Лінкі ўнівэрсальнага доступу

40 грамадзян Аршанскага раёну паставілі свае подпісы пад лістом да мясцовага кіраўніцтва з прапановай правесьці на сэсіі райсавету слуханьні аб стане карупцыі ў рэгіёне. Гэта — вынік абмеркаваньня антыкарупцыйнай плятформы, якую падрыхтавалі 11 дэмакратычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Рыхтуючыся да прэзыдэнцкіх выбараў, апазыцыя прэзэнтуе дакумэнт аб барацьбе з карупцыяй у рэгіёнах. На гэтым тыдні такія імпрэзы прайшлі ў Воршы і Слоніме.

На сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах апазыцыя вырашыла скарыстаць козыр, зь якім у свій час прыйшоў да ўлады Аляксандар Лукашэнка — барацьбу з карупцыяй. 11 палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, сярод якіх Аб’яднаная грамадзянская партыя, партыя «Справядлівы сьвет», аргкамітэт у справе стварэньня жаночай партыі «Надзея», рух «За свабоду» ды іншыя, падрыхтавалі спэцыяльны дакумэнт аб карупцыі ў Беларусі. Ён атрымаў назву «Антыкарупцыйная плятформа».

11 лютага плятформу абмеркавалі ў Воршы. Яе прэзэнтавалі эканаміст Леанід Заіка, юрыст Алена Яськова і палітык Анатоль Лябедзька.

«Наша рэгіянальная дэмакратычная суполка прапанавала арганізаваць такое мерапрыемства менавіта ў Воршы,— тлумачыць Свабодзе мясцовы актывіст Станіслаў Храпавіцкі. — Летась у нас зьнялі з працы двух намесьнікаў старшыні райвыканкаму. Абодва падазраюцца ў карупцыі. Таму гэтая тэма для нас актуальная.

Іх распытвалі: як яны лічаць, што трэба зрабіць, каб спыніць карупцыю, у якіх галінах яна найбольш распаўсюджаная? Звычайныя людзі бачаць яе ў мэдыцыне, у адукацыі, пры зваротах да чыноўнікаў.

Нам патлумачылі: асноўная карупцыя — там, дзе ідзе расьпіл бюджэту: пры розных конкурсах і тэндэрах, калі сваім аддаюць ласыя кавалкі. Яна — пры прыватызацыі, выдзяленьні зямельных дзялянак, у будаўніцтве і г.д. Але ж гэтага ў асноўным людзі ня бачаць. Таму і было вельмі цікава ўсім, задавалі мноства пытаньняў».

Станоўчыя ўражаньні засталіся ад імпрэзы і ў юрыста Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Алены Яськовай:

«Была вельмі зацікаўленая аўдыторыя. Многія зь людзей ужо раней пазнаёміліся з плятформай. І таму пытаньні задавалі вельмі цікавыя і важныя. Напрыклад, аб прававым рэгуляваньні ў нашай краіне прыватызацыі, асабліва жыльлёвага фонду.

Людзі пацьвярджалі, што і на бытавым роўні існуюць карупцыйныя праявы. І казалі: гэта не таму, што карупцыя ў крыві чалавека. А таму, што ўся сыстэма — палітычная і эканамічная — спрыяе такім праявам. Людзі зьдзіўляліся, на якім высокім роўні праяўляецца карупцыя ў нашай краіне».

А ў пятніцу, 13 лютага, антыкарупцыйную плятформу абмеркавалі ў рэдакцыі «Газеты Слонімскай» з удзелам Станіслава Багданкевіча і Анатоля Лябедзькі.

Лідэр АГП адзначае:

«Раней мы здолелі ўжо правесьці прэзэнтацыю плятформы ў Віцебску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску з удзелам грамадзянаў. Таксама адбылася прэзэнтацыя з удзелам экспэртаў у рэдакцыях некалькі газэт: „Борисовские новости“, „Ганцавіцкі час“, „Брестский курьер“, у Баранавічах — „Intex-press“.

Там мы знаходзілі месцы, якія былі, скажам так, не зусім завязаныя на дзяржаўныя прадпрыемствы».

А вось у Салігорску арганізатарам, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць, адмовілі ў памяшканьні, якое належыць мясцоваму калійнаму камбінату.

XS
SM
MD
LG