Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХХ стагодзьдзе вачыма Яўгена Ціхановіча


Сяргей Харэўскі. Здымак Дзяніса Раманюка
Сяргей Харэўскі. Здымак Дзяніса Раманюка

— Сяргей, наколькі апраўданая назва кнігі — «Партрэт стагодзьдзя»?

— Назву прыдумаў Сяргей Дубавец, калі ўпершыню фрагмэнты ўспамінаў, запісаныя мною на дыктафон, прагучалі ў перадачы «Вострая брама» на Радыё Свабода. Лепшай і не прыдумаеш. Бо біяграфія Яўгена Ціхановіча (1911–2005) сапраўды ахапіла амаль цэлае ХХ стагодзьдзе, ён пражыў больш за 94 гады, перажыў многіх блізкіх, родных і стаў сьведкам усёй нашай гісторыі ад часу Расейскай імпэрыі, дзе ён нарадзіўся, і да незалежнай Беларусі. Гэта калясальны досьвед — самы сапраўдны партрэт стагодзьдзя.

— Мне зразумела, чаму Ціхановіч не публікаваў свае ўспаміны пры жыцьці, — там нямала нэгатыўных ацэнак сучасьнікаў. Скажам, аўтар мэмуараў цьвердзіць, што вядомую п’есу «Несьцерка» напісаў не Віталь Вольскі, а Ўладыслаў Галубок (дарэчы — цесьць Ціхановіча). Вы ў камэнтарах таксама схіляецеся да гэтай вэрсіі. А чым гэта можна аргумэнтаваць?

— На аўтарстве Галубка настойвала ўся сям’я Ціхановічаў-Галубкоў і ўвесь час гэтую вэрсію трансьлявала. Я мастацтвазнаўца, а не дасьледчык літаратуры. Адзінае, што мне падаецца ў гэтай вэрсіі вераемным, гэта параўнаньне творчасьці Віталя Вольскага 30-х гадоў (такая зубадрабільная рэвалюцыйная крытыка ў духу Лукаша Бэндэ) з тым жа «Несьцеркам». Як мог чалавек, які займаўся публіцыстыкай, раптам напісаць п’есу, якая, мякка кажучы, ні з чаго не вынікала? Але ўсё ж кропку тут павінны паставіць літаратуразнаўцы. А Ціхановіч пра ўсё гэта вельмі жыва расказваў. Як і пра вобшук у хаце Якуба Коласа, які праводзіў той жа Вольскі. Мастак артыстычна распавядаў (і яму не выпадае ня верыць), як Вольскі рэзаў брытвай падушкі, і Колас пытаўся: «Чаго ж ты шукаеш, Віталька?». «Я табе не Віталька!» — адказаў той. Гэта выглядае рэалістычна, я наогул не ўяўляю, для чаго Ціхановічу ўсё гэта трэба было б прыдумляць, зь якой мэтай? І, тым болей, помніць пра гэта больш як 70 гадоў.

Расстраляны ў 1937-м Уладыслаў Галубок — цесьць Яўгена Ціхановіча
Расстраляны ў 1937-м Уладыслаў Галубок — цесьць Яўгена Ціхановіча

— Ціхановіч жыў і працаваў у акупаваным немцамі Менску. Шмат хто з творцаў, каму выпаў падобны лёс, у 1944-м былі змушаныя выехаць на Захад, а хто застаўся (як кампазытар Аляксей Туранкоў) — паехаў у другі бок, у Гулаг. Як удалося пазьбегнуць лагероў Ціхановічу?

— На гэтае пытаньне і ў мяне няма дакладнага адказу. Усё ж, калі параўноўваць бальшавіцкія рэпрэсіі супраць літаратараў і мастакоў, то з апошнімі абыходзіліся, калі так можна сказаць, больш ашчадна. Расстраляных мастакоў — адзінкі. Савецкая ўлада рабіла ўсё, каб зрабіць зь іх вар’ятаў, выкінуць іх за борт грамадзкага і сацыяльнага жыцьця. Так сталася, напрыклад, зь Язэпам Драздовічам, які памёр ужо пасьля сьмерці Сталіна — проста ад голаду, пра што ў нас мала гавораць. Мала хто ведае, як Драздовіч яшчэ дзесяць гадоў жыў пасьля вайны. Тое самае адбылося і зь іншымі мастакамі. Але ў 30-я гады той, хто ўмеў маляваць, быў на вагу золата, бо не было добрай паліграфіі, і мастакі мусілі рабіць агромністую колькасьць рознай прапаганды — плякаты і г.д. Нешта падобнае адбывалася і пры немцах. На шчасьце, Ціхановіч не афармляў фашыстоўскіх мітынгаў і прэсы, ня стаў адкрытым калябарантам, у адрозьненьне, напрыклад, ад Паўла Гуткоўскага, які маляваў партрэты нямецкіх афіцэраў ды гуляў зь імі ў тэніс. Ціхановіч не атрымаў ніякіх узнагародаў, у адрозьненьне ад няшчаснага Антона Каржанеўскага, які напісаў акварэль «Мокры бэз» і за яе атрымаў срэбны мэдаль у Бэрліне. Ціхановіч застаўся ў акупаваным Менску зь сям’ёю ворага народу Ўладыслава Галубка (быў жанаты зь яго дачкой), якога саветы расстралялі, з цэлай галяйстрай ягоных і сваіх дзяцей. Куды ён мог падзецца? Такіх у эвакуацыю ня бралі. Многія ягоныя сябры таксама засталіся ў Менску, той жа згаданы Туранкоў.

Ціхановіч не афармляў фашыстоўскіх мітынгаў і прэсы, ня стаў адкрытым калябарантам

— Ціхановіча саветы ў 44-м не зачапілі. А што сталася з тым жа Каржанеўскім?

— Яго выслалі на 10 гадоў. Пасьля ён вярнуўся, жыў ціха-мірна ў Віцебску. Самае цікавае — яго нават ня выключылі з Саюзу мастакоў! Але пры жыцьці так і не дазволілі правесьці пэрсанальную выставу.

— Так памяркоўна паставіўшыся да Ціхановіча пасьля вайны, савецкая ўлада, магчыма прыгадала адну ягоную заслугу — ён жа аздабляў «Пісьмо вялікаму Сталіну ад беларускага народу». Ціхановічу тады не было і трыццаці, чаму менавіта яму выпала такое адказнае даручэньне?

— Перадусім трэба сказаць, што Ціхановіч быў вельмі таленавітым мастаком. Бадай, адным з найлепшых беларускіх майстроў эксьлібрысу. Ён быў выдатным мастаком-графікам, мастаком кнігі, як і ягоны брат Валянцін. Яны атрымалі бліскучую мастацкую адукацыю. Другога такога мастака, беларуса па нацыянальнасьці (а гэта было важна ў згаданай вамі акцыі), тады папросту не было. Паўтаруся, трэба было мець грунтоўную акадэмічную адукацыю, каб выканаць у тым, вядомым нам сталінскім імпэрскім стылі, адказную працу — Ціхановічу было даручана пісаць шрыфты. Ён і да гэтага і пасьля маляваў партрэты правадыроў — незьлічоных сталіных, варашылавых, жданавых. Ён ва ўспамінах піша, колькі яму плацілі, якая цана была за мэтар...

Яўген Ціхановіч (крайні справа) — навучэнец Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Неўзабаве маладому мастаку ўлада даверыць аздабленьне «Пісьма вялікаму Сталіну ад беларускага народу»
Яўген Ціхановіч (крайні справа) — навучэнец Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Неўзабаве маладому мастаку ўлада даверыць аздабленьне «Пісьма вялікаму Сталіну ад беларускага народу»

— Аўтар мэмуараў рэзка адмоўна выказваецца пра савецкіх клясыкаў Азгура, Савіцкага, Стальмашонка ды інш. Можа, таму што яны больш мелі — за мэтар? А яшчэ адзін мастак у яго — сэксот, які пра ўсё даносіў у КДБ...

— Гэта меркаваньні Ціхановіча, ягоныя вэрсіі, і я гэта падкрэсьліваю. Прыкладам, даў ён мастаку Н. рэдкія фатаздымкі, якія раней нідзе не друкаваліся, а яны раптам зьяўляліся ў часопісе «Политический собеседник». Канешне ж, пытаньне да таго мастака ўзьнікала... Думаю, напісанае Ціхановічам для таго пакаленьня ня будзе нейкім адкрыцьцём. Многія яго сучасьнікі маглі б нешта і пра Ціхановіча расказаць. Калі будуць адкрытыя архівы, мы багата чаго даведаемся — з усіх бакоў.

Яўген Ціхановіч на адпачынку ў Паланзе. 1982 г.
Яўген Ціхановіч на адпачынку ў Паланзе. 1982 г.

— Адзін з разьдзелаў «Партрэту стагодзьдзя» мае назву «Няўдзячнае мастацтва — маляваць правадыроў». Здавалася б, наадварот, такое мастацтва прыносіла прэміі і званьні. Чаму ў Ціхановіча ўсё склалася іначай?

— Зноў жа, з-за біяграфіі. Па-першае, жыў на акупаванай тэрыторыі. Па-другое, зь сям’і ворага народу. Сярод сяброў і калегаў, зь якімі працаваў на акупаванай тэрыторыі, былі і калябаранты, і эмігранты, як Антон Шукялойць ды інш. Ціхановічу замест званьняў савецкая ўлада давала магчымасьць добра зарабляць. Матэрыяльна ён быў забясьпечаны. Яго ніхто не хапаў за руку, калі ён атрымліваў новыя і новыя заказы і рабіў, тое, што мы сёньня назвалі б халтурай. У 1991 годзе ягоны аграмадны савецкі даробак наогул стаў нікому непатрэбным. Увесь сацыялістычны рэалізм 50-х, увесь нематываваны аптымізм тых палотнаў, якія ён рабіў і сам, і на пару зь Ісакам Давідовічам, усе тыя стадыёны і трыбуны, яны да гэтай пары недзе ў запасьніках музэяў. Але Ціхановіч быў і застаецца майстрам эксьлібрысу, аўтарам выдатных партрэтаў Якуба Коласа, Янкі Купалы, Уладыслава Галубка.

Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.
Яўген Ціхановіч. Партрэт Якуба Коласа. 1977 г.

— Мэмуары заканчваюцца абзацам: «Усё наша, браткі-беларусы, нам вернецца! І бел-чырвона-белы сьцяг, і Пагоня». А сучасную афіцыйную сымболіку мастак называў «савецкай бутафорыяй 50-х». Адкуль такое стаўленьне?

— Бо Ціхановіч на свае вочы бачыў, як стваралася тая бутафорыя, хто рабіў тыя гербы і сьцягі — Волкаў і Гусеў. Разам з тым, ён быў цудоўна абазнаны ў гісторыі, ведаў, адкуль узялася Пагоня, знаў тых людзей, для якіх яна насамрэч была сьвятыняй. У той жа Заходняй Беларусі Пагоня не была забароненай. Напярэдадні вайны Ціхановіч бываў у Вільні, ведаў Пётру Сергіевіча, беларускіх ксяндзоў, дыхаў атмасфэрай віленскай беларушчыны. Тады гэта яго вельмі моцна ўзрушыла, паставіла яго на беларускі шлях. І 1991 год ён сустрэў з радасьцю, насіў бэрэт з Пагоняй, вельмі горача вітаў беларусізацыю, стаў публічнай пэрсонай у тыя часы. Але ўзрост узяў сваё, і замест удзелу ў дыскусіях ён пачаў пісаць мэмуары, пісаць партрэт прамінулага стагодзьдзя. Пра тое, што мы страцілі, па чым сёньня некаторыя любяць патэтычна заломваць рукі, аплакваючы СССР як найвялікшую страту ХХ стагодзьдзя. Усіх гэтых аматараў савецкага ладу жыцьця я настойліва адсылаю да кнігі Яўгена Ціхановіча. Пачытайце і падумайце, што гэта была за культура, што гэта быў за побыт, што гэта былі за міжлюдзкія стасункі.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG