Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жамчужнага прызналі палітвязьнем — ён стаў ахвярай правакацыі КДБ


Міхаіл Жамчужны

Міхаіл Жамчужны

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, якая дазваляе зрабіць выснову, што асуджэньне аднаго з заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага зьяўляецца «неабгрунтаваным і палітычна матываваным».

«Лічым неабходным патрабаваць для Міхаіла Жамчужнага неадкладнага перагляду прынятага ў яго дачыненьні прысуду пры захаваньні права на справядлівы судовы разгляд», — адзначаецца ў заяве беларускіх праваабаронцаў, якую падпісалі Алесь Бяляцкі, Алег Гулак, Тацяна Равяка, Алена Танкачова ды іншыя.

У ліпені Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6,5 гадоў калёніі строгага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле некалькіх артыкулаў крымінальнага кодэксу: наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія маюць службовую тайну, незаконнае набыцьцё сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама даваньне хабару.

Як адзначыла ў інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Беларускага дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава​ Тацяна Равяка, праваабаронцы доўгі час не маглі даведацца, у чым сутнасьць крымінальнай справы Жамчужнага.

Тацяна Равяка

Тацяна Равяка

«Каб зразумець, што гэта было, як бачыце, спатрэбілася больш за год, — канстатуе праваабаронца, — Мы атрымалі два дакумэнты з гэтай справы, яны былі дасланыя з калёніі, яны прайшлі турэмную цэнзуру (то бок, мы не карысталіся нейкімі недазволенымі мэтадамі, каб атрымаць гэтую інфармацыю). Першы дакумэнт — гэта пастанова аб завядзеньні хадайніцтва аб працягненьні тэрміну ўтрыманьня абвінавачванага пад вартай за люты 2015 году, адкуль мы даведаліся, якога кшталту інфармацыя „выкупалася“ спадаром Жамчужным, але не разумелі, каму гэта было трэба і якім чынам гэтая справа разьвівалася. Другі дакумэнт — пратэст пракурора, які быў вынесены пасьля прысуду Віцебскага абласнога суду, зь якога мы даведаліся, што ўся гэтая справа — гэта перадача Жамчужнаму інфармацыі, якая ўтрымлівае сакрэтныя зьвесткі — ініцыяваная Упраўленьнем КДБ Віцебскай вобласьці. Гэта была апэратыўная распрацоўка».

Як вынікае з дакумэнтаў, якія маюць цяпер праваабаронцы, Жамчужны на працягу 2013 −2014 гг., атрымліваў ад дзяжурнага мэдыцынскага выцьвярэзьніка УУС Віцебскага аблвыканкаму службовыя дакумэнты зь інфармацыяй: зьвесткі аб заведзеных крымінальных справах у дачыненьні да службовых асоб, зводка за 2012 і 2013 аб здарэньнях з удзелам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, спэцданясеньне па факце раптоўнай сьмерці ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму і г.д.

«За гэты час, фактычна за два гады, былі перададзеныя чатыры разы зьвесткі, за якія было супрацоўнікам міліцыі атрымана ўзнагароджаньне. Відавочна, што гэтыя зьвесткі спадар Жамчужны ўспрымаў як інфармацыю, якая мае грамадзкі інтарэс, атрымліваў іх, каб выявіць незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і зрабіць іх галоснымі», — кажа Равяка.

Усе інкрымінаваныя Жамчужнаму эпізоды супрацьпраўнай дзейнасьці зьдзяйсьняліся ім у межах апэратыўнага экспэрымэнту пад кантролем УКДБ па Віцебскай вобласьці. Прычым мэтай КДБ было ўстанаўленьне сувязей Жамчужнага з замежнымі грамадзянамі дзеля абвінавачваньня яго ў шпіянажы. Але матэрыялаў для абвінавачваньня ў шпіянажы не было выяўлена — Жамчужны передаваў усю інфармацыю ў праваабарончую арганізацыю «Плятформа інавэйшн».

Такім чынам, праваабаронцы лічаць, што магчымыя супрацьпраўныя паводзіны Жамчужнага маглі стаць вынікам правакацыі злачынства — падбухторваньня, схіленьня, заахвочваньня ў прамой або ўскоснай форме да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў.

Атрымліваецца, што супрацоўнікі КДБ або цалкам справакавалі гэтую сытуацыю

«Атрымліваецца, што супрацоўнікі КДБ або цалкам справакавалі гэтую сытуацыю, або зрабілі працяглую ў часе справу з чатырма эпізодамі, не спынілі гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні пасьля першага эпізоду гэтага экспэрымэнту і такім чынам значна пагоршылі становішча Жамчужнага, бо ўсе далейшыя дзеяньні ўжо кваліфікаваліся як паўторныя злачынствы, што ў выніку і прывяло да такога сур’ёзнага пакараньня ў 6,5 гадоў», — кажа Равяка.

«Спадара Жамчужнага мы прызнаем палітвязьнем, але патрабуем перагляду справы справядлівым судом, прызнаючы, што ў ягоных дзеяньнях ёсьць склад правапарушэньня — а менавіта дача хабару. Хаця мы дагэтуль ня ведаем, хто быў ініцыятарам гэтых дзеяньняў — ці супрацоўнікі КДБ справакавалі Жамчужнага на тое, што ён пачаў выкупаць гэтыя зьвесткі, даючы хабар, ці сам Жамчужны шукаў такіх кантактаў з супрацоўнікамі сілавых структур», — удакладняе праваабаронца.

Равяка лічыць справу Жамчужнага яшчэ адным прыкладам шпіёнаманскіх спраў, якія распрацоўвалі ў апошнія гады ў КДБ.

«Можна згадаць аналягічныя справы — Гайдукова, Алесіна і ксяндза Лазара — калі супрацоўнікі КДБ спрабавалі людзей абвінаваціць у шпіянажы. Гэтая хваля шпіёнаманіі захапіла і спадара Жамчужнага. З боку прадстаўнікоў спэцслужбаў тут былі адназначна правакацыйныя і незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да Жамчужнага. Мы лічым, што мэтай гэтай апэрацыі КДБ было падвышэньне сваёй значнасьці ў дзяржаве непрымальнымі ў дэмакратычным грамадзтве мэтадамі», — кажа праваабаронца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG