то проста кідаюць сваіх дзетак. На тым жа вакзале.

У міліцыі, аднак, ведаюць, што гэта могуць быць вызваленыя з калёніі. Такім чынам іх знаходзяць. І найчасьцей яны пішуць адмову».

...Усе, каго мы ня любім, — гэта наша ценявая праекцыя, — сказаў у свой час Карл Густаў Юнг, швайцарскі псыхіятар, заснавальнік так званай глыбіннай, або аналітычнай, псыхалёгіі. Сёньня вучэньне Юнга выкарыстоўваецца ў турэмнай псыхалёгіі. Лічыцца, што вобраз злачынцы-мужчыны, а яшчэ ў большай ступені — злачынцы-жанчыны на ўзроўні грамадзтва традыцыйна стыгматызуецца, хоць нашмат карысьней дэталёва вывучаць яго, каб узяць «цень» пад кантроль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG