Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытая вайна ў Эўропе: баі на Данбасе ніколі ня спыняцца


Баявік «ДНР» на фоне Данецкага аэрапорту, 2016 год

Баявік «ДНР» на фоне Данецкага аэрапорту, 2016 год

З артыкулам пад такой назвай наконт расейска-ўкраінскага канфлікту і вайны ў Данбасе і заходніх санкцыяй у адказ выступіў Джэймс Койл, які займае пасаду дырэктара глябальнай адукацыі ў Чэпмэнскім унівэрсытэце і зьяўляецца старэйшым навуковым супрацоўнікам-нерэзыдэнтам Атлянтычнай рады.

Падаем скарочаны пераклад артыкула, апублікаванага на сайце Атлянтычнай Рады.

У ім аўтар піша, што «насуперак паразуменьню аб прыпыненьні баявых дзеяньняў, канфлікт на ўсходзе Ўкраіны працягваецца і разгараецца».

5 ліпеня трох украінскіх вайскоўцаў былі забітыя, а трынаццаць параненыя. Канфлікт разгарэўся наноў у студзені, калі ўкраінскія вайскоўцы паведамлялі аб 71 атацы за дзень, а Назіральная місія АБСЭ адзначыла, што сыстэмы «Град» і артылерыя зноў вярнуліся на поле бою. Украінскі вайсковы прэс-сакратар Аляксандар Матузянік паінфармаваў, што ў кожнай трэцяй атацы вораг выкарыстоўвае цяжкую зброю і мінамёты, забароненыя пагадненьнем аб перапыненьні баявых дзеяньняў.

Бальшыня новых баёў вялася вакол кантраляванай урадам Аўдзееўкі. Горад знаходзіцца каля 10 км ад данецкага штабу тэрарыстаў, на скрыжаваньні дзьвюх вялікіх дарог. Гэтае становішча дае яму вялікае стратэгічнае значэньне. Паводле намесьніка старшыні Спэцыяльнай назіральнай місіі АБСЭ Аляксандра Хуга, прычынай разгараньня канфлікту было тое, што абодва бакі былі вельмі блізка адзін да аднаго, часам нават за 50 мэтраў адзін ад другога. Ён сказаў, што былі відаць 88 танкаў баевікоў.

«Яны проста сядзелі там, узброеныя і гатовыя да атакі, у невялікай адлегласьці ад лініі сутыкненьня», – сказаў ён.

Старшыня Місіі АБСЭ Эртугруль Апакан паведаміў, што ў красавіку адзначыў найбольш парушэньняў пагадненьня за гэты год. Ён сказаў, што забароненыя пагадненьнем у Менску артылерыя і мінамёты выкарыстоўваліся і іх колькасьць пабольшала. Многія склады, дзе захоўвалася гэтая забароненая зброя, былі пустыя і цалкам пакінутыя.

Паводле Хуга, абодва бакі парушаюць пастановы Менскага пагадненьня. Ён заўважыў, што цяжкая зброя заставалася ў зоне канфлікту, абодва бакі трымаюць вязьняў, Кіеў не прызначыў амністыі сэпаратыстам, ня ўносіў паправак да Канстытуцыі аб большай аўтаноміі для ўсходніх рэгіёнаў. АБСЭ дагэтуль не магло наведаць усіх падкантрольных сэпаратыстам тэрыторый, і Расея дагэтуль не дала ўкраінскаму ўраду кантраляваць мяжу. Дарадца расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Ўладзіслаў Суркоў наведаў Данецк ў канцы красавіка і заклікаў сэпаратыстаў лепш выконваць два заданьні: гнаць урадавыя сілы далёка ад Аўдзееўкі і распаўсюджваць расейскую вайсковую і фінансавую дапамогу.

Паводле ўкраінскай выведкі, прыезд Суркова зьвязаны з абвешчаным прыбыцьцём 10 брыгады спэцыяльных сіл Расеі на поўдзень ад Данецку, вяртаньнем 24 адрамантаваных танкаў у Луганск і даставай 320 тон амуніцыі і тысячы тон дызэльнага паліва. Хоць Расея і не пацьвярджае, што яе сілы былі на гэтай тэрыторыі, але гэта засьведчыла пра хуткае аднаўленьне баявой гатоўнасьці на мяжы.

Іншае замірэньне, якое рыхтавалася да праваслаўнага Вялікадня 1 траўня, разбурылася за пару дзён. Сэпаратысты выкарысталі аўдзееўскую станцыю фільтраваньня сьцёкаў як плятформу абстрэлу, закладаючыся, што ўкраінскае камандаваньне і далей будзе стрымліваць агонь. Кіеў дасканала разумее небясьпеку, што атакам можа выклікаць выцяканьне сьмерцяноснай колькасьці хлёру ў атмасфэру. Кажа ўкраінскі кіраўнік узводу Улад Юшкевіч:

«Сэпаратысты выкарысталі станцыю фільтраваньня вады як прыкрыцьцё, каб пачаць атакаваць нас. Нам забаронена страляць у іх ў адказ. Вораг ведае гэта і выкарыстоўвае сытуацыю на сваю карысьць. Гэта вельмі няпростая сытуацыя. Расейская Фэдэрацыя ўвесь час высылае новыя гуманітарныя канвоі».

Украінская выведка кажа, што ад студзеня Расея забясьпечыла сэпаратыстаў артылерыйскімі сыстэмамі, больш чым 300 танкамі і баявых машын, а таксама сямю тысячамі тон амуніцыі.

Маштабы эскаляцыі паказваюць падзеі адной ночы 30 траўня, калі АБСЭ адзначыў 305 невядомых выбухаў на паўночным захадзе Данецку. Амэрыканскі амбасадар Джофры Р. Рает сказаў 31 траўня, што ён «быў шакаваны эскаляцыяй падзей на ўсходзе Ўкраіны апошнімі днямі».

Расейская падтрымка баевікоў дазваляе ім утрымліваць перавагу над украінскімі сіламі. Старшы супрацоўнік Дэпартамэнту абароны ЗША сказаў, што ва Ўкраіне ў красавіку было ўсё яшчэ 7000 расейскіх жаўнераў, якія былі дарадцамі баевікоў і самі бралі ўдзел у баях.

«Я думаю, што яны могуць вытрымаць так доўгі час, – сказаў ён. На нашу думку, яны лёгка пратрымаюцца 24 месяцы».

Каб змусіць Расею пакінуць Украіну, ЗША і ЭЗ мусяць мацней прыціснуць Крэмль. 1 ліпеня ЭЗ пашырыў санкцыі ў дачыненьні да Расеі да канца студзеня 2017 г., але здаецца, што еднасьць ЭЗ наконт гэтага пытаньня доўга ня вытрымае.

«Людзі стаміліся ад канфрантацыі з Расеяй. Ім не падабаецца напруга, і яны бачаць, што Ўкраіна не выйграе на фронце рэформаў», – сказаў Ульрых Шпэк з Трансатлянтычнай акадэміі. — Аднак, санкцыі не павінны быць скасаваныя, пакуль Расея ня зьменіць сваіх паводзінаў, не пакіне Данбасу і ня верне Крыму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG