Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Тамару Сяргей хочуць пазбавіць правоў кіроўцы за штраф


Тамара Сяргей, архіўнае фота

Тамара Сяргей, архіўнае фота

Каардынатарка ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Тамара Сяргей атрымала паведамленьне, што судовая вытворчасьць, распачатая супраць яе аб спагнаньні штрафу, накіраваная ў суд Цэнтральнага раёну.

Судовыя выканаўцы просяць суд пазбавіць Тамару Сяргей права кіраваць аўтамабілем праз забіраньне правоў кіроўцы за нявыплачаны штраф.

Тамара Сяргей была аштрафаваная судом Цэнтральнага раёну Менску на 40 базавых велічыняў (84.000 рублёў) за ўдзел у пікеце на плошчы Свабоды 31 сакавіка, які праводзілі актывісты ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры».

Праваабаронца назвала пакараньне незаконным і несправядлівым і адмовілася сплочваць штраф. Дзеля спагнаньня штрафу судовыя выканаўцы спрабавалі трапіць да яе дадому, каб апісаць маёмасьць, а калі гэтага зрабіць не ўдалося, то на кватэру актывісткі быў накладзены арышт.

Як паведаміла Свабодзе Тамара Сяргей, грошы на выплату штрафу ў прымусовым парадку пачалі вылічваць зь яе пэнсіі, пачынаючы ад верасьня. Гэткім чынам выкананьне судовага рашэньня аб сплочваньні штрафу распачалося. Таму новая ініцыятыва судовых выканаўцаў аб дадатковым абмежаваньні ёсьць незаконнай і зьяўляецца адмысловым ціскам і перасьледам з боку прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Днямі, таксама ў прымусовым парадку, грошы на выплату штрафаў за тыя ж вулічныя пікеты пачалі вылічваць у менскай актывісткі ініцыятывы Вольгі Юнкевіч, а таксама жыхаркі Бабруйску Валянціны Каваленкі.

Чальцы ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» цягам 2015-2016 гадоў зладзілі некалькі пікетаў на плошчы Свабоды ў Менску — пасьля дзясяткаў безвыніковых спробаў трапіць на прыём да кіраўнікоў Адміністрацыі прэзыдэнта.

XS
SM
MD
LG