Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Законаў па-беларуску не пабачым — Ігар Случак


Ігар Случак

Ігар Случак

У першым чытаньні прынятая новая рэдакцыя закону Аб нарматыўных прававых актах. Фармальна, закон замацоўвае раўнапраўе беларускай і расейскай моваў у сфэры выданьня законаў. Але ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» Ігар Случак ня бачыць у ёй важных зьменаў і сьцьвярджае: законаў па-беларуску ўсё так жа не пабачым.

«Па-сутнасьці, гэта ня новая рэдакцыя, а старая, — кажа Свабодзе Случак. — Проста апошні раз рэдакцыю мянялі ў 2003 годзе, з таго часу шмат правак было ўнесена, а цяпер акты перапрацавалі, прыбралі спасылкі на акты ў законе, але закон не зьмяніўся. А так — па-ранейшаму прапісана, што законы выдаюцца па-беларуску і (або) па-расейску.

За ўсю гісторыю Беларусі па-беларуску прынята каля 50 законаў. А калі глядзець усе нарматыўныя акты, якіх было за 200 тысяч, то па-беларуску выдаваліся толькі 3%.

Канстытуцыйны суд неаднаразова зьвяртаў увагу, яшчэ калі Рыгор Васілевіч быў старшынёй, што законы павінны выдавацца на дзьвюх дзяржаўных мовах. Апошні раз было ў 2015 годзе, калі Канстытуцыйны суд зьвяртаўся да палатаў і прэзыдэнта. Але, на жаль, да Канстытуцыйнага суду ніхто не прыслухоўваецца. І мы неаднаразова зьвярталіся да парлямэнтарыяў, каб былі ўнесеныя нормы, што законы выдаюцца па-расейску і па-беларуску.

Ёсьць яшчэ спадзяваньні, што між першым і другім чытаньнем будуць унесеныя зьмены, і што дэпутаты ўлічаць меркаваньне Канстытуцыйнага суду».

Быць можа, справа ня ў тым, што дэпутаты ня хочуць пісаць законы па-беларуску, а ў тым, што беларуская юрыдычная мова не распрацаваная? Случак не згаджаецца:

«Юрыдычная мова была распрацаваная яшчэ ў 20-х гадах ХХ стагодзьдзя, распрацаваная тэрміналягічнымі камісіямі Акадэміі навук і Інбелкульту.

Прыйсьці да нейкага стандарту, я лічу, сучасная Акадэмія навук і Інстытут мовазнаўства могуць за 2-3 месяцы.

Спакойна можна скласьці адмысловы слоўнік тэрмінаў, якія будуць ужывацца ў тым ці іншым выпадку. Я веру, там працуюць добрыя спэцыялісты, ды й у нас ёсьць шмат добрых мовазнаўцаў, ужо ёсьць спэцыялісты, якія распрацоўваюць нарматыў па мове.

Цяпер фактычна складаецца сытуацыя, што праз традыцыю і практыку ў нас адна дзяржаўная мова — расейская

Хутчэй, усё проста ідзе па накатанай. Дэпутатам лягчэй працаваць з адной мовай, бо пры дзьвюх трэба вывяраць, каб абедзьве рэдакцыі мелі аднолькавую сілу, каб кожная норма чыталася аднолькава на дзьвюх мовах. А калі ёсьць магчымасьць абіраць, дзейнічае традыцыя, якая склалася з 1996 году.

Калі ў жыцьці пануе расейская мова, ня кожны беларус будзе выкарыстоўваць беларускую мову, калі вакол усё па-расейску. А калі будзе нарматыў прапісаны, будзе лягчэй прыходзіць да сапраўднага білінгвізму. І хоць білінгвізм прапісаны ў Канстытуцыі, але не прапісаныя магчымасьці рэалізаваць норму гэтага артыкулу 17».

То як варта рабіць, абавязаць пісаць законы толькі на беларускай мове? Ці зрабіць абавязковым выданьне кожнага закону на абедзьвюх дзяржаўных мовах? Случак выказваецца адначасова за абодва варыянты:

«Я як беларус, у якога ўсе продкі беларусы, і які ведае сваю гісторыю, хацеў бы, каб у Беларусі ўсё было па-беларуску. І я лічу, што мусіць быць адна дзяржаўная мова. Але як юрыст і як чалавек, які жыве ў сёньняшнім прававым полі, лічу, што калі ў Канстытуцыі прапісаныя дзьве дзяржаўныя мовы, то давайце хоць бы паспрабуем выканаць гэтую канстытуцыйную норму.

Цяпер фактычна складаецца сытуацыя, што праз традыцыю і практыку ў нас адна дзяржаўная мова — расейская.

А норма не такая і кепская, калі будзе выконвацца. Калі ў беларускамоўнага будзе магчымасьць атрымліваць інфармацыю і камунікацыю па-беларуску. Калі кожная з моваў будзе мець роўныя правы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG