Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклага 17 год таму Юрыя Захаранку не прызналі памерлым


Акцыя памяці Юрыя Захаранкі. Архніўнае фота Bymedia.net
Акцыя памяці Юрыя Захаранкі. Архніўнае фота Bymedia.net

Жыхарка пасёлку Васілевічы Гомельскай вобласьці Ўльяна Захаранка даслала скаргу на пастанову судзьдзі Кастрычніцкага суду Менска Вольгі Бірулі.

Яна скардзіцца на тое, што судзьдзя ня стала разглядаць па сутнасьці яе заяву аб прызнаньні памерлым яе сына, Юрыя Захаранкі. Завёўшы грамадзянскую справу па заяве Ўльяны Захаранкі, судзьдзя Вольга Біруля адразу ж далучыла яе да падобнай справы па заяве жонкі Юрыя Вольгі Захаранкі і спыніла вытворчасьць да заканчэньня расьсьледаваньня крымінальнай справе аб зьнікненьні экс-міністра ўнутраных справаў.

«…да заканчэньня крымінальнай справы…»

Былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юрый Захаранка быў скрадзены ў Менску невядомымі ў красавіку 1999 года. Што далей стала з Юрыем Захаранкам, грамадзкасьці невядома.

Ульяна Захаранка
Ульяна Захаранка

У пачатку 2000-ых гадоў жонка і дочкі Юрыя Захаранкі зьехалі ў Нямеччыну, але ў Менску засталася іх 4-пакаёвая кватэра, якая была запісаная на імя Юрыя Захаранкі. Каб уступіць у права валоданьня кватэрай у 2002 годзе жонка Захаранкі Вольга Захаранка падала ў Кастрычніцкі суд Менска заяву аб прызнаньні яго памерлым, але тады суд прыпыніў вытворчасьць па грамадзянскай справе да заканчэньня крымінальнай справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі.

Цяпер, праз 14 год, гэтак жа вырашыла судзьдзя Вольга Біруля з таго ж Кастрычніцкага суду.

«Аб’яднаць для сумеснага разгляду ў адной вытворчасьці патрабаваньні Захаранкі Вольгі Рыгораўны і патрабаваньні Захаранкі Вольгі Барысаўны аб абвяшчэньні памерлым Захаранка Юрыя Мікалаевіча.
Вытворчасьць па справе спыніць на падставе п.4 арт. 140 ГПК Рэспублікі Беларусь. Вызначэньне ў касацыйным парадку абскарджаньню і апратэставаньню не падлягае», – вырашыла 30 траўня судзьдзя Вольга Біруля.

Нельга абскардзіць

У сваёй прыватнай скарзе Ўльяна Захаранка абскарджвае ня толькі рашэньне судзьдзі Бірулі адносна яе патрабаваньня аб прызнаньні сына памерлым, але і тое, што рашэньне суду нельга абскардзіць.

Вечарына памяці Юры Захаранкі. Архіўнае фота
Вечарына памяці Юры Захаранкі. Архіўнае фота

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар» Раіса Міхайлоўская дапамагае Ўльяне Захаранка ў яе судовых справах. Раіса Міхайлоўская таксама мяркуе, што судзьдзя парушала правы Ўльяны Захаранкі:

«Гэта яўнае парушэньне права на адкрыты разгляд яе справы ў судзе, , – тлумачыць праваабаронца Раіса Міхайлоўская. — Фактычна рашэньне па заяве Ўльяны Захаранкі ўжо ёсьць, але суду пры гэтым не было, паседжаньня не праводзілася.

Прыкладам, Ульяна Захаранка ў судзе зьбіралася часткова зьмяніць патрабаваньні, але як гэта было зрабіць, калі паседжаньня не праводзілі? Увогуле адносна маці які год творыцца беззаконьне. Маці Захаранка ўжо 92 гады. Яна разумее, што прыйдзе і яе час і, як усе, хоча пакінуць сваім дзецям, унукам, праўнукам тое, што нажыла за жыцьцё. Для яе гэта вельмі важна. Але атрымліваецца, што яна не можа гэтага зрабіць.

Прычым жанчына не выстаўляе ніякіх патрабаваньняў палітычнага характару, яна даўно зразумела, што адбылося зь яе сынам. Як ёй ні цяжка, яна просіць прызнаць яго памерлым – і тут адмова. Трэба нешта рабіць!».

«Паўстане пытаньне, а па чыім загадзе?»

Справа аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі цягнецца ўжо больш за 17 год, яе рэгулярна працягваюць, але вынікаў няма. Былы сьледчы пракуратуры, праваабаронца Алег Воўчак мяркуе, што беларускія ўлады насамрэч імітуюць расьсьледаваньнем справы Юрыя Захаранкі.

На наступны год пасьля зьнікненьня Захаранкі ў Беларусі зьніклі бязь сьледу старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсовец і грамадзкі дзяяч Анатоль Красоўскі і апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі. Фота з акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996 у 2015 годзе
На наступны год пасьля зьнікненьня Захаранкі ў Беларусі зьніклі бязь сьледу старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсовец і грамадзкі дзяяч Анатоль Красоўскі і апэратар расейскага тэлеканалу ОРТ Зьміцер Завадзкі. Фота з акцыі ў гадавіну рэфэрэндуму-1996 у 2015 годзе

«Завяршыць справу і знайсьці вінаватых, хаця б выкананаўцаў, значыць паказаць нашаму грамадзтву і ўсяму сьвету, што столькі гадоў усіх падманвалі, што сапраўды былі «эскадроны сьмерці», якія зьнішчалі палітычных праціўнікаў, — мяркуе праваабаронца Алег Воўчак. — Тады паўстане і пытаньне, а па чыім загадзе? Таму яны цягнуць і будуць цягнуць да апошняга».

Чарговы тэрмін, на які было падоўжанае расьсьледаваньне справы Юрыя Захаранкі, сканчаецца 24 чэрвеня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG