Пракурор прасіў суд прызнаць Аляксея Ціханкова вінаватым і асудзіць яго на 12 гадоў зьняволеньня. Суд даў яму на год меней — 11 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Таксама суд прысудзіў утрымаць зь Ціханкова ў якасьці кампэнсацыі пацярпелым 15 тысяч рублёў.
Крымінальная справа аб забойстве Людмілы Ціханковай была заведзеная летась пасьля знаходжаньня яе цела ў Вілейскім вадасховішчы. У забойстве былой жонкі прызнаўся Аляксей Ціханкоў, дырэктар кампутарнай фірмы, у якога год таму ў новай сям’і нарадзіўся сын.
Ціханкоў казаў, што не плянаваў забіваць былую жонку, але «сарваўся», калі пачуў ад яе пагрозы ў адрас яшчэ не народжанага дзіцяці.
«Розум адключыўся, маральныя заслоны ўпалі», — казаў Ціханкоў у судзе пра момант забойства былой жонкі, пра якую распавядаў суду, што яна злоўжывала алькаголем. Адвакат Аляксея Ціханкова прасіў у суду для падабароннага пакараньня, зьвязанага з абмежаваньнем волі.
Пасьля абвяшчэньня прысуду абаронца паведаміў, што Аляксей Ціханкоў будзе абскарджваць прысуд. Ад камэнтару абаронца ўстрымаўся. Пракурор Ігар Сеніў у камэнтары журналістам сказаў, што тэрмін, якога ён прасіў для Ціханкова, дэманструе тое, што ў Беларусі галоўнай каштоўнасьцю мусіць быць жыцьцё чалавека.