Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор Украіны: забойца Шарамета быў не адзін. Журналістаў «17 канала» дапытаюць


Юры Луцэнка

Юры Луцэнка

Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што забойства журналіста Паўла Шарамета арганізавала група асобаў. Камэнтуючы відэа, якое ў пятніцу абнародавалі СМІ, Луцэнка сказаў: «Мы займаемся аналізам усіх відэаматэрыялаў, і ня толькі тых, якія вядомыя вам зь сеткі Інтэрнэт».

«Адзінае, што магу паведаміць, гэта тое, што забойца быў не адзін. Гэта была група. І частку гэтай групы мы бачым на відэа. Зараз робіцца ўсё, каб атрымаць экспэртнае заключэньне пра тып выбухоўкі, — сказаў Луцэнка ў Вужгарадзе. Ён таксама выказаў спадзяваньне, што экспэрты з ФБР дапамогуць украінскім праваахоўнікам вызначыць тып выбухоўкі, якая выкарыстоўвалася пры падрыве аўтамабіля.

Генпракурор паведаміў, што «журналісты сумнавядомага канала, якія выпадкова пасьпяваюць першымі на рэзанансныя забойствы, таксама знаходзяцца ў полі зроку праваахоўнікаў і будуць дапытаныя», — цытуе Луцэнку сайт тэлеканала «112 Украіна».

Раней украінскія СМІ пісалі, што першымі на месцы забойства Шарамета зьявіліся журналісты «17 канала», якія быццам бы накіроўваліся на запіс інтэрвію з мэрам Кіева Віталём Клічко. Гэта падалося падазроным дарадцы кіраўніка МУС Зорану Шкіраку, які заклікаў спэцслужбы праверыць дзейнасьць тэлеканала. Па словах Шкірака, Клічко яму паведаміў, што знаходзіцца за мяжой і не дамаўляўся пра інтэрвію ў дзень гібелі Шарамета.

XS
SM
MD
LG