У ходзе допыту ў паліцыі, фрагмэнты зь якога прыводзіць Hurriyet, Абдулкадыр Машарыпаў паведаміў, што ён атрымліваў указаньні з сырыйскага гораду Рака, які лічыцца галоўным апорай тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава», перадае BBC.
«Я прыйшоў на плошчу Таксім, але меры бясьпекі былі вельмі высокімі, і правесьці напад там было немагчыма. Я атрымаў інструкцыі шукаць іншае месца. Начны клюб Reina здаўся мне прыдатным для гэтага, там не было узмоцненай аховы», — цытуе выданьне паказаньні Машарыпава.
Пра яго затрыманьне стала вядома 17 студзеня. Паводле зьвестак турэцкіх уладаў, Машарыпаў прыехаў у Турэччыну нелегальна ў студзені 2016 году.
Ён прызнаў сваю віну, а адбіткі ягоных пальцаў супалі з выяўленымі на месцы злачынства.
У ноч на 1 студзеня невядомы мужчына адкрыў агонь ля ўваходу ў папулярны начны клюб Reina ў Стамбуле: спачатку ён застрэліў паліцэйскага, а затым прадоўжыў стральбу ў памяшканьні. У выніку нападу 39 чалавек загінулі і 65 былі параненыя.
Адказнасьць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава».