Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Згодна з праектам новага дэкрэту любая гуманітарная праграма ці праект павінны будуць узгадняцца асабіста з Аляксандрам Лукашэнкам.

29 некамэрцыйных недзяржаўных арганізацыяў краіны накіравалі ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці калектыўны зварот з прапановамі аб спрашчэньні парадку атрыманьня замежнай дапамогі. Сярод іншых гэта такія арганізацыі як Міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне «Ўзаемаразуменьне», Беларускі дзіцячы госьпіс, Цэнтар экалягічных рашэньняў і іншыя.

У дакумэнце адзначаецца, што галоўная мэта атрыманьня замежнай дапамогі — рэалізацыя сацыяльных праектаў і праграм у галіне аховы здароўя, адукацыі і культуры — тых галін народнай гаспадаркі, якія перадусім патрабуюць бюджэтнага фінансаваньня. Гэткім чынам, бязвыплатная замежная дапамога паспрыяе зьмяншэньню ціску на дзяржаўны бюджэт Беларусі.

Калектыўны зварот быў складзены ў адказ на заклік Дэпартамэнту па гуманітарнай дзейнасьці выказаць свае прапановы наконт унармаваньня парадку атрыманьня замежнай дапамогі. Аднак пакуль прапановы абмяркоўваліся, грамадзкія арганізацыі атрымалі распрацаваны праект дэкрэту, які быў падрыхтаваны дзяржаўнымі арганізацыямі яшчэ да завяршэньня падачы прапаноў, кажа сябра Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка:

«Мы падрыхтавалі ацэнку гэтага праекту дэкрэту. На жаль, ён не скіраваны на спрашчэньне атрыманьня бязвыплатнай замежнай дапамогі. Наадварот, ён прадугледжвае дадатковае дзяржаўнае рэгуляваньне атрыманьня такой дапамогі пад кантролем дзяржавы. Якім чынам будзе праводзіцца гэты кантроль, з праекту дэкрэту незразумела. Акрамя таго, любая гуманітарная праграма ці праект павінны будуць узгадняцца асабіста кіраўніком краіны. Гэткім чынам, дэкрэт утрымлівае парадак шматлікіх бюракратычных узгадненьняў — як адносна парадку атрыманьня грашовых сродкаў, так і адносна мэтаў, на якія гэтыя сродкі будуць прызначаныя.

Міжнародная ж практыка паказвае, што чым менш дзяржава рэгулюе парадак прыцягненьня замежнай дапамогі, тым больш і лепш гэтая дапамога паступае ў краіну. Да прыкладу, такія краіны, як Армэнія, Грузія — найбольшыя атрымальнікі замежнай дапамогі, бо яны маюць найменшае дзяржаўнае рэгуляваньне. Акрамя таго, донары дабрачыннай дапамогі — ня толькі буйныя, але і дробныя замежныя арганізацыі, якіх бывае больш, чым буйных. І дробным арганізацыям будзе нязручна працаваць у рэжыме няспынных узгадненьняў, таму яны могуць пакінуць Беларусь як давальнікі гуманітарнай дапамогі. Таму мы вельмі спадзяёмся, што распрацаваны праект не канчатковы і Дэпартамэнт па дабрачыннай дапамозе ўлічыць прапановы недзяржаўных арганізацыяў».

Некамэрцыйныя недзяржаўныя арганізацыі, сярод іншага, прапаноўваюць:

• Адмовіцца ад сыстэмы абавязковай рэгістрацыі замежнай бязвыплатнай дапамогі, замяніўшы на дазвольны прынцып рэгістрацыі.

• Выключыць з заканадаўства пералік мэтаў, на якія можа вылучацца замежная бязвыплатная дапамога.

• Вызваліць атрымальнікаў ад падатку на прыбытак і мытных збораў, вызначыць мінімальны памер грашовых сродкаў, якія не падлягаюць рэгістрацыі.

• Прадугледзець магчымасьць аднаразовай рэгістрацыі доўгатэрміновых праектаў з улікам усёй сумы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG